Страйк у пустыні

У Казахстане — самая вялікая забастоўка ў нацыянальнай гісторыі. Пачынаючы з мая бастуюць нафтавікі Мангышлаку. Пра падрабязнасці забастоўкі, пра рэакцыю ўлады і грамадства на страйк журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Рынатам Сайдуліным.

— З-за чага пачалася забастоўка?



У Казахстане — самая вялікая забастоўка ў нацыянальнай гісторыі. Пачынаючы з мая бастуюць нафтавікі Мангышлаку. Пра падрабязнасці забастоўкі, пра рэакцыю ўлады і грамадства на страйк журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Рынатам Сайдуліным.

— З-за чага пачалася забастоўка?

— Пратэсты ў нафтавай галіне — самыя працяглыя за ўсю гісторыю Казахстана — пачаліся ў маі, калі працоўныя запатрабавалі падвышэння заработнай платы і стварэння незалежных прафсаюзаў, паколькі не давяралі афіцыйным. Калі кіраўніцтва іншаземных кампаній — уладальнікі прадпрыемстваў — праігнаравала іх патрабаванні, некаторыя нафтавікі абвясцілі галадоўку. Яна выклікала, у сваю чаргу, страйк салідарнасці, які хутка перарос у бестэрміновы страйк. Называюцца розныя лічбы пратэстуючых — ад 2 да 12 тысяч. Мяркую, бастуе каля пяці тысяч чалавек.

— Які сацыяльны стан сярэдняга казахскага нафтавіка?


— Перш за ўсё варта згадаць, што ўяўляе Мангышлак. Усе прадукты тут — прывазныя, улетку — спякота за сорак градусаў, узімку — маразы, круглы год — пясчаныя буры. Таму заробкі тут заўсёды былі вышэй, чым у сярэднім па рэспубліцы. Самі нафтавыя кампаніі, на якіх ідзе страйк, сістэматычна скідаюць у медыя прэс-рэлізы, у якіх прыводзяць разлікі заробкаў нафтавікоў, якія відавочна перавышаюць сярэднестатыстычныя паказчыкі па Казахстане — да 1500–2000 долараў ЗША. Але нават гэтыя высокія заработныя платы атрымліваюць толькі высокакваліфікаваныя супрацоўнікі — абслуговы і тэхнічны персанал зарабляе ў два–тры разы менш, а якраз яны і складаюць касцяк страйкоўцаў. У сярэднім зарплата нафтавіка на Мангышлаку каля 60 тысяч тэнге (прыкладна 410 долараў ЗША) у месяц.

— Як бачым, забастоўка пачыналася пад сацыяльнымі лозунгамі. Чаму ўлада не ўмяшалася ў канфлікт і не ўрэгулявала яго?

— Першапачаткова патрабаванні пратэстуючых былі, сапраўды, выключна сацыяльныя і эканамічныя. Увогуле, яны датычацца адносін калектываў з кіраўніцтвам розных кампаній. Аднак казахстанскія ўлады спрыялі ўзмацненню напружанасці, паколькі аказаліся не ў стане адразу ўрэгуляваць пытанні і не даводзіць справу да канфрантацыі, а таксама дазволіўшы паліцэйскі гвалт супраць рабочых. За два месяца, на працягу якіх у Заходнім Казахстане праходзяць страйкі і галадоўкі нафтавікоў, ніхто з дэпутатаў казахстанскага парламента так і не знайшоў час, каб сустрэцца з пратэстуючымі. У выніку акцыя пратэсту, якая пачыналася як вузкая і лакалізаваная, пачала набываць палітычны фармат. Так, каля 3000 нафтавікоў адмовіліся ад сяброўства ў прэзідэнцкай партыі «Нур Атан». Падобны сыход з партыі ў Казахстане мае сімвалічнае значэнне. У дадатак у справу ўмяшаліся апазіцыйныя партыі Казахстана, што надало сітуацыі палітычную афарбоўку.

— Як вядома, міжнародны розгалас страйкаў прывёў да таго, што брытанскі рок-спявак Стынг адмяніў ліпеньскі канцэрт у сталіцы Казахстана Астане. Як самі ўлады рэагавалі на ўчынак музыкі?


