Суд прызнаў Надзею Саўчанка вінаватай

Прысуд пачалі абвяшччаць сёння, 21 сакавіка, у 11 гадзін раніцы. Пракурор патрабуе для Саўчанка 23 гады калёніі. Прысуд мае быць абвешчаны 21–22 сакавіка.



У панядзелак, 21 сакавіка ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці пачалося абвяшчэньне прысуду ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы.

Тройка судзьдзяў прызнала яе вінаватай у забойстве журналістаў ВГТРК Ігара Карнелюка і Антона Валошына, а таксама ў замаху на забойства мірных жыхароў і незаконным перасячэньні мяжы Расеі, перадае РБК.

Колькі год дасць Саўчанка расійскі суд, можа стаць вядома 21 ці 22 сакавіка. Пракурор патрабуе для яе 23 гады калоніі.

Як адзначаецца ў прысудзе, летам 2014 года Саўчанка, «маючы навыкі ваеннай падрыхтоўкі, а таксама досвед удзелу ў баявых дзеяннях у Іраку, знаходзячыся ў адпачынку, з асабістай ініцыятывы з мэтай удзелу ва ўзброеным сутыкненні на паўднёвым усходзе Украіны, прыбыла ў батальён „Айдар“ пад камандаванне Сяргея Мельнічука, размяшчалася ў горадзе Шчасце Луганскай вобласці».

Саўчанка, мяркуе расійскі суд, добраахвотна вырашыла ўдзельнічаць у артылерыйскіх ударах з гаўбіц Д-30 «супраць мірных грамадзянаў, якія адмовіліся прызнаць легітымнасць дзейнай украінскай улады і якія пажадалі стварыць адасобленую рэспубліку». Яна перадала ў батальён каардынаты цэлі для абстрэлу. Арганізатарам забойства расійскіх журналістаў называецца камандзір батальёна «Айдар» Сяргей Мельнічук.

Пазней Саўчанка, паводле версіі следства, «незаконна перасекла расійскую мяжу» і «была затрыманая ў Варонежскай вобласці». Ад ліпеня 2014 года Саўчанка ўтрымліваецца ў расійскім СІЗА.

 

www.svaboda.org

Каментаваць