Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Страчаны партрэт, створаны Рубенсам, выявілі праз 400 гадоў

Партрэт пэндзля легендарнага фламандскага жывапісца Пітэра Паўля Рубенса выявілі ў нечаканым месцы праз 400 гадоў пасля яго стварэння.
Напісаны вобраз герцага Бэкінгэма пэндзля фламандскага мастака XVII стагоддзя быў ідэнтыфікаваны доктарам Бэндорам Гровенарам, вядучым праграмы «Страчаныя шэдэўры» на тэлеканале BBC Four.

Доўгія гады палатно знаходзілася ў калекцыі Музеяў Глазга і нават выстаўлялася публіцы ў дваранскім музеі-сядзібе Поллак-хаўс.

Але перафарбоўванне партрэта і бруд, які пакрываў яго цягам стагоддзя, прымушала музейшчыкаў думаць, што гэта копія з арыгіналу, зробленая іншым мастаком пасля смерці аўтара.

Адноўлены партрэт Джорджа Вільерса, першага герцага Бэкінгэма, прызнаў сапраўдным і Бэн ван Бэнэдэн, дырэктар Дома Рубенса ў Антвэрпэне.

Ён сказаў, што гэты рэдкі дадатак да збору партрэтаў Рубенса, шмат у чым раскрывае яго творчы метад у гэтым жанры.


Доктар Гровенар заўважыў: «Магчымасць выявіць партрэт ключавой постаці ў брытанскай гісторыі працы аднаго з найвялікшых мастакоў, якія калі-небудзь жылі, захапляе».

Дэвід Макдональд, старшыня дабрачыннай мастацка-дасугавай арганізацыі Glasgow Life, заявіў: «Нядзіўна, што мы ў захапленні ад выяўлення карціны Рубенса, мастака, вядомага ва ўсім свеце, і наогул аднаго з самых важных мастакоў у гісторыі».

Партрэт герцага ў дублеце — прыталеным жакеце — з вытанчаным карункавым каўняром і поясам датуецца прыкладна 1625 годам.

У пачатку XVII стагоддзя Джордж Вільерс лічыўся неадназначнай фігурай, якая ўзляцела па сацыяльнай лесвіцы з дробных дваран у фаварыты Якава I, вядомага ў Шатландыі як Якаў VI.

Гісторыкі дагэтуль ламаюць дзіды адносна адносін гэтых мужчын. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што яны былі палюбоўнікамі, а іншыя лічаць, што гэта была блізкая платанічная дружба.

Пры рэстаўрацыйных працах у Эпеторпскім палацы ў графстве Нортгемптоншыр — упадабанай рэзідэнцыі манарха — спецыялісты Камісіі па гістарычных будынках і помніках Англіі выявілі таемны праход паміж спальнямі абодвух мужчын.

Фон партрэта Бэкінгема пэндзля Рубенса і напраўду перафарбаваў невядомы мастак у больш позні час, а затым на карціне сотні гадоў збіраліся пыл і бруд, якія змянілі сапраўдны выгляд шэдэўра фламандскага майстра.

Але навуковы аналіз дрэва, на якім ён быў напісаны, дазволіў датаваць яго перыядам з 1620 па 1630 год, і пацвердзіў, што ў яго ёсць усе характэрныя для іншых работ Рубенса асаблівасці падрыхтоўкі матэрыялу для наступнага роспісу.

Дадатковая ачыстка верхняга пласта і рэнтгенаўскія здымкі валасоў канчаткова даказалі, што перад спецыялістамі не копія, а арыгінал.

Далей карцінай заняўся заслужаны рэстаўратар Сайман Гілеспі, вярнуўшы ёй першапачатковы выгляд.

28 верасня партрэт будзе выстаўлены на ўсеагульны агляд у Мастацкай галерэі Келвінгроўв ў Глазга.

Паводле bbc.com

Каментаваць