Такі футбол нам не патрэбны

Хаця турнір “Еўра–2012 яшчэ не закончыўся, у Польшчы імкліва пашыраецца рух яго крытыкаў.

“Новы Час ужо пісаў, што сінхронна з адкрыццём чэмпіянату Еўропы па футболу ў Польшчы стартавала кампанія супраць правядзення турніру. Яе арганізатарамі выступіла купка анархістаў, асацыяцый арандатараў жылля і актыў незалежных прафсаюзаў. Надпісы на білбордах, выстаўленых арганізатарамі ва ўсіх чатырох польскіх гарадах, якія прымаюць турніры, патрабавалі: “Хлеба, а не гульняў!.



Хаця турнір “Еўра–2012 яшчэ не закончыўся, у Польшчы імкліва пашыраецца рух яго крытыкаў.

“Новы Час ужо пісаў, што сінхронна з адкрыццём чэмпіянату Еўропы па футболу ў Польшчы стартавала кампанія супраць правядзення турніру. Яе арганізатарамі выступіла купка анархістаў, асацыяцый арандатараў жылля і актыў незалежных прафсаюзаў. Надпісы на білбордах, выстаўленых арганізатарамі ва ўсіх чатырох польскіх гарадах, якія прымаюць турніры, патрабавалі: “Хлеба, а не гульняў!.

Здавалася, што перад намі нейкая лявацкая маргіналія, якая хоча нагадаць пра тое, якое месца займаюць спартовыя відовішчы ў сацыяльнай інжынерыі пры капіталізме. Такое ўражанне яшчэ больш узмацнілі ваяўнічыя заявы мясцовых феміністак, якія абвясцілі вайну “Еўра–2012 і УЕФА за стварэнне рынку сэкс-паслуг (так яны называюць спаборніцтвы кшталту “Еўра–2012).

Аднак цяпер сітуацыя мяняецца. Апошнія прагнозы пра хуткую другую хвалю эканамічнага крызісу, на фоне якога праводзіцца цяперашні турнір, надакучлівая патрыятычная істэрыка ў СМІ і правал польскай зборнай прыцягнулі ўвагу грамадскасці да тэзісаў крытыкаў УЕФА і да цяперашняй мадэлі футболу ўвогуле.

Перш за ўсё, “антыфутбольны пратэст — спантанная рэакцыя на вялікую колькасць прапаганды ў вядучых СМІ, аўтары якой намагаюцца прадставіць “Еўра–2012 як глабальнае дасягненне, сімвал таго, што ў Польшчы ўсё добра. Відавочна, што ў значнай ступені гэта не адпавядае рэальнасці.

Адзін з блогераў піша: “З нагоды “Еўра–2012 перажываю сапраўдны шок, які арганізавалі мне СМІ. Вядучыя выданні штодня кажуць нам: “Польшча — ОК ды “Файная Польшча. Або яны не бачаць, што робіцца вакол, або, к...ва, гэта я нейкі вар’ят. Няма падставы, каб цешыцца. Мы займаем амаль апошнія месцы ва ўсіх табліцах еўрапейскай статыстыкі. На берагах Віслы паўтара мільёна дзяцей не маюць доступу да асноўных даброт. 6,7 працэнта палякаў жыве ў беднасці. Вось гэта сапраўды прэм’ер-ліга!

Чым больш эканамісты кажуць пра новы віток крызісу, тым больш актуальным становіцца пытанне, наколькі патрэбна (і этычна) было інвеставаць грошы ў развіццё дарагой спартовай інфраструктуры падчас крызісу. Як вядома, у асноўным рамонт краіны перад турнірам адбываўся за грошы  падаткаплацельшчыкаў.

У буклеце польскай ініцыятывы “Chleba zamiast igrzysk (“Хлеба, а не гульняў) гаворыцца: “У той час, як на арганізацыю футбольнага турніру пайшлі мільярды злотых, у Польшчы скарачаюцца выдаткі на рэалізацыю асноўных сацыяльных запатрабаванняў. Зачынены дзіцячыя садкі, школы і грамадскія цэнтры, назіраецца рост платы за дзіцячыя сады, грамадскі транспарт і жыллё, прыватызаваныя ці зачыненыя шпіталі. Не хапае грошай на барацьбу з беспрацоўем, якое працягвае расці. Значна павялічылася плата за газ, электраэнергію, паліва, ваду і медыкаменты.

Між тым, аказваецца, усе інвестыцыі ў “Еўра–2012 былі ад самага пачатку нерэнтабельнымі. Па разліках эканамістаў з “Галоўнай школы гандлёвай, да 2020 года акупіцца толькі траціна сродкаў, інвеставаных у цяперашнюю спартовую імпрэзу. На думку шмат каго, інвестыцыі прывялі да таго, што ў краіне фактычна было замарожана будаўніцтва сацыяльнага і камунальнага жылля. А гэта можа бліжэйшым часам прывесці да росту коштаў на нерухомасць.

