Таямніцы Жарэса Алфёрава

Жарэса Алфёрава, аднаго з вядучых лабістаў беларускага рэжыму, падазраюць у стварэнні ўласнага бізнэс-клана. Нагодай для таго, каб журналісты звярнулі ўвагу на эканамічную дзейнасць навукоўца, сталі нядаўнія дэбаты вакол праекта рэформы Расійскай Акадэміі Навук (РАН). Трэба прызнаць, што гэта вельмі супярэчлівы праект, які выклікаў шмат спрэчак і альтэрнатыўных прапаноў.



Рэформа расійскай навуковай сістэмы наспела даўно: сярэдні ўзрост доктара навук — 65 гадоў, кандыдата навук — 53 гады, за апошнія пяць гадоў колькасць аспірантаў паменшылася амаль на чвэрць. Нарэшце, кожны чацвёрты супрацоўнік ва ўзросце да 35 гадоў заняты на няпоўную стаўку, паколькі вымушаны падзарабляць у іншым месцы.

У шэрагах апанентаў рэформы апынуўся і Алфёраў. Ён нават у знак пратэсту супраць рэформы РАН пакінуў Грамадскую раду пры Міністэрстве адукацыі. Адначасова Алфёраў прапанаваў сваё бачанне рэформы акадэмічнай сферы: «Рэформа ў РАН — справа саміх навукоўцаў!»

Сутнасць праекта Алфёрава была выкладзена роўна год таму. На прэзідыуме пецярбургскага Навуковага цэнтра РАН нобелеўскі лаўрэат прапанаваў змяніць яго статут, стварыць Санкт-Пецярбургскае аддзяленне РАН, каб ужо ў 2014 годзе асобным радком патрапіць у дзяржаўны бюджэт.

Алфёраў таксама выступіў за працяг практыкі дзяржаўных датацый для навукі па прыкладу савецкіх часоў. «Самая важная задача, якая стаіць перад намі, — зрабіць навуку запатрабаванай. Без гэтага яе не вывесці з цяперашняга бядотнага становішча. Са шматгадовага савецкага досведу мы выдатна ведаем, што калі навука запатрабавана, то заўсёды з’яўляюцца сродкі на рэалізацыю навуковых распрацовак і даследаванняў. Такія ўмовы і трэба стварыць у нашай краіне сёння», — лічыць навуковец. Здаецца, усё правільна.

Але прэса мяркуе, што за крытыкай на адрас рэформы ўтойваецца матэрыяльная зацікаўленасць Жарэса Іванавіча. Дзякуючы дэбатам вакол праекта рэфармавання РАН нечакана сталі вядомыя падрабязнасці некаторых працэсаў у навуковай супольнасці.

Высветлілася, што асобныя энергічныя навукоўцы ў зацятай барацьбе, выкарыстоўваючы сваю непасрэдную блізкасць да Пуціна, стварылі магутныя кланы, якія атрымалі ў сваё распараджэнне велізарную ўласнасць і дзяржаўныя прэферэнцыі. Задуманы праект рэформы (нават калі ён не аптымальны) так ці інакш паставіць гэтыя імперыі пад удар.

Сваю імперыю стварыў, па меркаванні некаторых СМІ, і нобелеўскі лаўрэат. Было б наіўна меркаваць, што гэта імперыя абмяжоўваецца ўзначаленым ім Навукова-адукацыйным комплексам «Санкт-Пецярбургскі фізіка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтр». Так, старшынёй Кіравання фонду падтрымкі адукацыі і навукі (т. зв. «Алфёраўскага фонду»), а заадно і начальнікам аддзела інавацый і ўкаранення новых тэхналогій СПБ АУ НОЦ НТ РАН з’яўляецца бізнэсмэн, дырэктар ЗАТ «Ситроникс», сын Жарэса — Іван Алфёраў. Ён раз’язджае па Пецярбургу на наварочанай «Бэнтлі» і руліць прадпрыемствам, якое стварае сім-карты амаль для ўсіх тэлефонных кампаній Расіі.

