«Шышкі» пад ёлку

У Грузіі легалізавалі марыхуану, цыгаркі з якой на мясцовым жаргоне называюць «шышкі». Да гэтага грузінскае занадаўства лічылася адным з самым жорсткіх на постсавецкай прасторы ў дачыненні да нарказлачынстваў.

Фота з сайта www.newsgeorgia.ge


Эпапея з «шышкамі» пачалася яшчэ ў мінулым годзе, калі апазіцыянер, на той час дэпутат парламента Грузіі Гога Хачыдзэ ўнёс на разгляд законапраект наконт адмены крымінальнага пакарання за ўжыванне лёгкіх наркотыкаў. Тое, што апазіцыя, якую фармальна ўзначальвае Міхаіл Саакашвілі, зацікавілася лёгкімі наркотыкамі, выглядае трошкі дзіўна. Справа ў тым, што пасля прыходу да ўлады партыі Саакашвілі ў 2004 годзе, новыя ўлады перш за ўсё абвясцілі вайну наркаманіі і хабарніцтву. І, трэба прызнаць, дамагліся ў гэтай галіне пазітыўных вынікаў.

Як следства, у тым ліку дзякуючы Саакашвілі, да 25 снежня ў Грузіі дзейнічала адно з самых жорсткіх на постсавецкай прасторы заканадаўства ў дачыненні да нарказлачынстваў. За гандаль наркотыкамі ў асабліва буйных памерах можна было трапіць у турму бестэрмінова. А за захоўванне, набыццё і перавозку — атрымаць ад 8 да 11 гадоў. Што тычыцца ўжывання наркотыкаў, то гэта цягнула на адміністрацыйнае пакаранне і штраф у 200 долараў, калі парушальніка зловяць упершыню. Калі такі факт будзе зафіксаваны паўторна — заводзілася крымінальная справа.

На карысць таго, каб перагледзець закон, аматарамі «шышак» быў вылучаны шэраг аргументаў. Напрыклад, жорсткі антынаркатычны закон мае свой пабочны эфект — у Грузіі квітнее аптэчная наркаманія. Палітыка забаронаў, як сведчыць статыстыка, не дае вынікаў. Калі верыць спецыялістам, у Грузіі ўжываюць марыхуану паўмільёна чалавек (15 працэнтаў насельніцтва), у тым ліку яе спрабавалі 11 працэнтаў школьнікаў.

З іншага боку, калі верыць Хачыдзэ, легалізацыя — «вялікі джокер для аздараўлення эканомікі і прыцягнення турызму». Асабліва падкрэслівалася, што магчымасць легальна паліць марыхуану прыцягне заходняга турыста, якога пакуль мала цікавяць грузінскія курорты. «Калі адбудзецца яе (марыхуаны) легалізацыя, дык для турызму не будуць патрэбныя нават самалёты. Заходнія турысты пешкі прыйдуць у Грузію», — кажуць прыхільнікік адмены забароны.

Праўда, такі падыход сустрэў заўвагі з боку крытыкаў. «І бардэлі адкрываць, за крадзеж не садзіць, і какаін падсыпаць у кока-колу! Тады ўсе злодзеі і наркаманы хлынуць да нас у Грузію!» — смяяліся на інтэрнэт-форумах. Шмат хто пабачыў у легалізацыі марыхуаны пагрозу маральнаму здароўю грузінаў.

Так ці інакш, праект Хачыдзэ ўлады і дэпутаты ўспрынялі ў штыкі. Ва ўрадзе гатовыя былі пайсці на саступкі прыхільнікам змякчэння наркапалітыкі, аднак  ідэю легалізацыі рашуча адкінулі. Адзінае, на што яны былі згодныя, — адмену турэмнага пакарання ў выпадку рэцыдыву.

Нежаданне чыноўнікаў ісці на рэформы падштурхнула прыхільнікаў праекту Хачыдзэ выйсці на вуліцы. На пачатку снежня акцыя за легалізацыю марыхуаны ў грузінскай сталіцы нават перарасла ў сутыкненні з паліцэйскімі пасля таго, як сотні ўдзельнікаў акцыі перакрылі рух на праспекце Руставелі. Двух чалавек затрымалі, аднак маніфестанты паспрабавалі адбіць іх у паліцыі.

Адначасова ў ход пайшла пагроза кампрамату. «Нам цяжка ўявіць, што ўсе тры адрасаты нашага звароту ні разу не парушалі закон і не палілі марыхуану. Хоць адзін з вас парушае яго па гэты дзень, і мы дакладна ведаем гэта», — гаварылася ў звароце прыхільнікаў легалізацыі да старшыні парламента, прэм'ер-міністра і прэзідэнта. Праўда, імя таго, хто з пералічаных чыноўнікаў захапляецца «шышкамі», так у выніку і не назвалі.

Наступная вылазка актывістаў кампаніі за легалізацыю была запланаваная на Новы год. У ноч на 31 снежня Хачыдзэ і яго атачэнне паабяцалі публічна пасадзіць каноплі ў сваім офісе, каб свядома быць арыштаванымі. Здзейсніць такое наважыліся яшчэ 480 чалавек па ўсёй краіне, а амаль паўтары тысячы ў інтэрнэце аказалі парушальнікам антынаркатычнага закону маральную падтрымку. Аднак да масавых арыштаў не дайшло. Днямі Канстытуцыйны суд, куды справа трапіла пасля таго, як яе адхіліў парламент, дазволіў жыхарам краіны ўжываць марыхуану ў невялікіх колькасцях.

Галоўнай умовай для легальнага ўжывання марыхуаны суд назваў недастатковы для продажу аб'ём: не больш за 70 грамаў марыхуаны. Пры такім аб'ёме практычна немагчыма даказаць, што яе ўладальнік планаваў збыць наркотык. З гэтай прычыны суд палічыў негуманным крымінальнае пакаранне за захоўванне і ўжыванне марыхуаны ў невялікіх колькасцях.

Спажыўцы марыхуаны радуюцца, але гісторыя яшчэ не скончана. Па-першае, набываць «шышкі» ў Грузіі для асабістых мэтаў усё яшчэ забараняецца (аднак гэтую забарону таксама плануюць перагледзець). Па-другое, сацыяльныя наступствы легалізацыі пакуль цяжка прадказаць. Відавочна, што гэта пацягне за сабой бум на рынку наркатычных сродкаў і, як следства, рост крыміналу. Такі сцэнар, наадварот, здольны сапсаваць імідж Грузіі, якой раней менавіта праз засілле мафіі адмаўляліся даваць бязвізавы рэжым. І гэта не кажучы пра тое, што актывізацыя злачыннасці стымулюе грамадскія настроі за яшчэ больш жорсткую забарону «шышак».



Каментаваць