Суэц, Панама, Стамбул

Эрдагану, як вядома, у народзе далі мянушку «Султан». Гэта, напэўна, прымушае палітыка час ад часу параўноўваць сябе з былымі турэцкімі султанамі. Магчыма, у аднаго з іх ён і падглядзеў ідэю пракапаць канал, паралельна Басфору.


Эрдагану, як вядома, у народзе далі мянушку «Султан». Гэта, напэўна, прымушае палітыка час ад часу параўноўваць сябе з былымі турэцкімі султанамі. Магчыма, у аднаго з іх ён і падглядзеў ідэю пракапаць канал, паралельна Басфору. Упершыню праект паўстаў яшчэ ў часы Сулеймана Цудоўнага (1520– 1566). Пры Мурадзе III (1574–1595) быў выдадзены адпаведны фірман (загад) аб пачатку працаў, аднак далей справа так і не рушыла. Абмяркоўвалася гэта ідэя і пры больш позніх султанах, аднак без усялякай канкрэтыкі.

Новая фаза НТР, якая прыйшлася на часы краху султанату і абвяшчэння Турэцкай рэспублікі, дала чарговы імпульс фантазіям на гэты конт. Найбольш буйны праект быў прапанаваны ў 1925 годзе нямецкім архітэктарам Германам Зёргелем. Ён прапаноўваў перагарадзіць гідраэлектрычнай дамбай Гібралтарскі праліў, а другой дамбай перакрыць Дарданэлы. У выніку ўзровень вады ў Міжземным моры панізіўся б прыблізна на 100 метраў. Такім чынам меркавалася не толькі атрымліваць электраэнергію, але і падаваць ваду ў Сахару, каб яна стала прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Еўропа і Афрыка сталі б адным кантынентам — Атлантропай, а замест Міжземнага мора з’явілася б штучнае мора. План Зёргеля патрабаваў згоды буйных дзяржаў, якія яўна не былі гатовыя да такой задумы. Акрамя таго, абурыліся жыхары еўрапейскага Поўдня, якія не ўяўлялі сваё жыццё без мора.

Прыкладна з 1990-х гадоў стартавала новая хваля інтарэсу да ідэі «другога Басфора», які завочна атрымаў назву «Стамбул». Самае цікавае, што спачатку з гэтай ідэяй насіліся левыя турэцкія партыі, апанентам якіх выступаў Эрдаган і яго «Партыя справядлівасці і развіцця» (AKP). Такая дыспазіцыя прымушала Эрдагана крытыкаваць ідэю каналу, публічна называць яго «глупствам».

Пазіцыя AKP кардынальна змянілася пару гадоў таму, калі яе функцыянеры пачалі ўсё часцей падтрымліваць будаўніцтва каналу. А 28 красавіка абяцанне пабудаваць канал прагучаў з вуснай самога Эрдагана на выбарчым мітынгу. Па яго словах, водная артэрыя будзе асноўным прыярытэтам яго будучай адміністрацыі.

Такім чынам, літаральна праз 5 гадоў у еўрапейскай частцы Турцыі з’явіцца новы канал даўжынёй 45 кіламетраў. Пачатак яго эксплуатацыі адразу паслабіць ціск на Басфор, які здольны прапускаць штодня 130 караблёў. Плануецца, што новы канал зможа прапускаць да 160 судоў на дзень. Пераважна гэта будуць нафтавыя танкеры, якім маршрут па Басфоры вельмі нязручны. Двойчы ў гісторыі танкеры ўжо цярпелі там крушэнне, забруджваючы ваду праліву. Ёсць думка пабудаваць на канале і гідраэлектрастанцыю.

Акрамя таго, у раёне каналу «Стамбул» паўстане новая эканамічная зона з развітай інфраструктурай, якая будзе прыцягвайць правінцыялаў. За кош гэтага, як спадзяюцца ў Эрдагана, замарудзяцца тэмпы росту насельніцтва Стамбула (сёння каля 15 мільёнаў чалавек), які даўно пакутуе на перанасяленне.

Ужо вядомыя некаторыя лічбы і параметры, звязаныя з будоўляй стагоддзя. Для таго, каб пракапаць канал, трэба будзе прыцягнуць каля 6 тысяч рабочых. Бюджэт будаўніцтва складзе каля 14–16 мільярдаў долараў. Пакуль крыніцы грошай, праўда, невядомыя. Увогуле, эканамічны бок праекту выклікае шмат пытанняў. Шмат у чым ён выкліканы правалам яшчэ аднаго мегапраекту Эрдагана — гаворка пра мост Асман Газі, адкрыты ў 2016 годзе пад Стамбулам. Чацвёрты па працягласці вісячы мост у свеце аказаўся нерэнтабельным праз высокую плату за праезд. Кіроўцы надаюць перавагу традыцыйным і больш танным паромам.

Як і трэба было чакаць, праект новага каналу не спадабаўся эколагам, якія яшчэ ў 2013-м запусцілі петыцыю супраць праекту, які яны называюць «Канал—кашмар». Калі ім верыць, «канал-кашмар» разбурыць баланс паміж паміж салёным Мармуровым морам і менш салёным Чорным. У выніку Чорнае мора пачне губляць ваду, што кепска паўплывае на такія рэкі, як Дунай, Дняпро і Днестр. Прагназуюць таксама і гніенне вялікіх масаў вады, што створыць над Стамбулам задушлівы смог з пахам гнілыя яек.

Безумоўна, праект каналу ўтрымлівае шмат геапалітычнага падтэксту. Дзякуючы новаму каналу блок NATO зможа хутка павялічваць прысутнасць сваіх караблёў у Чорным моры. Праўда, для гэтага будзе патрэбная згода Анкары, якая, дзякуючы каналу, значна павялічыць сваю вагу ў рэгіёне. Праўда, будуць цяпер варушыцца і іншыя. Не выключаюць, што з пачаткам будаўніцтва канала «Стамбул» трэба чакаць больш актыўных дзеянняў вакол магчымага будаўніцтва каналу паміж Каспійскім морам і Персідскім залівам. Масква і Тэгеран яшчэ ў 2015-м анансавалі план зрабіць нешта падобнае да 2030 года. У такім разе расійскі ВМФ зможа выходзіць у сусветны акіян, не карыстаючыся турэцкімі пралівамі.

Нягледзячы на шматлікія супярэчнасці вакол праекту, думаецца, што будаўніцтва каналу — справа вырашаная. На гэты крок Эрдагана штурхае сама логіка аўтарытарнага рэжыму, які ён цяпер актыўна будуе. Дэфіцыт дэмакратыі і застой грамадскага жыцця аўтарытарныя ўрады намагаюцца кампенсаваць нейкімі «будоўлямі стагоддзя». А тут яшчэ набліжаецца і сотая гадавіна абвяшчэння турэцкай рэспублікі ў 2023 годзе, калі Эрдаган папросту будзе вымушаны прэзентаваць народу нешта каласальнае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць