Супермэн супраць Гітлера

Сусветная прэм’ера фільма «Чалавек са сталі» пра прыгоды Супермэна — добрая нагода ўзгадаць ролю супергероя ў амерыканскай і сусветнай палітыцы. Маісей, Ісус, герой фільму Робін Гуд у выкананні актора Дугласа Фэрбенкса, зорка бейсболу 1930-х гадоў Бейб Рут… Гэтыя персанажы і людзі называліся галоўнымі прататыпамі Супермэна.

 



Быццам, нехта з іх натхніў у 1938 годзе мастака Джэры Сігала і пісьменніка Джо Шустэра прыдумаць чалавека з літарай S на грудзях. Так ці інакш, у выніку з’явілася канцэнтраваная ідэя ідэальнага амерыканца. Па-першае, Супермэн — імігрант (як вядома, ён паходзіць з далёкай планеты). Па-другое, ён, нягледзячы на свае таленты, сам зарабляе сабе на жыццё, працуючы клеркам у нейкай рэдакцыі. І, нарэшце, у яго маральныя якасці ідэальнага грамадзяніна: ён актыўна рэагуе на ўсе праявы несправядлівасці.

Коміксы з прыгодамі Супермэна адразу заваявалі рынак. Аднак аўтараў цікавалі не толькі грошы. Абодва яны паходзілі з сем’яў яўрэйскіх імігрантаў, і, відавочна, цікавіліся тым, што адбываецца ў Еўропе, дзе набываў сілу ваяўнічы антысемітызм. Калі за акіянам пачалася вайна, стваральнікі Супермэна вырашылі падключыць да барацьбы з фашыстамі свайго героя.

У лютым 1940 года часопіс «Look» апублікаваў гісторыю «Супермэн кладзе канец вайне». У коміксе распавядалася пра тое, як Супермен дапамагае французам прарваць лінію Зігфрыда (нямецкі абарончы комплекс уздоўж мяжы з Францыяй). Паводле сюжэта, Супермэн за кошт сваёй фантастычнай сілы разбурае фартыфікацыі немцаў, што дазваляе французскім войскам прарвацца ў германскі тыл. Потым наш супергерой адпраўляецца ў Берлін, каб захапіць у палон Гітлера. Аднак аднаго фюрэра яму мала. Ён адразу адпраўляецца ў Маскву, каб знайсці там Іосіфа Сталіна. Пасля Супермэн дастаўляе салодкую парачку, якая, паводле яго слоў, нясе адказнасць за вайну, у трыбунал Лігі нацый.

Комікс пра перамогу Супермена над Сталінам і Гітлерам адразу выклікаў вялікі скандал. На той час амерыканскія палітыкі ўстрымліваліся ад таго, каб улазіць у вайсковы канфлікт у Еўропе. Прыхільнікі нейтралітэту і нямецкая дыяспара пабачылі ў публікацыі адкрытую правакацыю.

Аднак куды больш былі расчараваныя коміксам у Берліне, дзе Супермэн доўгі час лічыўся стандартам арыйскай расы. Хутка ў часопісе «Das Schwarze Korps», што выходзіў пад дахам SS, быў апублікаваны артыкул пра прыроду феномена Супермэна. На думку аўтара публікацыі, Супермэн атручвае атмасферу, у якой жывуць амерыканскія падлеткі, паколькі гэты комікс вырабляюць яўрэі. Яшчэ далей пайшоў міністр прапаганды Ёзэф Гебельс, які ў адной са сваіх прамоў у Рэйхстагу прамым тэкстам заявіў, што «Супермэн — яўрэй».

Апісаная гісторыя падштурхнула фашыстаў выдумваць свой эрзац амерыканскай індустрыі коміксаў. Тым больш, на гэты момант усе разумелі значную ролю дзіцячай літаратуры для сацыяльнай інжынерыі. У Германіі эрзацам амерыканскіх коміксаў сталі часопісы «Bilder Bogen von Kriegen». Праўда, асноўнага героя ў «Bilder Bogen von Kriegen», у адрозненне ад амерыканскіх коміксаў, не было. Як правіла, у кожным выпуску ў малюнках распавядаўся нейкі эпізод баявых дзеянняў, пераможцамі ў якім былі, зразумела, салдаты Вермахту.

Між тым, адбыўся Перл-Харбар. Пасля ўступлення ЗША ў вайну ўсіх амерыканскіх супергерояў адразу «мабілізавалі» на фронт.

