Татары і байкот

Татарская грамадскасць раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў байкоту правядзення сусветнай Універсіяды ў Казані. Сама ўніверсіяда пройдзе ў ліпені, аднак ужо зараз усе эксперты ўпэўненыя: спаборніцтвы студэнтаў стануць адной з самых знакавых падзей у гісторыі Татарстану. 



Па маштабнасці і значнасці Сусветная летняя Універсіяда параўнальная з Алімпійскімі гульнямі. Сусветныя летнія Універсіяды збіраюць да 10 тысяч спартсменаў са 150 краін, сярод якіх разыгрываецца больш за тры сотні медалёў.

Таму, напэўна, і сродкаў татарскія і федэральныя ўлады не шкадавалі. Для Універсіяды ў сталіцы Татарстану стварылі новую спартовую і транспартную інфраструктуры: новы футбольны стадыён, жылы раён для спартсменаў, водны палац, авіятэрмінал, чыгуначны вакзал. Нават адкрылі другую лінію метро.
Аднак стаўленне татарскай грамадскасці да ўніверсіяды неадназначнае. Адна фракцыя інтэлігенцыі вітае мерапрыемства. Другая — наадварот, заклікае да байкоту.

Групоўка актыўных прыхільнікаў байкоту знаходзіцца за мяжой. Яе лідар — Віл Мірзаянаў. У 2008 годзе яго абралі кіраўніком татарскага ўраду ў замежжы. Віл лічыць, што правядзенне ўніверсіяды ў Казані прыдумалі ў Маскве з мэтай давесці, што Татарстан легітымна належыць Расіі. Між тым, нагадвае Мірзаянаў у сваіх артыкулах, Казанскае ханства далучылі да Расіі гвалтоўна ў часы Івана Жахлівага. Таму, паводле Мірзаянава, татары падпадаюць пад існуючы ў амерыканскім праве тэрмін «зняволеныя народы». Спецыяльны закон ЗША забараняе амерыканскім грамадзянам учынкі, якія могуць нанесці ўдар па незалежніцкаму руху зняволеных народаў. Калі спартовая дэлегацыя ЗША адправіцца на казанскую ўніверсіяду, усе зразумеюць гэта як прызнанне Штатамі легітымнасці расійскай акупацыі Татарстану, што, відавочна, сапсуе статус нацыяналістаў. Цяпер Мірзаянаў праводзіць бамбардзіроўку лістамі пратэсту высокапастаўленых спартовых чыноўнікаў у Вашынгтоне, заклікаючы іх трымацца духу закона пра зняволеныя народы.

Таксама за байкот выступае Мілі Меджліс Татарскага народа. Не так даўно ён распаўсюдзіў такі тэкст: «Мы звяртаемся да перадавых дэмакратычных краін, да міжнародных праваабарончых арганізацыяў не дасылаць спартсменаў і дэлегацый на наступныя студэнцкія гульні ў Казані, якія пройдуць у ліпені 2013 года. Прызнаўшы ўніверсіяду і прыняўшы ўдзел у ёй, вы надасце легітымнасць таталітарнаму рэжыму, які склаўся ў краіне. Татарстан ператварыўся ў антытэрарыстычны выпрабавальны палігон Расіі, у эксперыментальную пляцоўку дзяржаўнага тэрору ў адносінах да мусульман Расіі. Татарстан — месца, дзе груба парушаюцца правы чалавека, турмы перапоўненыя бязвінна зняволенымі людзьмі, тут праваахоўныя органы гвалцяць людзей, тут працягваецца 1937-ы год. У такім месцы павінна праводзіцца не Універсіяда, а Нюрнбергскі працэс супраць дзяржаўных злачынцаў!»

Такі эмацыйны тон выкліканы шэрагам хапуноў, якія мелі месца апошнім часам у аўтаноміі. Спецслужбы нейтралізуюць ісламскія асяродкі, якія не падпарадкоўваюцца праўладным ісламскім арганізацыям. Раней з’явілася інфармацыя, што назіраецца перадыслакацыя ісламскіх экстрэмістаў у накірунку Казані. Зразумела, што падчас падобных аперацый паліцыя асабліва не разбіраецца, хто сапраўды экстрэміст, а хто не.

