Суперчацьвер па-брытанску

У Вялікабрытаніі 5 мая адбыліся мясцовыя і рэгіянальныя выбары, вынікі якіх дазваляюць акрэсліць асноўныя палітычныя трэнды на бліжэйшы час. Прынамсі, шатландская незалежнасць, падаецца, пераносіцца.

Фота РА

Фота РА



Перш за ўсё чацвер стаў «рэкагнасцыроўкай» прызначанага на 23 чэрвеня рэферэндуму пра выхад Вялікабрытаніі з ЕС. Вынікі галасавання сведчаць, што еўраскептыцызм характэрны для шматлікіх брытанцаў. Партыя Незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (Ukip) — вядучая еўрафобская палітсіла на Альбіёне — прадэманстравала някепскі вынік (павялічыла колькасць сваіх дэпутатаў з 2 да 24). А ва Уэльсе ўвогуле выдала сенсацыю: фракцыя Ukip у мясцовым парламенце папоўнілася адразу на 5 чалавек.

Паказальнікам высокай папулярнасці еўраскептычных настрояў можна лічыць і прарыў шатландскіх торы, што традыцыйна лічыліся аўтсайдэрамі. Кансерватары, якім супрацьстаялі ў асноўным праеўрапейскія палітсілы, прыйшлі ў выніку другімі (31 месца ў парламенце з 129 дэпутатаў).

Калі падагуліць сказанае вышэй, можна адзначыць, што пагроза выхаду краіны з ЕС па-ранейшаму захоўваецца, нягледзячы на шалёную праеўрапейскую медыя-атаку на мазгі брытанскага выбаршчыка
.

У Шатландыі першымі аказалася нацыяналісты (63 мандаты), аднак перамогай гэта назваць цяжка. Шатландская нацыянальныя партыя (SNP), страціўшы шэсць дэпутатаў, не здолела ўтрымаць парламенцкую большасць. Сярод іншага яны канчаткова скончылі з чуткамі пра магчымы новы рэферэндум наконт незалежнасці краю. З такімі вынікамі выбараў у нацыяналістаў няма маральнага права на падобны крок.

Ненавіснікі брытанскай імперыі могуць кампенсаваць кепскія навіны з Шатландыі поспехамі нацыяналістаў ва Уэльсе. Тут Plaid Cymru — мясцовая партыя незалежнікаў, — утрымалася на другім месцы. Увогуле, Уэльс застаўся за лейбарыстамі, які сабралі амаль той жа ўраджай галасоў, што і на папярэдніх выбарах.

Адсутнасць прагрэсу ў лейбарыстаў дапамагае адказаць на глабальнае пытанне: што чакае партыю пад кіраўніцтвам Джэрэмі Корбіна — лідара левага партыйнага крыла, які стаў партыйным правадыром толькі ў верасні мінулага года. Гэтыя выбары былі першымі, на якія лейбарысты ішлі з новым лідарам, і іх вынікі пакуль як мінімум супярэчлівыя. Партыя, хаця і страціла прыкладна 40 дэпутатаў, але ўтрымала свае пазіцыі ў муніцыпалітэтах Англіі, трошкі прасела ва Уэльсе, і цалкам канфузілася ў Шатландыі, дзе вымушана задаволіцца толькі «бронзай».

Праўда, хор крытыкі на адрас Корбіна можа сціхнуць у выпадку перамогі лейбарыста Садзіка Хана на выбарах лонданскага мэра. На момант падрыхтоўкі артыкула канчатковыя вынікі галасавання ў сталіцы яшчэ не былі вядомыя. Аднак практычна ўсе палітолагі ўжо зараз бачаць Хана новым лонданскім бургамістрам (паводле ранейшых сацапытанняў, за Хана гатовыя былі прагаласаваць 60% лонданцаў), і загадзя смакуюць сцэны будучай інаўгурацыі. Хан — сын пакістанскіх імігрантаў і мусульманін, а па законе мэр Лондана павінен прымаць прысягу на Бібліі.

Садзік Хан і Зак Голдсміт — галоўныя прэтэндэнты на перамогу на выбарах мэра Лондана. Фота Getty.

Садзік Хан і Зак Голдсміт — галоўныя прэтэндэнты на перамогу на выбарах мэра Лондана. Фота Getty.



Спікеры лейбарыстаў ужо заявілі, што Лондан будзе першым рубяжом у бітве за вяртанне левых на Даўнінг-стрыт на выбарах 2020 года. Аднак брытанская прэса, маючы перад вачыма хаатычную палітру электаральных вынікаў лейбарыстаў, менш аптымістычная наконт перспектыў левай апазіцыі.


Каментаваць