— Сапраўды, гэта быў шок для ўлады. Уся Астана была завешана плакатамі напярэдадні прыезду Стынга. Ён быў цвіком святочнай праграмы ў гонар дня нараджэння Назарбаева. І раптам канцэрт адмяняецца. Афіцыйныя крыніцы ў Казахстане спачатку сцвярджалі, што выступы адменены па тэхнічных чынніках. Пасля ўзнікла новая версія. Рашэнне адмяніць канцэрт звязалі з інтрыгамі збеглых казахстанскіх алігархаў. Аднак праўду схаваць цяжка. Людзі віталі ўчынак рок-зоркі. У брытанскае пасольства сталі пісаць лісты, каб Стынг публічна асудзіў нейкія іншыя несправядлівасці, якія адбываюцца ў краіне. У інтэрнэце ўзнік­ла нават ініцыятыва за тое, каб абраць Стынга прэзідэнтам Казахстану.

— Ці змянілася тактыка ўлады пасля таго, як забастоўка набыла больш выразны палітычны фармат?

— Маштаб і працягласць пратэстаў, відавочна, былі для ўлады сюрпрызам. Спатрэбіўся нейкі час, каб улада прыйшла ў сябе і пачала дзейнічаць. Вырашылі адказаць суровымі мерамі. З пачатку страйку было звольнена прынамсі 400 працоўных. У двух выпадках узброеная дубінкамі паліцыя ўварвалася ў лагер пратэстуючых. 2 жніўня быў знойдзены забітым прафсаюзны актывіст Жаксылык Турбаеў. Дагэтуль у паліцыі няма падазраваных. 8 жніўня Наталля Сакалова, юрыст прафсаюза, была асуджана на шэсць гадоў турмы за «распальванне сацыяльнай нянавісці». 16 жніўня лідар незалежнага прафсаюза Акжанат Амінаў атрымаў год пазбаўлення волі ўмоўна. Меў месца падпал хаты намесніка прафсаюзу, а таксама збіванне невядомымі жонак нафтавікоў.

— Рэпрэсіі зламалі нафтавікоў?

— Не. Яны проста замацавалі распаўсюджаную думку пра тое, што ўрад займае процілеглы бок у гэтым канфлікце. Пратэсты працягваюцца. Кожны дзень на плошчы перад адміністрацыяй гораду, дзе жывуць нафтавікі, працягваюць збірацца да тысячы бастуючых працаўнікоў. З наступам вячэрняй прахалоды колькасць мітынгуючых павялічваецца ў некалькі разоў.

— Як падаецца забастоўка ў афіцыйных медыя?

— Пачалася прапагандысцкая кампанія супраць акцыі. Навязваецца думка, што нафтавікі пратэстуюць пад уплывам вонкавых сіл. Быццам іх выкарыстоўвае апазіцыя для нейкіх сваіх вузкіх палітычных планаў. Пужаюць тым, што ў нафтавікоў, якія не атрымліваюць зарплату на працягу 2–3 месяцаў, абавязкова пачнуцца праблемы ў сям’і. Распаўсюджваюцца дзікія чуткі. Напрыклад, пра тое, што нафтавікі ў якасці сродку ціску на ўлады вырашылі не адпускаць сваіх дзяцей 1-га верасня ў школу. У СМІ даюць словы шматдзетным маці, ветэранам вайны і працы, якія крытыкуюць забастоўшчыкаў. Кшталту, як можна кінуць працу, на якой працаваў, выйсці на вуліцу і спакойна разваліцца пад дрэвамі ў цяньку?! Быццам забастоўка — гэта «добрая нагода» нічога не рабіць. Аднак такая кампанія мае слабы эфект.

— Якія перспектывы рашэння канфлікту?

— Тое, што доўгае супрацьстаянне паміж бастуючымі працаўнікамі нафтавай галіны Казахстана і кіраўніцтвам карпарацый зайшло ў тупік, здаецца, прызнаюць усё — і самі забастоўшчыкі, і працадаўцы, і ўлады. Але ніводны з бакоў не жадае ісці на саступкі. Асабліва гэта тычыцца ўлады. Перамога нафтавікоў можа стаць сігналам для іншых працоўных калектываў. Дастаткова згадаць, што ўлетку, нягледзячы на шантаж і запалохванне ўлады ў падтрымку забастоўшчыкаў Мангышлаку выступілі калектывы шэрагу буйных прадпрыемстваў. Напрыклад, самая вялікая ў краіне горнарудная кампанія «АрселорМіттал Тэміртау». Заявы рабочых утрымліваюць не толькі словы салідарнасці, аднак і прэтэнзіі — нізкая і няроўная аплата, дрэнныя ўмовы працы, пераслед прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў.
 

Каментаваць