Тэлефоны Android без дазволу адпраўляюць дадзеныя карыстальніка ў Google

Большасць смартфонаў, якія працуюць на аперацыйнай сістэме Android, збіраюць звесткі пра месцазнаходжанне карыстальніка і адпраўляюць іх распрацоўніку — кампаніі Goggle. Адбываецца гэта нават тады, калі опцыя геалакацыі на смартфоне адключаная.

Навінавы сайт Quartz паведаміў, што тэлефоны на базе Android збіралі інфармацыю пра бліжэйшыя базавыя станцыі мабільнай сувязі, якія выкарыстоўваюцца для перадачы мабільнага сігналу, і перадавалі гэтую інфармацыю Google, піша bbc.com. Тэлефон збіраў інфармацыю, нават калі опцыя геалакацыі была выключана ў меню налад і нават калі ў тэлефоне не было сім-карты. Адключыць збор і перадачу гэтых дадзеных было немагчыма.

Праблема закранула тыя тэлефоны на базе Android, на якіх у фонавым рэжыме працавала праграма Google Play Services. Дадатак неабходны для ўстаноўкі іншых праграм і ў большасці выпадкаў прадусталяваны на тэлефонах Android па змаўчанні.

Актывісты, якія выступаюць за канфідэнцыяльнасць асабістай інфармацыі, ужо заявілі, што Google "здрадзіў сваім карыстальнікам".

Google у адказ на публікацыю Quartz паведаміў, што перададзеныя дадзеныя пра месцазнаходжанне карыстальніка не захоўваліся на серверах кампаніі, і ўжо паабяцаў унесці змены ў сістэму Android, каб спыніць перадачу геолакацыйных дадзеных.

Google паведаміла, што займалася зборам адрасоў базавых станцый мабільнай сувязі на працягу 11 месяцаў у якасці дадатковай меры для далейшага павышэння хуткасці і паляпшэння якасці дастаўкі паведамленняў.
"Мы не ўключалі працэс вызначэння базавых станцый у сістэму сінхранізацыі сістэмы, таму ўсе гэтыя дадзеныя імгненна аўтаматычна выдаляліся", — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Арганізацыя Privacy International, якая займаецца абаронай правоў карыстальнікаў у інтэрнэце, заявіла, што выяўленая інфармацыя паказала, як мала ў людзей кантралюе, што робяць іх смартфоны.
"Калі мы набываем смартфон, мы не чакаем ад яго здрады, — кажа юрыст Privacy International Мілі Грэм Вуд. — І хоць Google ў дадзеным выпадку паабяцаў спыніць гэтым займацца, узнікае пытанне аб тым, што яшчэ кампанія робіць без ведама карыстальніка — і з якой мэтай".

Каментаваць