Шахцёры-пратэстоўцы забілі намесніка кіраўніка МУС Балівіі

Намеснік міністра ўнутраных спраў Балівіі Радольфа Ільянэс быў захоплены шахцёрамі ў закладнікі, а пазней забіты. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Карлас Рамэра.


Пратэстоўцы-шахцёры патрабуюць змены працоўнага заканадаўства. Фота EPA


Ільянэс быў захоплены, калі накіраваўся да шахцёраў на перамовы., паведамляе ВВС.

"Усё паказвае на тое, што намеснік міністра Радольфа Ільянэс быў забіты — баязліва і жорстка", — заявіў кіраўнік міністэрства Карлас Рамэра на прэс-канферэнцыі.

Пра смерць чыноўніка заявіў таксама міністр абароны Рэймі Ферэра.

Акцыі пратэсту шахцёраў працягваюцца ў Балівіі ўжо два тыдні. Некалькі разоў даходзіла да сутычак з паліцыяй, падчас якіх былі забітыя двое пратэстоўцаў і параненыя 17 паліцэйскіх.

Шахцёры патрабуюць павышэння зарплаты, паляпшэння ўмоваў працы і абвінавачваюць прэзідэнта краіны Эва Маралеса ў правядзенні неаліберальнага эканамічнага курсу.

Ужо будучы ўзятымі ў закладнікі, Ільянэс даў інтэрв'ю мясцовай радыёстанцыі, у якім сказаў, што ў абмен на яго вызваленне шахцёры патрабуюць згоды ўрада на змяненне працоўнага заканадаўства і пачатку перамоваў.

56-гадовага чыноўніка ўзялі ў палон у горадзе Пандурый, які знаходзіцца ў 160 кіламетрах ад фактычнай сталіцы краіны Ла-Паса (фармальная сталіца — Сукрэ).

Радольфа Ільянэс адправіўся туды, каб пераканаць шахцёраў вызваліць заблакаваную аўтамагістраль.



Каментаваць