Такая Індыя ім не патрэбная

 Самы паспяховы галівудскі фільм пра Індыю «Мільянер з трушчобаў» рэжысёра Дэні Бойла выклікаў масавыя пратэсты саміх індусаў.

Амерыканскімі кінематаграфічнымі акадэмікамі стужка прызнаная лепшым фільмам 2008 года. На мінулым тыдні «Мільянеру з трушчобаў» уручылі аж восем “Оскараў. Здавалася б, індусам трэба толькі радавацца. Аднак у Індыі трошкі іншая рэакцыя на галівудскія фільмы пра Індыю.



 Самы паспяховы галівудскі фільм пра Індыю «Мільянер з трушчобаў» рэжысёра Дэні Бойла выклікаў масавыя пратэсты саміх індусаў.

Амерыканскімі кінематаграфічнымі акадэмікамі стужка прызнаная лепшым фільмам 2008 года. На мінулым тыдні «Мільянеру з трушчобаў» уручылі аж восем “Оскараў. Здавалася б, індусам трэба толькі радавацца. Аднак у Індыі трошкі іншая рэакцыя на галівудскія фільмы пра Індыю.

Спачатку колькі слоў пра сюжэт: фільм распавядае пра хлопчыка Джамала Малка, мусульманіна з Бамбею, які знаходзіцца ў адным кроку ад перамогі ў шоу «Хто хоча стаць мільянерам». Паліцыя не верыць, што ён, неадукаваны чалавек, мог атрымаць прыз сумленна. Хлопчык даводзіць, што адказ на кожнае пытанне вядучага падказала яму само жыццё: кантакты з крыміналам, беднасць, пагромы мусульман у Бамбеі ў 1993 годзе, праца афіцыянтам. Інтуітыўна ў эпізодах свайго жыцця ён знаходзіў правільны адказ на пытанні шоумена. У фінале герой атрымлівае прыз і сустракае каханую, якую ведаў яшчэ з дзяцінства. Натуральна, у стужцы шмат танцаў, шакіруючых сцэнаў быту трушчобаў, гвалту.

Большасць заходніх кінакрытыкаў трактавала фільм як добрую рамантычную гісторыю. Аднак у Індыі ў кінастужцы пабачылі замах на нацыянальную культуру, правы чалавека і годнасць дзяцей. Хаця сам рэжысёр казаў, што хацеў сваім фільмам папросту паказаць гуманістычны аспект у жыцці індыйскіх жабракоў, яму не паверылі.

Знайшлі мільён рэчаў, якіх у індыйскіх умовах проста не можа быць. Пачынаючы з таго, што галоўны персанаж размаўляе па-англійску быццам ён вучыўся ў Оксфардзе.

Натуральна, індускія фундаменталісты пабачылі ў карціне здзек з вобразу Індыі. Для іх твор Бойла — не што іншае, як перанос заходніх міфаў пра бедную Індыю, якая на самай справе мусіць стаць глабальным лідэрам ХХІ стагоддзя. Фундаменталістам таксама не спадабалася, як героі карціны кажуць пра індуісцкіх багоў. Яны падазраюць стваральнікаў у жаданні выклікаць канфлікт паміж мусульманамі і індусамі. На іх думку, калі здымаліся сцэны пагрому мусульман з боку індусаў, дырэктар карціны жадаў паказаць прыхільнікаў індуізму як монстраў.

Наступны пункт крытыкі — амаральнасць. Фундаменталісты нават паставілі ў віну рэжысёру захапленне «парнаграфіяй бедных» (?) і комплекс сексуальнага вычварэнца, які падглядвае за аголенымі людзьмі — маладымі жыхарамі трушчобаў.

Справа ў тым, што ў фільме, які мае выразны рамантычны сюжэт, граюць дзеці, прычым з сапраўдных трушчобаў. Пры гэтым падчас здымкаў, нягледзячы на вялікі па індыйскіх маштабах заробак (1000 долараў ЗША), маленькія артысты працягвалі жыць у трушчобах. Былі плёткі, што бацькі малых акцёраў забіраюць у іх заробак, б’юць і г.д. Здымачнай групе давялося рабіць спецыяльную заяву на гэты конт. Акрамя таго, яны падкрэслілі, што дэманстрацыя адносінаў маленькіх герояў, якія пазней вырастаюць у каханне, не будзе мець эратычнага падтэксту.

Увогуле, ідэя здымаць сапраўдных дзяцей з трушчобаў дорага каштавала здымачнай групе. Нейкія абаронцы правоў дзяцей выкапалі факт, што дырэкцыя карціны нібыта не заплаціла некаторым дзецям, якія гулялі ў масоўцы. Таму ў некаторых індыйскіх гарадах узніклі грамадзянскія ініцыятывы, што арганізавалі акцыі пратэсту падчас якіх палілі плакаты «Мільянеру з трушчобаў» і нават атакавалі кінатэатры, дзе праходзілі прэм’еры стужкі.

Іншыя апаненты Бойла прадстаўлены рознымі левымі актывістамі. Яны б’юць у набат: фільм не выклікае ў заходніх гледачоў думку пра тое, што яны таксама нясуць адказнасць за такую з’яву, як глабальная беднасць. Яшчэ большую крытыку выклікала ў фільме фігура брытанца, які дапамагае герою. «Няўжо ўсё, што патрэбна беднай моладзі, добры брытанскі доктар?» — задаецца пытаннем блізкае да левых поглядаў брытанскае выданне Guardian. Аўтар артыкула дадае: за феномен трушчобаў адказны карумпаваны ўрад, Міжнародны валютны фонд са сваімі праграмамі структурных рэформаў для краін Трэцяга свету і, нарэшце, транснацыянальныя кампаніі, якія эксплуатуюць рэзервы краін поўдня.

Да кампаніі пратэстаў далучыліся акторы індыйскага кіно. Амітабх Бахчан, вядомы індыйскі артыст, скардзіцца на сваім блогу, што ягоная радзіма выглядае ў фільме як «брудны, неразвіты куток Трэцяга свету». Цікава, што Амітабх доўгі час быў вядучым праграмы «Хто хоча стаць мільянерам». Наогул, прысутнасць індыйскіх кіношнікаў наводзіць на думку пра тое, што яны з вялікай рэўнасцю рэагавалі на поспех фільму.

Сапраўды, толькі за першыя выходныя з пачатку пракату ў Індыі фільм прынёс стваральнікам 2,2 мільёна долараў ЗША. Падчас трансляцыі цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» уся Індыя балела за «Мільянера з трушчобаў». Аднак стужка — толькі трэці па палярнасці галівудскі фільм. Самы паспяховым фільмам Галівуду ў індыйскім пракаце быў «Чалавек-павук». І ніхто чамусьці не бачыў у ім замах на індыйскую культуру, традыцыі, рэлігію і г.д.

Каментаваць