Студэнты ідуць на вуліцы

Францыю ахапілі пратэсты супраць пенсійнай рэформы, авангардам якіх з’яўляецца студэнцкі прафсаюз (UNEF) і вучні ліцэяў.

Рух супраць пенсійнай рэформы Сарказі стартаваў яшчэ ў сакавіку гэтага года. Нагадаем, што сутнасць прапанаваных зменаў заключаецца ў тым, каб з 2018 года ўзняць тэрмін выхаду працоўнага француза на пенсійны адпачынак: з 60 да 62 гадоў. Такім чынам урад мае надзею часткова вырашыць праблему бюджэтнага дэфіцыту. Па разліках спецыялістаў, з улікам росту працягласці жыцця на аплату пенсій у 2020-х гадах спатрэбіцца да 58 працэнтаў ВУП.



Францыю ахапілі пратэсты супраць пенсійнай рэформы, авангардам якіх з’яўляецца студэнцкі прафсаюз (UNEF) і вучні ліцэяў.

Рух супраць пенсійнай рэформы Сарказі стартаваў яшчэ ў сакавіку гэтага года. Нагадаем, што сутнасць прапанаваных зменаў заключаецца ў тым, каб з 2018 года ўзняць тэрмін выхаду працоўнага француза на пенсійны адпачынак: з 60 да 62 гадоў. Такім чынам урад мае надзею часткова вырашыць праблему бюджэтнага дэфіцыту. Па разліках спецыялістаў, з улікам росту працягласці жыцця на аплату пенсій у 2020-х гадах спатрэбіцца да 58 працэнтаў ВУП.

У сваю чаргу, прафсаюзы і левая апазіцыя ацэньваюць ідэю Сарказі як сацыяльна несправядлівы праект, паколькі праблему дэфіцыту можна было хутчэй вырашыць за кошт павелічэння падаткаў на багацце і кантролю над рухам банкаўскага капіталу. У дадатак, выхад на пенсію ў 60 гадоў — гэта было адным з гістарычных патрабаванняў працоўнага руху, рэалізаваных пасля прыходу да ўлады Франсуа Мітэрана.

За гэты час прафсаюзы здолелі мабілізаваць некалькі мільёнаў чалавек. Аднак 7 кастрычніка адчыніла новую старонку цяперашніх пратэстаў. На вуліцу выйшлі вучні ліцэяў і студэнты. Гэта адразу пагоршыла паліцэйскую статыстыку. З усёй Францыі прыходзілі паведамленні пра новыя выпадкі вулічных сутыкненняў паліцыі і маладых маніфестантаў. Тыя бойкі ўжо выклікалі вялікую грамадскую палеміку. Прэзідэнцкая парламенцкая большасць вінаваціць апазіцыю ў тым, што яна прымушае моладзь рызыкаваць здароўем. Апазіцыя адказвала : «Маладыя дзейнічаюць свядома і ведаюць, чаму яны выходзяць на вуліцу».

Галоўная фішка студэнцкіх лідэраў — у цікавай арыфметыцы. Адпаведна лічбам, калі сталыя людзі будуць працаваць яшчэ два гады, колькасць маладых кадраў на прадпрыемствах будзе скарачацца ў сярэднім на 1 мільён штогод. На рынку і так шмат маладых беспрацоўных, якія гатовыя за малыя грошы працаваць пагадзінна. Цяпер кошт іх працы з-за наплыву новых канкурэнтаў будзе яшчэ танней. Студэнцкія правадыры лічаць, што пры такой схеме маладыя людзі змогуць уладкавацца на сталую працу толькі ў гадоў у 30.

Выхад моладзі на вуліцу значыць пераход канфлікту вакол рэформы ў самую гарачую стадыю.

Увогуле, гісторыя студэнцкіх бунтаў даўно з’яўляецца часткай французскай палітычнай культуры. Самае парадаксальнае, што студэнцкія прафсаюзы ўзніклі як праект маладых кансерватараў. У 1909 годзе ў Лілі аформілася Генеральная студэнцкая асамблея (AGE), якая супрацоўнічала з царквой. Больш таго, пасля падзення Трэцяй рэспублікі ўлетку 1940 года AGЕ вітаў стварэнне рэжыму Вішы.

