Свет пасля Брусэля

Змена тактыкі барацьбы з тэрорам, уздым правага папулізму, магчымы выхад Брытаніі з ЕС, новыя правілы на транспарце — асноўныя перамены, якія сусветная прэса прагназуе пасля нядаўніх тэрактаў у Брусэлі.



Фота: Charles Platiau / Reuters


Нягледзячы на ўвесь маштаб трагедыі ў Брусэлі, лейтматыў каментараў заходняй прэсы — не помста, а заклікі да перагляду працы сіл бяспекі. Хуткая неабдуманая рэакцыя на апошнія выбухі, на думку шмат каго, была б фатальнай памылкай. Як піша нямецкая «Der Welt», «пасля Брусэлю Еўропе патрэбныя «салідарнасць, ціхі пафас і халодная стратэгія».

Неабходнасць карэкціроўкі схемы барацьбы з ісламскім тэрарызмам прадыктавана ў тым ліку праваламі службаў бяспекі ў Парыжы і ў Брусэлі. СІМ асабліва шакуюць абставіны апошняга тэракту. Цяжка зразумець, як бельгійскія паліцэйскія праспалі тэрарыстаў пасля лістападаўскіх парыжскіх тэрактаў, калі была выяўлена прапіска мясцовага ісламісцкага падполля — квартал Маленбек (Molenbeek) у Брусэлі. Тое, што паліцыя не здолела выявіць і лакалізаваць экстрэмістаў, дало падставу іспанскаму выданню «Politico» нават назваць Бельгію «Failed State» — тэрмін, які ўжываецца для абазначэння дзяржавы, якая не можа падтрымліваць сваё існаванне як жыццяздольная палітычная адзінка.

А вось брытанская «The Guardian», наадварот, лічыць, што гісторыя з Маленбекам дазваляе спадзявацца на лепшае. «Нягледзячы на глабальнае бачанне экстрэмісцкіх ідэалогій і «міжнародны статус» такіх груповак, як "Ісламская дзяржава" і "Аль-Каіда", такая дзейнасць мае выключна лакальны характар». На думку выдання, спецслужбам трэба фокусна працаваць з нядобранадзейнымі раёнамі. Нямецкая «Der Bild» згодная з такім тэзісам. Як піша газета, «неабходны інструментарый працы з мясцовымі камунамі, якія б маглі інфармаваць пра лакальную  дзейнасць  экстрэмістаў». Маскоўскі «Взгляд» падзяляе аптымізм, адзначаючы: «Калі тэрарыстычная пагроза ў Еўропе зводзіцца да дзеянняў «спячых груповак», гэта ў цэлым добрая навіна». Аднак пры гэтым «Взгляд» баіцца, што «такія тэракты могуць быць закліканы адцягнуць увагу ад больш амбіцыйнай задумы».

А вось польская «Polityka», аналізуючы ўрокі Брусэля, заклікае заняцца інтэрнэтам. «Імігранты не з’яўляюцца крыніцай тэрарызму, яны могуць быць выкарыстаны ў якасці інструмента. Жыль Кепель (вядомы спецыяліст па ісламскаму экстрэмізму) даводзіць, што за апошняе дзесяцігоддзе змяніліся спосабы вярбоўкі за кошт інтэрнэту. Тэрарызм — метад, які выкарыстоўваецца пэўнымі суб'ектамі, якія рэалізуюць канкрэтную палітыку. Эфектыўнасць у барацьбе з ім залежыць ад здольнасці правільна ідэнтыфікаваць гэтыя аб'екты», — піша выданне за Бугам.

Хаця брусэльскія тэрарысты былі рэзідэнтамі Бельгіі, усе прызнаюць іх сувязь з "Ісламскай дзяржавай". Таму амерыканскае агенцтва «Stratfor» лічыць, што пасля Брусэля пачнуцца новыя пастаўкі зброі для іракскіх вайскоўцаў і курдаў, каб іх рукамі знішчыць "Ісламскую дзяржаву". Новае ўсведамленне пагрозы тэрарызму сярод дзяржаў-чальцоў ЕС перанясе ўвагу на знешнія межы гэтага блока краін, магчыма з вялікім паглыбленнем супрацоўніцтва з Турцыяй.

Праўда, тое ж выданне прызнае, што развіваць кааперацыю з Турцыяй будзе цяжка ў кантэксце ўздыму правага папулізму, які амаль усім аглядальнікам падаецца непазбежным.

"Апошнія тэрарыстычныя напады могуць таксама распаліць антымусульманскія настроі ў Еўропе і змяніць падыход краін ЕС адносна прадастаўленне Турцыі бязвізавага рэжыму — ключавая ўмова Анкары для супрацоўніцтва ў пытаннях мігрантаў", — піша «Wall Stree Journal».

Брытанская «Financial Times» лічыць, што тэстам патэнцыялу правага папулізму пасля Брусэля стануць хуткія праймерыз у ЗША і паказчыкі Дональда Трампа, які па свежых слядах Брусэля выдаў новую порцыю антыіміграцыйных абяцанкаў аж да адмены некаторых катэгорый кароткатэрміновых віз. На думку выдання, міма тэмы Брусэля не пройдуць і брытанскія еўрафобы ў рамках падрыхтоўкі да чэрвеньскага рэферэндуму аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕС. Будуць эксплуатаваць брусэльскія выбухі еўрафобы Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Францыі ў 2017 годзе.

Паўплывае Брусэль і на расклады ва Усходняй Еўропе. Прынамсі, расійская прэса вельмі спадзяецца, што актуальнасць адзінага антытэрарыстычнага фронту падштурхне Захад наладзіць дыялог з Масквой, ціхенька ахвяраваўшы Украінай. Магчыма, не дарма ва ўкраінскім афіцыёзе і ў мясцовай прэсе ў сваю чаргу сцвярджаюць, што за актам у Брусэлі тырчаць вушы ФСБ. Адзін з аргументаў на карысць такой версіі — выбухі адцягнулі ўвагу ад прысуду Надзеі Саўчанка.  

Чым бы ні закончыліся кансультацыі па лініі Вашынгтон—Еўропа—Масква, вайна з тэрарызмам працягнецца і, як усе прызнаюць, зацягнецца яна надоўга. «Брусэль, Еўропа, свет павінны падрыхтавацца да доўгай барацьбы з тэрарызмам. Гэта азначае актывізацыю намаганняў і значна больш высокую ступень супрацоўніцтва паміж краінамі, якія знаходзяцца пад пагрозай. Гэта азначае мужнасць і стойкасць перад тварам пагрозы, для ліквідацыі якой спатрэбіцца шмат гадоў», — падкрэслівае «The New York Times».

Чакаюць змены і сістэму бяспекі ў Еўропе. Як піша нямецкая «Suddeutsche Zeitung», рэжым бяспекі ў тэрміналах еўрапейскіх аэрапортаў пасля Брусэля будзе больш жорсткім. Калі раней асноўная мэта заключалася ў тым, каб не пусціць тэрарыстаў на борт самалёту, то цяпер службы бяспекі будуць намагацца паставіць фільтр на падыходах да канкрэтнага комплексу будынкаў. Наконт увядзення новых правіл ужо ва ўсю ідзе барацьба паміж сілавікамі і авіяперавозчыкамі, якія кажуць, што такая мера можа выклікаць мегахаос. Калі верыць «Suddeutsche Zeitung», у якасці кампрамісу ёсць думка ўвесці спецыяльныя шлюзы для пасажыраў на падыходзе да аэрапортаў. 

Каментаваць