Свет на мяжы сур'ёзных узброеных канфліктаў

Пагроза буйных узброеных канфліктаў у мінулым годзе толькі ўзмацнілася. ЗША адмаўляюцца ад ролі гаранта міжнароднай бяспекі, гаворыцца ў дакладзе старшыні Мюнхенскай канферэнцыі Вольфганга Ішінгера.

Свет у мінулым годзе занадта блізка падышоў да мяжы, за якой пачынаюцца сур'ёзныя узброеныя канфлікты. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе старшыні Мюнхенскай міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі Вольфганга Ішынгера (Wolfgang Ischinger), апублікаваным 8 лютага напярэдадні чарговай штогадовай канферэнцыі, якая адкрыецца ў баварскай сталіцы 16 лютага, піша dw.com.

У якасці прыкладаў Ішынгер прывёў няспынныя ўзаемныя пагрозы прымяніць зброюпаміж ЗША і КНДР, суперніцтва паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам, а таксама высокі ўзровень напружанасці ў адносінах NATO з Расіяй.

У дакладзе пад назвай "На край прорвы — і назад?" Ішынгер таксама канстатуе, што ЗША пры прэзідэнце Дональдзе Трампе адмаўляюцца ад ролі гаранта міжнароднай бяспекі, дэманструючы адсутнасць цікавасці да ўзмацнення рэгіянальных і глабальных інстытутаў, якія ўсталёўваюць правілы міжнародных адносін.

ЗША адмовіліся ад палітыкі, заснаванай на адзіных каштоўнасцях, і ўлічваюць агульныя інтарэсы толькі ў асобных выпадках. Германскі дыпламат адзначае, што пра гэта сведчыць рэзкае зніжэнне цікавасці ЗША да дыпламатыі: бюджэт Дзярждэпартамента ЗША моцна скарочаны, у той жа час выдаткі на ваенныя патрэбы працягваюць расці.

У дакладзе цытуюцца словы амерыканскага эксперта па знешняй палітыцы Джона Айкенбэрры, які канстатаваў, што "самая магутная краіна свету пачала сабатаваць той парадак, які сама ж і стварыла".

Наступствы для Еўропы


Для еўрапейцаў гэта азначае, што ім прыйдзецца больш клапаціцца аб забеспячэнні ўласнай бяспекі, чым да гэтага часу, адзначае Ішынгер. У сувязі з гэтым ён нагадвае пра словы канцлера ФРГ Ангелы Меркель, што еўрапейцам настаў час "па-сапраўднаму ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі".

На справе гэта азначае, што еўрапейцам прыйдзецца выдаткоўваць больш сродкаў на ўласную абарону. У дакладзе адзначаецца, што калі краіны ЕС і Нарвегія павялічаць выдаткі на ваенныя патрэбы да 2 працэнтаў ВУП, як гэта і належыць на самай справе, то да 2024 года выдаткі на абарону вырастуць на 50 працэнтаў — да 386 млрд даляраў.

У дакладзе Ішынгера паказваецца, што гэта, несумненна, зробіць еўрапейскія войскі больш магутнымі, але для сапраўднай эфектыўнасці ім прыйдзецца ліквідаваць прабелы ў сферы каардынацыі і лічбавых сістэм. Між тым толькі на ўхіленне гэтых прабелаў спатрэбяцца дадатковыя фінансавыя сродкі. У дакладзе паказваецца таксама на неабходнасць кансалідацыі моцна раздробненай абароннай прамысловасці ў ЕС.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць