Спусціць сцяг!

Рэакцыяй амерыканскіх уладаў і грамадзянскай супольнасці на трагедыю ў Чарльстоне стала кампанія за забарону сцяга Канфедэрацыі — дзяржавы рабаўладальнікаў Поўдня. С кожным днём гэта кампанія набірае моц.



Фармальным апраўданнем для пачатку пераследу чырвонага сцяга з сінім крыжам, на палосах якога месцяцца 13 зорак, стаў змест фотаальбому Дзілана Руфа, які праз расісцкія матывы ўчыніў страляніну ў царкве Чарльстона, забіўшы дзевяць чалавек. Капаючыся ў архіве злачынцы, следства наткнулася на яго фотавыявы з тым самым канфедэратыўным сцягам. Гэта адразу падштурхнула грамадскасць да заклікаў наконт канчатковай забароны сімволікі канфедэратаў, якая, маўляў, правакуе падлеткаў на крымінал.

Каб зразумець перспектывы цяперашняй кампаніі, трэба звярнуцца да гісторыі. Сцяг з’явіўся не адразу пасля абвяшчэння ў 1861 годзе Канфедэрацыі, якая аб’ядноўвала рабаўладальніцкія штаты. Дакладней сказаць, што дызайн сцяга, які аператыўна распрацаваў Нікола Маршал, не спадабаўся публіцы. Твор Маршала — т.зв. Stars and Bars — вельмі нагадваў сцяг ЗША, за выключэннем таго, што палосаў на ім было ўсяго тры, а зоркі, якія сімвалізуюць суб’екты аб’яднання, былі выяўленыя ў форме кругу. Не паспелі бацькі-заснавальнікі Канфедэрацыі 4 сакавіка 1861 года прызнаць Stars and Bars дзяржаўным сцягам, як у прэсе пачалася кампанія супраць «пародыі на сцяг янкі».

І ў выніку менавіта рэдактар адной з газет Уільям Томпсан стаў аўтарам новага варыянту дзяржаўнага сцяга Поўдня. Яго назвалі Stainless Banner і ў 1863 годзе афіцыйна зацвердзілі ў якасці новага сцяга.

Аднак і на гэтым спрэчкі не скончыліся. Усяму віной ваяўнічы расізм Томпсана, які выявіў сіні крыж з зоркамі на фоне белага колеру. Белы фон, як пісаў аўтар, павінен азначаць перавагу белай расы. Тыя ж, хто сядзеў у акопах, успрынялі варыянт сцяга Томпсана як намер падсунуць ім белы сцяг капітуляцыі. Яны пачалі замяняць белае поле на чырвонае, што значыла кроў, пралітую за новую дзяржаву. У выніку варыянт з чырвоным полем, або, як яго называлі, Bloodstained Banner, улады Канфедэрацыі нарэшце прынялі.

Пакуль на Поўдні мянялі сцягі, вайна наблізілася да фіналу. Пасля падаўлення паўстання сепаратыстаў пра Bloodstained Banner амаль забыліся. Лічыцца, што інтарэс да сімволікі канфедэратаў вярнуўся ў часы Другой сусветнай вайны, калі жаўнеры, якіх мабілізавалі з Поўдня, атрымалі жартоўную мянушку «паўднёвыя». «Паўднёвым», мяркуючы па ўсім, гэта спадабалася, і яны для большай ідэнтыфікацыі пачалі выкарыстоўваць стары сцяг Канфедэрацыі, які на той час ужо не ўспрымаўся як крамольны. Падобны код самаідэнтыфікацыі з часам пашырыўся па ўсім Поўдні. Для шмат каго сцяг Канфедэрацыі — гэта проста атрыбут лакальнай культуры, на які можна наткнуцца на кожным кроку.

Аднак прагрэсіўная Амерыка і камуна афраамерыканцаў, натуральна, заўсёды коса глядзелі на сімволіку Канфедэрацыі. Акрамя таго, што Bloodstained Banner па-сутнасці ўскосна культывуе змрочную старонку гісторыі, калі частка амерыканцаў была людзьмі другога гатунку, ён яшчэ і выступае мабілізуючым фактарам. Чырвоны сцяг з блакітным крыжам засвяціўся падчас усіх праяў расізму — пачынаючы ад вылазак арганізацыі Ку-Клус-Клан і заканчваючы пратэстамі супраць вучобы чарнаскурых у адных школах з белымі. У 1950–1960-я гады ўніверсітэты, якія не жадалі прымаць чорных студэнтаў, выкідвалі над будынкам сцяг Канфедэрацыі.

У тыя ж часы назіралася цікавая з’ява, калі негалоснай формай пратэсту супраць пашырэння правоў афраамерыканцаў у грамадстве стала прававое замацаванне канфедэратыўнай сімволікі. У той жа Паўднёвай Караліне ў 1962 годзе сцяг канфедэрацыі стаў афіцыйным і быў узняты над мясцовым Капітоліем. Прычым гэта было не проста эмацыйнае разавае рашэнне, а старанна выпрацаваны па ўсіх пунктах закон. Напрыклад, адзін з пунктаў закону патрабуе, каб сцяг лунаў на вышыні не менш за 9 метраў і ўздымалі яго з дапамогай спецыяльнага прыстасавання.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што канфедэратыўны сцяг з’яўляецца элементам сцягоў або гербаў штатаў рэгіёну. Напрыклад, яго выява прысутнічае на штандары штату Місісіпі. Ніхто ніколі не хаваў, што базай для дызайну сцягоў Паўночнай Караліны і Джорджыі былі сцягі аўтарства Маршала і Томпсана.

Адначасова прыхільнікамі сімволікі Канфедэрацыі распрацаваны цэлы пласт тэорый, якія закліканыя легітымізаваць сепаратысцкую сімволіку. Згадваецца пра той факт, што Bloodstained Banner — афіцыйна прызнаны дзяржаўным сцягам літаральна напярэдадні заканчэння вайны — не паспеў упрыгожыць у той час ніводную афіцыйную ўстанову. Або, напрыклад, прапануецца цікавая філасофская дактрына пра тое, што сцяг Канфедэрацыі трэба пакінуць у спакоі, паколькі ён нагадвае ўладам пра паўстанне, права на якое — абавязковы складнік амерыканскай грамадзянскай свядомасці.

Нягледзячы на ўсе апісаныя складанасці, Белы дом — галоўны ініцыятар цяперашняй вайны супраць сцяга сепаратыстаў — настроены вельмі рашуча. На днях Барак Абама публічна заявіў, што месца канфедэратыўнага сцяга ў музеі.

Перспектывы ў новага крыжовага паходу супраць сімволікі сепаратыстаў не такія ўжо безнадзейныя. Па-першае, на баку яго ініцыятараў Федэральны суд. На мінулым тыдні федэральныя суддзі канчаткова забаранілі прадпрымальнікам з Тэхасу выяўляць сімволіку Канфедэрацыі на талерках. Па-другое, стаўленне да сцяга Канфедэрацыі сярод простых амерыканцаў, якія напужаныя выхадкамі ўзброеных расістаў, становіцца ўсё больш адмоўным. Калі ў 2011 годзе толькі 30 працэнтаў амерыканцаў бачылі ў Bloodstained Banner сімвал расізму, то ў мінулым годзе такіх было ўжо 44 працэнты. 

Каментаваць