Пасля вайны AGE ператварыўся ў масавую студэнцкую арганізацыю левай арыентацыі. Перш за ўсё новыя кіраўнікі прафсаюзу змянілі яго назву, якая, на іх думку, мела асацыяцыю з фашызмам. Замест AGE прафсаюз пачаў называцца UNEF. У левым духу перапісалі і статут арганізацыі. «Студэнт — гэта пралетарый, які працуе інтэлектуальна», — гаворыцца ў яго прэамбуле.



Пераход на левыя пазіцыі выклікаў пратэст з боку правай фракцыі. Падзелу спрыяла вайна ў Алжыры. Як і ўся Францыя, сябры прафсаюзу падзяліліся на прыхільнікаў незалежнага Алжыру і крытыкаў. Правадыром правых быў Жан-Мары Ле Пэн, будучы заснавальнік Нацыянальнага фронту. У 1956 годзе ён і яго кампанія пакінулі прафсаюз і заснавалі Федэрацыю французскіх студэнтаў, якая падтрымала ўрад. Аднак выпрабаванне часам федэрацыя не вытрымала.

Менавіта студэнты справакавалі славутую Майскую рэвалюцыю 1986 года. Дарэчы, традыцыя рэгулярна выходзіць на вуліцу ўзнікла толькі ў 1986 годзе, калі пры левым прэзідэнце Мітэране ўзнік правы кабінет галістаў.

Той пратэст быў выкліканы замахам на аўтаномію ВНУ. Праз тры тыдні пратэстаў студэнты перамаглі: міністр адукацыі сышоў у адстаўку разам са сваім законапраектам. Аднак перамога была аплачана смерцю 16-гадовага хлопца, забітага паліцэйскімі. Менавіта пасля таго, як мільён чалавек маўкліва прайшоўся па Лацінскаму кварталу ў памяць пра забітага, міністр быў вымушаны напісаць рапарт з просьбай пра адстаўку.

У 1994 годзе прафсаюзы мола­дзі мабілізаваліся супраць праекта ўвесці так званы Кантракт прафесійнага ўключэння (CIP). Яго ідэя ў тым, што выпускнік ВНУ павінен быў атрымліваць меншы заробак, чым дарослы працоўны. У сакавіку, пасля серыі маніфестацый, прэм’ер-міністр адмовіўся ад гэтай ідэі.

1999-ы навучальны год пачаўся з таго, што міністр адукацыі Клод Алегрэ патрабаваў «зрабіць менш тлустым маманта, які называецца Міністэрства адукацыі». Гаворка была пра тое, каб скараціць фінансаванне настаўнікам. У адказ дзясяткі тысяч настаўнікаў абвясцілі пратэст. Іх падтрымалі студэнты. Закон праваліўся.

Увесну 2005 года праект рэформы адукацыі Франсуа Фіёна, міністра адукацыі зноў вывеў студэнтаў на вуліцы. Гэта стала пралогам пратэстаў 2006 года супраць Закона аб кантракце першага найму. Яго ідэя была ў тым, каб малады спецыяліст меў меншыя сацыяльныя гарантыі і не меў права пераглядзець кантракт на працягу двух гадоў. Дэманстрацыі прымусілі ўрад зноў адступіць. Каб замяць справу, прэзідэнт Жак Шырак прыняў такую рэдакцыю закону, у якой пра кантракт першага найму няма ні слова.

У 2007 годзе ўпершыню ў гісторыі баставала палова з 85 універсітэтаў. Яны дабіваліся адмены новага закона аб універсітэтах. У 2008-м яны адправілі ў архівы яшчэ адзін законапраект — радыкальную рэформу ліцэяў.

З такімі багажом студэнты і ўлада падышлі да кастрычніка 2010 года. Якой будзе вынік цяперашняй бітвы?

Эрык Вёрт, міністр працы, кажа, што будзе ісці са сваім законам пра пенсіі да самага канца. Яму супярэчыць левая газета «Liberation»: «Удзел моладзі з вулічных акцыях паралельна з забастоўкамі ў вядучых сектарах можа змяніць сітуацыю».

Між тым, шмат хто баіцца, што любыя сутычкі моладзі з паліцыяй могуць закончыцца трагедыяй 1986 года, калі хтосьці са студэнтаў будзе забіты. Улады намагаюцца перакласці ўсю маральную адказнасць за акцыі студэнтаў і іх наступствы на левых. У сваю чаргу, Сегален Руаяль, адзін з лідэраў сацыялістаў, заклікала студэнтаў «пратэставаць, аднак выключна мірнымі сродкамі».

Наступная мабілізацыя UNEF прызначана на канец гэтага тыдня.

Каментаваць