Сусветны мор

 «Масавы генацыд супраць чалавецтва, арганізатараў якога, на жаль, немагчыма асудзіць», — так пісаў вядомы амерыканскі вірусолаг Джэфры Тауфенберг пра наступствы эпідэміі так званай «іспанкі», якая пранеслася па планеце на пачатку мінулага стагоддзя.



 «Масавы генацыд супраць чалавецтва, арганізатараў якога, на жаль, немагчыма асудзіць», — так пісаў вядомы амерыканскі вірусолаг Джэфры Тауфенберг пра наступствы эпідэміі так званай «іспанкі», якая пранеслася па планеце на пачатку мінулага стагоддзя.

Ураджай смерці выглядае проста жудасна — 20 мільёнаў чалавек. І гэта толькі тыя, чые смерці афіцыйна зарэгістравалі. Зразумела, што ў Афрыцы і Азіі ніхто не складаў актаў смерці. Гэта дае падставу казаць нават пра 100 мільёнаў ахвяр. Некаторыя сцвярджаюць, што падчас піку эпідэміі кожны пяты чалавек на планеце хварэў на вірус.

На «іспанку» перахварэлі такія славутасці, як мультыплікатар Уолт Дысней, мастак Эдвард Мунк, іспанскі кароль Альфонс, амерыканскі прэзідэнт Франклін Рузвельт. Гэта пералік людзей, якія выжылі. А вось дачцэ Зігмунда Фрэйда і вядомаму французскаму паэту Апалінэру не так пашанцавала. Смерць ва ўсіх выпадках наступала ад удушша — следства распухання горла.

«Іспанку» адрознівала хуткасць, з якой яна рухалася і заражала людзей. Маладыя людзі ўставалі зранку абсалютна здаровыя, а ўвечары ўжо не жылі. Палова ахвяр эпідэміі — людзі ад 20 да 40 год.

Хаця іспанка паходзіць ад слова «Іспанія», іспанцы тут не пры чым. У лютым 1918 года Лорыг Мінер, аптэкар з мястэчка Хаскел Кантры, штат Канзас, не ведаў, радавацца яму або гараваць. Ягоная ўстанова перажывала залатыя часы — пацыенты ішлі і ішлі, папаўняючы касу. Літаральна штогадзіну аптэку наведвалі людзі з сімптомамі грыпу і прасілі лекі. Калі хворых стала занадта шмат, лекар вырашыў паведаміць мясцовым уладам і службе аховы здароўя ЗША.

Мінер напісаў, што ў штаце назіраецца эпідэмія, аднак цэнтральныя ўлады навіну праігнаравалі. Трывогу забілі пасля таго, як у лагеры для рэкрутаў, які мясціўся побач, за тры дні захварэлі 1100 чалавек, 38 памерла. Адначасова грып з’явіўся ў буйных гарадах. Магчыма, у іншы час хваробу можна было абмежаваць аднымі ЗША. Аднак ішла вайна. Фронт у Францыі патрабаваў штодня як мага больш амерыканскіх салдат. Так хвароба з’явілася на старым кантыненце.

У той час у краінах Антанты панавала вайсковая цэнзура. У журналістаў і думкі не было пра тое, каб пісаць пра масавую хваробу абаронцаў на перадавой. Затое пра яе маглі вольна пісаць газеты Іспаніі, якая захоўвала нейтралітэт. Напрыканцы мая 1918 года іспанская газета «Fabra» напісала пра эпідэмію невядомай хваробы, якая «нечакана пачынаецца, цягнецца нядоўга і забівае, знікаючы без следу». У выніку грып пачалі называць «іспанка».

Гучыць трохі дзіўна, аднак «іспанка» выратавала Францыю ад паразы. Калі Савецкая Расія падпісала з Германіяй сепаратны Брэсцкі мір, Германія пачала грандыёзную аперацыю: на заходні фронт з усходняга перакінулі мільён салдат. Рыхтаваўся штурм Парыжу. Адна надзея была на ЗША. Аднак саюзнікі не маглі прыбыць так хутка. Затое змагла «іспанка». Яна з’явілася на лініі Марны і за лічаныя дні парушыла ўсе планы немцаў. 37 дывізій ператварыліся ў кангламерат пакутуючых на насмарк. Дух перамогі знік. Пераможнага наступу так і не адбылося.

Праўда, не была эпідэмія літасцівай і да людзей па той бок траншэй. Кожны другі амерыканскі салдат памёр ад грыпу. У маі 1918 года ўрад Вялікабрытаніі прызнаў, што 10 тысяч маракоў англійскага флоту хворыя на грып.

Першая хваля «іспанкі» скончылася прыблізна ў пачатку лета 1918 года. Усе вырашылі, што пагроза прайшла. Вядомы брытанскі медычны часопіс «The Lancet» нават пачаў палеміку, ці была «іспанка» ўвогуле грыпам.

І тут пачалі прыходзіць жудасныя навіны з Афрыкі. Горад Фрытаўн, перавалачны пункт для брытанскіх войскаў, атакавала эпідэмія. Горад ахапіла масавая паніка. Людзі беглі хто куды. Падобныя весткі прыйшлі і з амерыканскага Бостана. Там знаходзілася вялікая група вайскоўцаў, гатовых да адпраўкі на фронт у Францыю. Аднак сваю смерць яны знайшлі на радзіме. Кожны трэці з 65 тысяч салдат трапіў у шпіталь.

І пачалося: хвароба пайшла гуляць па гарадах усходняга берага ЗША. Толькі ў Філадэльфіі ў адзін з кастрычніцкіх дзён 1918 года было зарэгістравана больш за 700 смерцяў ад грыпу. У Азіі маштабы эпідэміі былі яшчэ больш страшныя. Лічыцца, што ў Індыі ад яе загінуў 1 мільён чалавек. Адзін са сведак пісаў, што не хапала вугалю, каб паліць трупы. На некаторых астравах Ціхага Акіяну эпідэмія забіла да 22 працэнтаў насельніцтва.

Цяпер зразумела, што сітуацыя магла быць лепшай, калі б улады адразу пачалі ўжываць метады калектыўнай папярэдняй абароны, тыя ж марлевыя павязкі. Але доўгі час яны абмяжоўваліся плакатамі з надпісамі: «Калі баліць горла, сядзі дома». Пасля забаранілі натоўпы. У Нью-Йорку дайшло да канфузу. Тут існуе доўгая традыцыя калектыўных вулічных спеваў на каляды. 500 чалавек — аматараў спеваў — парушылі закон аб забароне збірацца на вуліцах і былі арыштаваныя.

Паколькі прычын грыпу ніхто не ведаў, людзі абараняліся хто як мог: нехта насіў амулеты з Нігерыі, нехта піў тытунёвую настойку або ваду, куды кідалі старонкі з сурамі з Карану.

Трэцяя хваля «іспанкі» пачалася ўвосень 1919 года і цягнулася да 1920-га. Пры гэтым тыя, хто ўжо хварэў на вірус, як аказаліся, мелі імунітэт. Апошні раз сімптомы «іспанкі» заўважылі на пачатку 1930-х.

Трэба прызнаць, што дасюль няма ясных адказаў, у чым прычына такога мору. Магчыма, сцвярджаюць вучоныя, на той час людзі папросту не ведалі самых прымітыўных сродкаў абароны.

Каментаваць