Свет, як яго чулі гамініды

Два мільёны год таму гамініды чулі па-іншаму, чым сучасныя людзі, згодна з новым даследаваннем



Даследчыкі з універсітэта Бінгэмптана праналізавалі скамянелыя вушныя косткі двух раніх гамінідаў з Паўднёвай Афрыкі, аўстралапітэка афрыкануса і рабустуса, якія жылі паміж 3,3 і 1,8 млн. год таму. Дзякуючы кампутарнай тамаграфіі, яны змаглі віртуальна рэканструяваць вушы і ацаніць слухавыя здольнасці гамінідаў.

“Яны не чулі так добра, як людзі, і хутчэй за ўсе іх слых можна параўнаць са слыхам шымпанзэ”, адзначыў Рольф Куам, антраполаг з універсітэта Бінгэмптана і адзін з аўтараў даследавання.

Аднак было адно выключэнне. Паміж аднім і трыма кілагерцамі, гамініды чулі лепш, чым сучасныя людзі і шымпанзы.

“Яны былі як звышлюдзі ў гэтым дыяпазоне”, кажа Куам. “Яны маглі адчуваць мякчэйшыя гукі лепш, чым мы”. Аб знаходках распавядаецца ў журнале Science Advances.

Доктар Куам і ягоныя калегі таксама разглядалі слухавыя магчымасці ранніх людзей у паўночнай Гішпаніі, якія жылі каля 400.000 год таму. Іхні слых быў вельмі падобны да слыху сучасных людзей, як сцвярджае Куам.

“Зараз мы знаходзімся на шляху да рэканструкцыі таго, як наш слых змяняўся ад слыху па тыпу шымпанзэ да сучаснага чалавечага”, адзначыў ён.

Паводле: The New York Times

Пераклад Піліпа Падбярозкіна

Каментаваць