Тэнге ў вольным плаванні

У Казахстане імаверны старт аперацыі «пераемнік» прыйшоўся на самы вялікі абвал нацыянальнай валюты за часы незалежнасці. Пра сітуацыю, што склалася ў краіне, распавядае казахскі праваабаронца Андрэй Грышын.



— Як у лічбах выглядае восеньскі «тэнгепад»? Ці можна верыць СМІ, якія пішуць пра зачыненыя праз шалёны ажыятаж пункты абмену валюты?

— На працягу тыдня тэнге адносна долара абвалілася са 185 да 270 тэнге за адзін долар. Часам курс даходзіў да 300. Валютнай панікі ў поўным сэнсе гэтага слова няма. Долары набыць можна, аднак часам у банках іх прытрымліваюць зранку, бо пасля абеду курс звычайна трошкі расце. Увогуле, пра магчымы крах тэнге пісалі даўно, і хто хацеў, той ужо даўно перавёў свае капіталы ў еўра і долары. Аднак усё роўна адчуваецца напружанасць, паколькі ніхто не ведае, калі нарэшце будзе дно. У Цэнтрабанку кажуць, што не будуць асабліва намагацца выратоўваць тэнге, сыходзячы з новых прынцыпаў валютнай палітыкі. Па словах банкіраў, «казахстанская валюта адправілася ў вольнае плаванне».

— Якія фактары паўплывалі на развіццё такой сітуацыі?

— Прычыны падзення тэнге ў прынцыпе зразумелыя. Гэта следства глыбокага падзення сусветных коштаў на энерганосьбіты. Напрыклад, на нафтавы сектар у нас прыходзіцца 50% даходаў бюджэту і 60% экспарту. Ёсць, натуральна, і канспіратыўныя версіі. Напрыклад, нехта намагаецца звязаць дэфолт тэнге і амаль сінхронны зварот Пуціна да Думы з заклікам перавесці разлікі ўнутры Еўразійскага саюза на расійскія рублі. Гэта падаецца некаторым першым крокам па стварэнні еўразійскай валюты. Маўляў, Пуцін нейкім чынам наўмысна абрынуў тэнге, каб паскорыць інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы.

— Літаральна напярэдадні абвалу тэнге намеснікам прэм’ер-міністра была прызначаная дачка прэзідэнта Дарыга Назарбаева. У прэсе адразу з’явілася шмат спекуляцый наконт таго, што менавіта Дарыга можа стаць пераемнікам 75-гадовага Елбасы на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Як паўплывае цяперашні кепскі стан эканомікі на магчымую змену ўлады?

— Дарыга Назарбаева ў статусе пераемніка — гэта спрэчнае пытанне. Ёсць шмат аргументаў супраць яе кандыдатуры. Тут і лакальная традыцыя разумення функцый жанчыны ў соцыуме. І яе шлюб з алігархам, які з часам пайшоў у палітыку і стаў галоўным апанентам Назарбаева. Яе імя таксама звязанае з шэрагам гучных бізнес-афёраў. Таму не ўсе прадстаўнікі бізнес-эліты і мясцовыя кланы будуць падтрымліваць такое прызначэнне. Калі стаўка сапраўды зробленая на Дарыгу, то наўрад ці ўлада будзе асабліва звяртаць увагу на кепскі эканамічны фон і незадавальненне грамадзян. Прыклад таму — цяперашняя падрыхтоўка да датэрміновых выбараў у парламент. У іншай краіне ў падобных умовах такое мерапрыемства адтэрмінавалі б, баючыся ўсплёску незадаволення.

— Агульнавядома, што наступствам падаўлення страйку ў Жанаазене стала зачыстка казахскай апазіцыі. Ці рэшткі апазіцыйнага руху неяк рэагуюць на крызіс?

— Пасля Жанаазена апазіцыя цалкам перайшла ў фармат клубу дысідэнтаў. Як следства, увесь яе цяперашні пратэст абмежаваны гнеўнымі артыкуламі ў інтэрнэце. Ілюстрацыяй маргіналізацыі апазіцыі стаў казус Жамбыла Калауова. Гэты непрыкметны чыноўнік з Чымкенту нечакана стаў франтменам антыназарбаеўскай апазіцыі. Ён размясціў у сеціве запіс, у якім захапляўся адміністратыўнымі метадамі Аляксандра Лукашэнкі. У вертыкалі сімпатыі да замежнага гаранта палічылі замахам на аўтарытэт Назарбаева і выключылі Жамбыла з прэзідэнцкай партыі «Нур-Атан». Гэты скандал стаў падзеяй нацыянальнага маштабу.

— Як дзяржаўная прапаганда намагаецца апраўдаць дэвальвацыю?

— Назарбаеў асабіста заклікаў суайчыннікаў канстатаваць суровую рэчаіснасць — з улікам нізкіх коштаў на нафту і газ, краіна вымушаная зацягнуць паясы. Таксама ў афіцыёзе пачалася кампанія супраць спажывання імпартных тавараў, старт якой даў таксама прэзідэнт. Падчас сустрэчы з працоўнымі ён заклікаў грамадзян не набываць у тым ліку бананы, фуа-гра і лэндкрузеры. Заклік Елбасы выклікаў шквал абурэння ў сацсетках і стаў нагодай для розных жартаў і дэматыватараў. Напрыклад, юзеры заклікаюць Назарбаева растлумачыць народу, што такое фуа-гра?

— Некаторыя палітолагі прагназуюць, што ў постсавецкіх краінах Цэнтральнай Азіі можа з’явіцца новы палітычны актор — Ісламская дзяржава. Яны лічаць, што казахі, узбекі, таджыкі, якія зараз змагаюцца ў Іраку і Сірыі пад сцягамі ісламістаў, могуць з часам імпартаваць мадэль радыкальных ісламскіх рухаў на свае радзімы. Ці крах тэнге спрыяе пашырэнню папулярнасці экстрэмісцкіх поглядаў?

— Пакуль людзі ў моцным шоку і не ў стане думаць пра такія экзатычныя рэчы, як Ісламская дзяржава. Акрамя таго, больш за ўсё мусульман у Казахстане жыве на поўдні, дзе эканамічная сітуацыя хранічна цяжкая. Там, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, менш людзей трымаюць сродкі ў валюце, і пытанне пра тое, дзе набыць долары, для іх не такое праблематычнае.

— Якія прагнозы наконт развіцця сітуацыі?

— Усё залежыць ад таго, як дэфолт паўплывае на кошты. Пакуль улады намагаюцца адміністратыўна стрымліваць іх рост, аднак, думаецца, наўрад ці атрымаецца доўгі час трымаць кошты замарожанымі. У любым выпадку, народ вельмі незадаволены і раз’юшаны. Я думаю, што гэты калектыўны гнеў будзе так ці інакш праяўляцца, выйдзе за межы кухняў і інтэрнэт-форумаў. Праўда, якія канкрэтна формы ён набудзе, мне пакуль сказаць цяжка.

Каментаваць