Аднак большасць інтэлігентаў у Казані, здаецца, прытрымліваюцца палярнай думкі адносна ідэі байкоту Універсіяды. Іх падыход добра ілюструе фрагмент з артыкулу аднаго з татарскіх культурных актывістаў. «Правядзенне Універсіяды–2013 у Казані дае шанец для татарскага народа скінуць з сябе, як старую скуру, векавыя пласты хлусні і падману пра сябе. Было б недаравальным пралікам не скарыстацца магчымасцю выступіць на сусветнай трыбуне, зафіксаваць у крыніцах масавай інфармацыі, у грамадскай свядомасці сапраўдную гісторыю татарскага народу».

З гэтым згодная самая буйная татарская нацыяналістычная арганізацыя Татарскі грамадскі цэнтр (ТОЦ). На інтэрнэт-старонцы ТОЦ можна прачытаць: «Яны (прыхільнікі байкоту) лічаць, што свята спорту не можа праводзіцца ў краіне, якая з’яўляецца па факту ўнітарнай таталітарнай дзяржавай. Апошнія патрабаванні выглядаюць дзіўнымі. Расія, вядома, не таталітарная дзяржава, якой быў СССР. Універсіяда ўжо дала велізарны штуршок для пазітыўнага іміджу Татарстана, для пазітыўнага ўспрымання татарскага народу ў свеце. Правядзенне такога буйнога міжнароднага мерапрыемства рэзка ўмацавала пазіцыі Татарстана. І заклікі да байкоту Універсіяды ў Казані якраз вядуць да падрыву дзяржаўнасці Татарстана».

Брашура «Праўдзівая гісторыя татарскага народа», пад аўтарствам акадэміка Акадэміі навук Татарстана Мірфатыха Закіева, выдадзеная, як пазначана на тытульным лісце твору, адмыслова для «гасцей Універсіяды». Праўда, публікацыя Закіева выявіла новую праблему для аматараў прапагандаваць сапраўдную гісторыю татарскага народу і яго культуру ў рамках Універсіяды. Аказваецца, адзінай кампраміснай канцэпцыі гісторыі татарскага народу няма.

Яблык разладу — удзел манголаў у этнагенезе татарскага народу. Адны лічаць, што старажытныя булгары (аўтахтоннае насельніцтва тэрыторыі цяперашняга Татарстану да прыходу Батыя) далі адпор армадзе хана, захавалі ідэнтычнасць, хаця і пагадзіліся называцца татарамі. Іншыя перакананыя, што асіміляцыя булгар з боку мангола-татар мела месца, што, праўда, дае права разглядаць таго ж Батыя як татарскага героя.

Цэнтральныя і мясцовыя ўлады на гістарычныя тэксты вочы заплюшчваюць, аднак іх лаяльнасць яўна часовая. Усё сведчыць пра тое, што на нацыяналістаў, якія выказваюцца супраць байкоту, напярэдадні спаборніцтваў будуць моцна ціснуць. Так, увесну атрымаў павестку ў войска лідар моладзевай нацыяналістычнай арганізацыі «Азатлык», якая, дарэчы, падтрымала Універсіяду. Вядома, што фактычна ўсяму актыву арганізацыі адпаведныя органы параілі на час Гульняў пакінуць Казань.

Самае незвычайнае, што галоўным рухам за байкот Універсіяды ў такой сітуацыі сталі не татарскія нацыяналісты, а эколагі. Яны пачалі кампанію «Стоп універсіядзе на крыві». Ініцыятыва ўзнікла пасля таго, як казанскі гарадскі камітэт ЖКГ вырашыў цалкам (!!!) пазбавіць горад ад бадзяжных сабак шляхам іх адлову і забойства.

Пасля пратэстаў эколагаў улады пагадзіліся скараціць колькасць ахвяр — з 6958 да 3332. Памяншэнне колькасці не супакоіла абаронцаў братоў меншых. Калі меркаваць па інтэрнэце, іх кампанія працягваецца, і дастаткова актыўна. Так, напрыканцы красавіка ў Парыжы прайшоў пікет, удзельнікі якога заклікалі байкатаваць казанскую антыэкалагічную ўніверсіяду. Акцыя мела вялікі рэзананс у СМІ і яўна папсавала імідж уладам Казані

Каментаваць