Цікава, што Іван Алфёраў, які пачынаў з арэнды ў Фізіка-тэхнічнага інстытута ім. Іофэ гаража, нядаўна апынуўся героем WikiLeaks. Як паведамляецца ў засакрэчанай зводцы амерыканскага амбасадара, на сустрэчы з ім досыць адкрыта выказваюцца розныя прадстаўнікі сучаснай навукі. Так, прадстаўнік «навуковага» клана, як інфармуе амбасадар, распавёў: «Шматлікія акадэмікі старэйшага ўзросту ўдзельнічаюць у бізнэсе, выкарыстоўваючы ўласнасць Акадэміі навук. Напрыклад, Алфёраў паклапаціўся пра тое, каб яго сын кіраваў рэстаранамі і сталовымі ў памяшканнях Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу». «Не жадаючы адмаўляцца ад гэтых сумнеўных крыніц прыбытку, службоўцы РАН хаваюцца за шчытом сумленнасці і высакароднасці навукі пры вядзенні барацьбы з Міністэрствам адукацыі і навукі», — каментуе паведамленне сайт «Русский Репортёр».

Не забылася прэса і тое, што Жарэс Алфёраў з’яўляецца сустаршынёй Кансультатыўнай навуковай рады фонду «Сколкава». Як вядома, «Сколкава» ў апошні час у Расіі ператварылася ў сінонім слова «распіл». Так, у лютым 2013 года стала вядома пра распачацце Следчым камітэтам крымінальнай справы па арт. 160 Крымінальнага кодэкса (растрата) у дачыненні былога дырэктара фінансавага дэпартамента фонду «Сколкава». Экс-фінансіст фонду Кірыла Лугаўцоў, па версіі следства, незаконна патраціў 24 мільёна расійскіх рублёў, арандаваўшы нерухомасць у кампаніі, якая належыць яго маці.

Не зразумела, як постаць патрыёта, як называе сябе Алфёраў, суадносіцца з пасадай старшыні дзяржаўнай камісіі па пытаннях увозу на тэрыторыю РФ апрамененага ядзернага паліва. Супраць ператварэння Расіі ў звалку рэгулярна пратэстуюць эколагі, прыкоўваючы сябе да рэек на шляхах цягнікоў з радыеактыўнымі адыходамі з усёй Еўропы.

Наогул, менавіта супярэчнасць паміж публічнымі заявамі і ўчынкамі стварае падазрэнні ў тым, што ў Жарэса ёсць бізнэс-таямніцы. У тым ліку гэта тычыцца і тэмы грамадска-палітычнай мадэлі ў Беларусі, якую Алфёраў разглядае ледзь не як арыенцір для Расіі.

Напрыклад, цікавая рэакцыя лаўрэата (а хутчэй, адсутнасць рэакцыі) на рэформу Акадэміі Навук у Беларусі. Контуры рэформы Лукашэнка асабіста накідаў 4 жніўня на адмысловай нарадзе, прысвечанай гэтай праблеме. Нагадаем, асноўныя накірункі вызначаных пераўтварэнняў: «Плаціць шалёных грошай мы з 1 студзеня нікому не будзем. А навукоўцам — найперш, таму што навукоўцы — разумныя людзі, павінны зарабіць і сабе, і дзяржаве. Таму навошта ж мы будзем выкідваць з бюджэту грошы, не атрымліваючы належнай аддачы».

Што ж тычыцца фундаментальнай навукі, якая не абяцае хуткай аддачы, то пра яе развіццё ў Беларусі Лукашэнка прапануе падумаць асобна. Ён таксама лічыць, што неабходна канчаткова вызначыцца з лёсам фундаментальнай навукі. «У нас не такая вялікая і багатая краіна, каб развіваць шырокі спектр падобных даследаванняў. Пытанне ў тым, наколькі яны патрэбныя нам, гэтыя фундаментальныя даследаванні», — дадаў Лукашэнка. Апошняе ноў-хаў рэформы навукі па-беларуску — навукоўцы павінны самі шукаць сабе фундатараў, у тым ліку і за мяжой.

Зразумела, што радыкальна рынкавы праект Лукашэнкі цалкам супярэчыць больш этатысцкаму і леваму канцэпту Алфёрава, што, аднак, не прымусіла нобелеўскага лаўрэата асудзіць Аляксандра Рыгоравіча. Хоць, нагадаем, гаворка ідзе пра лёс навукі не дзе-небудь, а на гістарычнай радзіме Жарэса Іванавіча.

Але Алфёраў зацята маўчыць, ад чаго мімаволі задаеш пытанне — няўжо і ў кантактах Алфёрава з Мінскам таксама ёсць таямніца?

Каментаваць