Такі сумны юбілей?

Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) — партыя Ангелы Меркель — адзначыла 70-ю гадавіну. Прэса між тым задаецца пытаннем: ці ёсць у Меркель і яе аднапартыйцаў падставы для святкавання? 



Такая пастаноўка пытання падаецца трошкі недарэчнай. Хрысціянскія дэмакраты, або «чорныя», як іх называюць з-за партыйных фарбаў, — бясспрэчны цяжкавагавік нямецкай палітыкі. Бацькі-заснавальнікі партыі наўрад ці маглі нават верыць, што іх дзіця чакае такая бліскучая будучыня. Нагадаем, што партыя паўстала ўвесну 1945-га, прычым яшчэ да заканчэння вайны. Прынамсі першыя распрацоўкі праграмы адносяцца да сакавіка 1945-га, а непасрэдны заклік да стварэння арганізацыі быў агучаны 26 чэрвеня таго ж года. Гэта дата і лічыцца днём нараджэння партыі.

Як правіла, у шэрагі новай структуры запісваліся былыя сябры правацэнтрысцкіх партый Веймарскай рэспублікі. Увогуле, яны на шмат не замахваліся, плануючы проста адрадзіць аналаг каталіцкай партыі «Цэнтр», якая існавала ў Германіі да вайны і ніколі не дамінавала на палітычнай сцэне.

Спачатку CDU, сапраўды, нагадваў копію з партыі «Цэнтр». На першых рэгіянальных выбарах, якія дазволілі правесці акупацыйныя адміністрацыі, партыя прыйшла чацвёртай. Дасюль цяжка комплексна зразумець, у выніку чаго Саюз здолеў не толькі стаць вядучай сілай на правым цэнтры, аднак у дадатак інтэграваць у сябе іншыя фармацыі правай арыентацыі. Лічыцца, што гэта асабістая заслуга яе лідара Конрада Адэнаўэра, які быў гатовы на кампрамісы і дыялог з усімі нізавымі ініцыятывамі нават ліберальнага кшталту. У выніку вопытным шляхам ім быў знойдзены ўнікальны рэцэпт партыі новага тыпу — партыі сярэдняга класу. Крытыкі злева, у сваю чаргу, лічаць, што ўздым CDU адбыўся за кошт уласцівага Адэнаўэру ваяўнічага антыкамунізму.

Так ці інакш, CDU ужо ў 1949 годзе па выніках першых у ФРГ выбараў стаў галоўнай правай сілай у краіне і ўрадавай партыяй. Гэта быў толькі дэбют. Усяго за 70 гадоў «чорныя» разам са сваімі партнёрамі з баварскага Сацыяльна-хрысціянскага саюза 16 разоў фармавалі кабінеты. Яны кіравалі ФРГ 41 год з 66 гадоў існавання рэспублікі. З канцлерамі ад CDU звязаны такія славутыя старонкі нямецкай гісторыі, як эканамічны цуд 1950-х гадоў, нараджэнне праекту Еўрасаюза, аб’яднанне краіны ў 1989-м. А пад кіраўніцтвам Ангелы Меркель CDU ужо трэці раз запар выйграе выбары.

Аднак, калі меркаваць па прэсе, усе былыя рэкорды і дасягненні мала цікавяць нямецкую грамадскасць. Атмасферы сапраўднага свята перашкаджаюць навіны пра крызіс у Грэцыі. Практычна ўсе каментатары згодныя, што амаль непазбежны дэфолт Грэцыі будзе мець негатыўныя наступствы для кар’еры Меркель і, як следства, для CDU. Доля адказнасці Меркель у «грызісе» (так часта называюць банкруцтва Грэцыі) відавочная. Фінансавы калапс у Грэцыі служыць імпульсам для дыскусій наконт палітычных тэндэнцый, якія ён здольны выклікаць у Германіі.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што ў нямецкім грамадстве і без грэчаскіх дэфолтаў назіраецца дастаткова трэндаў, якія гуляюць не на карыць CDU. Напрыклад, сталы сыход палітычнай дыскусіі ў інтэрнэт, дзе дзейнічаюць зусім новыя паліттэхналагічныя схемы і формулы выпрацавання сімпатый да таго ці іншага палітычнага акцёра. Сяброўства ў партыі ўсё часцей замяняюць проста падпіскай на нейкі акаўнт або «лайкам». Адсюль крыніца парадокса, калі колькасць галасоў, пададзеных за партыю Меркель на апошніх выбарах, быццам, вырасла, а колькасць сяброў яе партыі з пачатку стагоддзя скарацілася на трыста тысяч чалавек.

Старыя партыйныя мадэлі яшчэ працуюць на месцах, аднак у буйных гарадах яны яўна сталі анахранізмам. Бургамістры дзесяці самых буйных гарадоў ФРГ не належаць да партыі кансерватараў. Няма ніводнага гораду з насельніцтвам больш за 40 тысяч чалавек, якім бы кіраваў сябра CDU. Сярэдні ўзрост сябраў партыі — каля 60 гадоў, што ператварае яе з партыі сярэдняга класу ў партыю пенсіянераў.

«Грызіс», на думку палітолагаў, здольны надаць дынаміку гэтым працэсам, паколькі стабільнасць Еўразоны была адной з фішак Меркель. Хутчэй за ўсё, недавер да еўра можа негатыўна адбіцца на паказчыках росту нямецкай гаспадаркі. Наступным выклікам для Меркель можа стаць рэферэндум у Вялікабрытаніі аб выхадзе з ЕС, які падкосіць працэсы еўраінтэграцыі, — праекту, над якім Берлін працуе з 1950-х гадоў.

Праблема ў тым, што ніхто не разумее, якія формы набудзе незадавальненне канцлерам. Сёння мы назіраем фенаменальную слабасць апазіцыі на федэральным узроўні. Гэта засведчыў нядаўні скандал з праслухоўваннем амерыканскімі спецслужбамі нямецкіх грамадзян. Каскад абструкцый, які абрынулі на Меркель спікеры левай, сацыял-дэмакратычнай апазіцыі, не асабліва дапамог ружовым наблізіцца ў рэйтынгах да CDU. Напярэдадні юбілею CDU і іх баварскія партнёры карысталіся падтрымкай амаль 40 працэнтаў нямецкага электарату. Калі верыць выданню «Wirtschafts Woche», сацыял-дэмакраты нават разглядаюць варыянт — не высоўваць кандыдата на пасаду канцлера, калі Меркель будзе балатавацца на выбарах 2017 года.

Свой 70-ты юбілей CDU сустракае ў вельмі непрадказальнай сітуацыі. Шматлікія каментатары заклікалі лідараў CDU, уздымаючы келіхі, узгадаць мужнасць заснавальнікаў партыі. Яны таксама лічаць, што Ангеле Меркель патрэбна мастацтва імправізацыі, уласцівае Адэнаўэру. На думку шмат каго, лозунгам CDU павінна стаць назва вядомага фільму «Назад у будучыню!»

Каментаваць