Страсці па каралю

Ажыятаж вакол нараджэння нашчадка брытанскага трону ажывіў манархісцкі рух у Польшчы. Пару гадоў таму «Neesweek» склаў хіт-парад экзатычных партый, якія дзейнічаюць у краіне. Кампанію «Партыі агуркоў», «Эратычнай партыі» склаў «Манархісцкі рух» з Лешакам Вярхоўскім на чале.



Лешак Вярхоўскі прысвоіў сабе тытул рэгента і вялікага князя і патрабуе, каб яго называлі «Ваша каралеўская высокасць».

Аднак цяпер тон дыскусіі наконт манархіі змяніўся. Па-першае, як часта бывае ў часы крызісаў, у грамадстве ўзнікае ілюзія таго, што праблемы можа вырашыць выключна моцная рука. Па-другое, апошнім часам у Польшчы зноў абвастрылася традыцыйнае супрацьстаянне паміж лібераламі і кансерватарамі. Адсюль набірае папулярнасць ідэя арбітражу — інстытуцыі, якая стаяла б над міжпартыйнымі бітвамі, аб’ядноўвала нацыю. Як паказваюць апытанні ў той жа Вялікабрытаніі, менавіта наяўнасць каралевы нейкім чынам супакойвае людзей, дае ім веру ў будучыню. Ну і, нарэшце, сваю ролю адыграла сюсюканне ва ўсіх СМІ вакол нядаўна народжанага брытанскага каралеўскага немаўляці. Папаўненне ў сям’і Вінздар выклікала інтарэс да польскай манархісцкай спадчыны.

І тут нечакана высветлілася, што нават у такой рэспубліканскай краіне, як Польшча, манархісцкая думка заўсёды існавала. Славутая майская Канстытуцыя (першы ў Еўропе і другі ў свеце пасля Канстытуцыі ЗША асноўны закон, зафіксаваны пісьмова) абвяшчала не рэспубліку, а канстытуцыйную манархію. У часы напалеонаўскіх войнаў пасля стварэння Варшаўскага герцагства вялікая частка грамадства жадала бачыць на троне славутага палкаводца Ёзэфа Панятоўскага. Пасля выбуху і падаўлення лістападавага паўстання высока каціраваліся шансы лідара палітычнай эміграцыі князя Адама Чартарыйскага, які вядзе свой род ад Гедыміна.

Палякі ледзь не атрымалі караля ўвосень 1917-га, калі немцы, якія выбілі з Польшчы рускіх, заснавалі т. зв. рэгенцкую раду. Рада, паводле статуту, часова замяшчала кіраўніка Польскага каралеўства. Аднак, як вядома, у выніку Германія вайну прайграла, а Рада перадала ўладу Пілсудскаму. Менавіта аўтарытарны стыль кіравання апошняга ў 1920–1930-я гады натхніў наступную генерацыю польскіх манархістаў. У 1930-я гады паўстаў рух за ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнай манархіі, якую, дарэчы, разглядалі як панацэю ад набіраючага моц фашысцкага руху. Існавалі манархісты і ў сацыялістычнай Польшчы. Так, пасля абрання Караля Вайтылы на пасаду пантыфіка, некаторыя патрабавалі, каб яго ў дадатак абвясцілі каралём палякаў.

Пасля краху камуністычнага рэжыму манархісцкія ініцыятывы ў Польшчы легалізаваліся. Сёння ў краіне існуюць некалькі полюсаў манархісцкага руху. Найбольш заўважныя — «Кансерватыўна-манархісцкі клуб», арганізацыя «Манархісты Польшчы», «Агульнапольскі манархісцкі канвент», польская «Манархісцкая ліга», «Унія польскіх манархісцкіх аб’яднанняў». Паводле ацэнак палітолагаў, колькасць сяброў пералічаных арганізацый — некалькі тысяч чалавек. Як правіла, у палітычным ландшафце яны займаюць вельмі правыя пазіцыі. Некаторыя нават крытыкуюць дастаткова кансерватыўны мясцовы Касцёл за лібералізм і адкрыта сімпатызуюць артадаксальным каталіцкім сектам.

Галоўным чынам манархісцкія арганізацыі займаюцца агітацыйнай і інтэлектуальнай працай — выдаюць часопісы, вядуць сайты, намагаюцца ўплываць на курс правых партый, рэкрутуюць моладзь з клубаў рэканструктараў рыцарскага руху. Асобны від іх дзейнасці — раздача шляхецкіх тытулаў. Так, паводле статуту «Уніі польскіх манархісцкіх аб’яднанняў», кожны сябра партыі аўтаматычна станавіўся шляхціцам.

Натуральна, як і ўсе маргіналы, манархісты любяць спрачацца. Галоўны яблык разладу ў тусоўцы польскіх манархістаў — пытанне пра тое, хто павінен заняць польскі трон. Па-першае, існуе фракцыя прыхільнікаў саксонскай дынастыі. Цікава, што ў 1990-я гады Анджэй Лепер, лідар партыі «Самаабарона», лабіраваў маштабны тур главы саксонскага дому па Польшчы. Не адмаўляюцца ад амбіцый на польскую карону і іншыя каралеўскія роды — пармскія Бурбоны, Габсбургі, Кобургі і г.д.

Сярод кандыдатаў фігуруюць і Раманавы. Як вядома, у 1815 годзе Аляксандр Першы дадаў да рэестру сваіх шматлікіх тытулаў і тытул «Кароль Польскі». Прычым польскі трон расійскі імператар заняў з санкцыі Венскага кангрэсу, дзе былі прадстаўленыя манархі ўсёй Еўропы. Падчас лістападавага паўстання інсургенты правялі акт дэтранізацыі — пазбавілі Мікалая ІІ тытула караля Польшчы, аднак з дапамогай генерала Паскевіча той хутка аднавіў статус-кво. Раманавы фармальна былі польскімі каралямі аж да Лютаўскай рэвалюцыі.

Акрамя легітымістаў (тых, хто патрабуе перадаць карону прадстаўнікам аднаго з родаў, якія пабывалі на польскім троне) існуе і іншая фракцыя, якая выступае за тое, каб заснаваць польскую каралеўскую дынастыю, што называецца, з нуля. Прапануецца правесці канстынг арыстакратаў, якія хочуць заняць трон, і па нейкі крытэрах абраць пераможцу. Адзінае патрабаванне для канкурсантаў — прыналежнасць да нейкага вядомага еўрапейскага каралеўскага дому плюс каталіцкае веравызнанне.

Нарэшце, сярод манархістаў ёсць яшчэ адна забаўная група, якая выступае за тое, каб польскім каралём стаў нейкі святы. Так, палітык кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) Артур Гурскі нейкі час выступаў за тое, каб каралём Польшчы абвясцілі Ісуса Хрыста. Такі крок, на думку Гурскага, можа дапамагчы ўладзе стаць больш духоўнай. Праўда, ёсць у Гурскага апаненты. Так, некаторыя актывісты той жа PiS патрабавалі, каб каралевай Польшчы стала Боская маці.

Усе гэтыя планы манархістаў так ці інакш упіраюцца ў адну праблему. Якім чынам рэспубліканская Польшча трансфармуецца ў Польскае Каралеўства? Адзіны лагічны адказ — такое рашэнне павінен прыняць Сейм. Таму, як не дзіўна, польскія манархісты вельмі часта спрабуюць пралезці ў заканадаўчыя органы ненавіснай ім рэспублікі. Далей за ўсіх пайшоў ужо згаданы вышэй Лешак Вярхоўскі. У 1995 годзе ён вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, каб у выніку перамогі пачаць манархічныя рэформы. Аднак патрэбнай колькасці подпісаў так і не сабраў. Магчыма, з улікам цяперашняй хвалі інтарэсу да манархіі, ён або іншы палітык-манархіст паспрабуе паўтарыць той крок.

Напрыканцы варта ўзгадаць пазіцыю польскіх манархістаў па Беларусі і Украіне, якія калісьці ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Не так даўно адна з манархісцкіх арганізацый Польшчы падпісала дамову з прэтэндэнтам на ўкраінскі трон нейкім Алелькам Другім. Адпаведна ёй, польская і ўкраінская манархіі, калі яны, натуральна, паўстануць, будуць прызнаваць цяперашняю дзяржаўную мяжу паміж Польшчай і Украінай. Што тычыцца Беларусі, то ў нас прэтэндэнтаў на трон, здаецца, пакуль няма. Таму і дамаўляцца няма з кім. Праўда, на старонках манархісцкай прэсы Польшчы вельмі крытыкуюць цяперашні польскі МЗС за наезды на Лукашэнку. Няўжо польскія манархісты пабачылі ў ім патэнцыйнага кандыдата на беларускую карону? 

Каментаваць