Супермен, а таксама іншыя супергероі — Капітан Амерыка, Бэтмэн і нават мультыплікацыйны персанаж Мікі Маўс — пачалі ваяваць з нацыстамі. Кажуць, што менавіта Франклін Рузвельт прыдумаў палітызаваць коміксы. Гэта была частка дзяржаўнай стратэгіі на тое, каб зрабіць паўсядзённую масавую культуру своеасаблівай формай прапаганды.

Ідэя адправіць Супермэна і яго калег на вайну спрацавала. Паводле падлікаў амерыканскіх культуролагаў, самыя вялікія тыражы коміксаў у ЗША мелі месца якраз у часы вайны. Відавочна, што сам жанр быў вельмі запатрабаваны на фоне шматлікіх праблем, якія выклікала вайна. Акрамя таго, усе сюжэты гісторый заканчваліся абавязковай перамогай супергерояў над праціўнікамі-нацыстамі, гэта ўзмацняла надзею на тое, што перамога непазбежная.

Пасля перамогі інтарэс да коміксаў рэзка ўпаў. Некаторыя персанажы нават зніклі з-за таго, што кампаніі, якія выдумлялі пра іх коміксы, сталі банкрутамі. Супермэну, які на той час стаў адным з сімвалаў амерыканскага ладу жыцця, такі лёс не пагражаў. Гісторыі пра яго прыгоды працягвалі выходзіць, а яго самога час ад часу адпраўлялі ў гарачыя кропкі. Напрыклад, адзін з выпускаў быў прысвечаны прыгодам Супермэна ў вайне на Карэйскім паўвостраве.

А вось на вайну з Іракам Супермэн не трапіў, хаця туды адправілася цэлыя брыгада супергерояў — Чалавек-павук, Капітан Амерыка. Магчыма, справа ў тым, што правы на Супермэна належаць кампаніі «DC Comics». Кіраўніцтва «DC Comics» аказалася менш патрыятычным, чым дырэкцыя кампаніі «Marvell» (уладальнік брэндаў «Чалавек-павук» і «Капітан Амерыка»). «Marvell» у час іракскай вайны разам з Мінабароны запусціў серыю «America support you» пра тое, як супергероі дапамагаюць амерыканскім салдатам перамагчы Садама.

Дарэчы, Садам таксама ўздымаў баявы дух сваіх салдат за кошт коміксу пра супергероя. Праўда, галоўным героем іракскіх маляваных гісторый быў не выдуманы персанаж, а сам дыктатар. Хаця гэта ўжо не было ноў-хаў. Раней, напрыканцы мінулага стагоддзя, у Венесуэле выходзілі коміксы, галоўным героем якіх быў Уга Чавес. Узброены бейсбольнай бітай, намаляваны Уга жорстка караў усіх, хто не жадаў жыць адпаведна з прынцыпамі нядаўна прынятай т.зв. баліварыянская канстытуцыі.

Можна лёгка заўважыць, што Суперчавес — гэта падробка пад Супермэна. Імпартаваць вобраз Супермэна і надаваць яму мясцовы каларыт — вельмі папулярная рэч. Так, у Ізраілі сярод правага электарату вельмі папулярны ізраільскі Супермэн, якога завуць Шаломэн. Шаломэну па сюжэту коміксаў галоўным чынам даводзіцца даваць прыкурыць арабскім тэрарыстам, якім, у сваю чаргу, часта дапамагаюць розныя дыпламаты з пацыфісцкімі забабонамі.

Застаецца задацца пытаннем: ці нясе нейкую палітычную місію фільм «Чалавек са сталі», які выйшаў на экраны 14 чэрвеня? Калі меркаваць па анатацыях, гэта хутчэй псіхалагізаваны трылер. Праўда, палітычны падтэкст усё роўна прысутнічае.

Справа ў тым, што «Чалавек са сталі» выходзіць у часы крызісу, а першыя коміксы пра Супермэна таксама пабачылі свет у часы Вялікай дэпрэсіі. І хаця пра палітыку там не было ні слова, людзі ўспрынялі Супергероя як прапагандыста Новага курсу Франкліна Рузвельта, паколькі ён даваў людзям надзею на лепшае.

 Паглядзім, што атрымаецца ў стваральнікаў «Чалавека са сталі» рэжысёра Зака Снайдэра і прадзюсера Крыстафера Нолана.

Каментаваць