Тым больш, каб падтрымліваць створаную за апошнія гады інфраструктуру, пасля чэмпіянату будуць патрэбныя сродкі. Рэканструкцыя стадыёнаў прывядзе ў будучым да росту коштаў білетаў на матчы.

Апошняе, зразумела, не вельмі цешыць фанатаў і шараговых прыхільнікаў футболу. А таксама тое, што менавіта на падставе правядзення “Еўра–2012 былі прынятыя новыя, больш жорсткія правілы знаходжання на польскіх стадыёнах. Нядзіўна, што яшчэ напярэдадні чэмпіянату на сайтах заўзятараў пачалася свая кампанія супраць “Еўра–2012. Яе ініцыятары кажуць, што па сутнасці Дональд Туск жадае паўтарыць вопыт Маргарэт Тэтчэр, якая за кошт паліцэйскіх мер і дарагіх білетаў ператварыла англійскі футбол з любімага відовішча рабочых у забаўку сярэдняга класа.

У гэтым плане не вытрымлівае ніякай крытыкі тэорыя пра тое, што кантора Мішэля Плаціні спрыяе папулярызацыі масавага спорту. Праўда, калі на стадыёнах падчас матчаў “Еўра–2012 і прысутнічае прапаганда, то галоўным чынам у форме рэкламы тых ці іншых прадуктаў.

“Гэта не патрыятызм, а нейкі дзіўны люмпенпатрыятызм, які заключаецца ў набыцці тавараў з маркай “Еўра–2012 у супермаркетах “Biedronka. Атрымліваецца, што ад патрыёта цяпер патрабуюцца якасці пасіўнага спажыўца і гледача шоў. І пры гэтым нельга задаваць пытанне: чаму адны святкуюць свята патрыятызму ў элітных ложах, распіваючы шампанскае, а іншыя — ужываюць мадыфікаваныя кілбасы, набытыя па дысконту? — піша сайт Lewica.pl.

Не вельмі пасуе патрыятычная лексіка ўрада Дональда Туска і прынцыпам фармавання польскай зборнай. Вядома, што напярэдадні “Еўра–2012 у яе склад уключылі этнічных палякаў з Германіі і Францыі, якія даўно забыліся пра сваё польскае паходжанне.

“Ералаш, вядомы ў народзе як “польская зборная, нават не заслугоўвае падтрымкі ў выглядзе стральбы адзінкавымі стрэламі ў лесе. “Немец, які, калі б не “Еўра–2012, ніколі б не прыехаў у нашу краіну. “Француз, які “вольна каверкае нашу мову. Лепш бы на іх месца выйшлі палякі з моладзевай зборнай (нават калі б яны прайгралі). Толькі б не чуць, як нямецкі і французскі гульцы спяваюць польскі гімн, у якім напэўна ведаюць хіба пару радкоў, — абураецца сайт Lewica.pl.

Тое, што тон у крытыцы “Еўра–2012 задаюць левыя выданні, дазваляе ацаніць сітуацыю больш маштабна, а не проста як змову ліберальнага кабінета Дональда Туска. Так, праціўнікі УЕФА правільна адзначаюць, што праблема не ў Туску і не ў Плаціні, а ў камерцыялізацыі футбола і апетытах чыноўнікаў УЕФА.

“Разам з “Еўра–2012 у наш край завітаў футбол, арыентаваны выключна на прыбытак, які забівае сапраўдны фанатызм, ад якога за кіламетр смярдзіць камерцыяй. Такі футбол нам не патрэбны, — робіць рэзюме адзін з фанатаў-блогераў.

Аднак якая гэтаму можа быць канструктыўная альтэрнатыва? На сайтах крытыкаў УЕФА можна сустрэць заклікі да вяртання футболу ў эру непрафесійнага спорту. Напрыклад, фракцыя прыхільнікаў папулярнага клубу Manchesteru United, пратэстуючы ў 2010 годзе супраць продажу клубу нейкаму алігарху, стварыла свой аматарскі клуб FC United of Manchester, які належыць непасрэдна заўзятарам. Клуб гуляе ў аматарскай лізе і нават збірае па 5–6 тысяч гледачоў. Падобныя клубы апошнім часам узнікаюць усё часцей.

Аднак пакуль перспектыва стварэння ў той жа Польшчы аматарскай футбольнай лігі выглядае не менш фантастычнай, чым перамога на “Еўра–2012 зборнай Расіі пад кіраўніцтвам Дзіка Адваката.
 

Каментаваць