Тэорыі арабскай рэвалюцыі

Інстутыцыйны крызіс, акт веры, сацыяльная незадаволенасць — палітолагі спрачаюцца наконт таго, што стала галоўным фактарам цяперашніх рэвалюцыяў на Усходзе. Прапануем агляд заходняй прэсы.

Трэба заўважыць, што мы ўсе сталі сведкамі падзеі гістарычнага маштабу. Тое, што адбылося на плошчы Тахрыр, ужо называюць «тэктанічным рухам гісторыі», «перазагрузкай парадку свету», «станаўленнем новага Усходу», «Зімой народаў» (аналогія з Вясной народаў — серыяй рэвалюцый у Еўропе ў 1848 годзе) і г.д.



Інстутыцыйны крызіс, акт веры, сацыяльная незадаволенасць — палітолагі спрачаюцца наконт таго, што стала галоўным фактарам цяперашніх рэвалюцыяў на Усходзе. Прапануем агляд заходняй прэсы.

Трэба заўважыць, што мы ўсе сталі сведкамі падзеі гістарычнага маштабу. Тое, што адбылося на плошчы Тахрыр, ужо называюць «тэктанічным рухам гісторыі», «перазагрузкай парадку свету», «станаўленнем новага Усходу», «Зімой народаў» (аналогія з Вясной народаў — серыяй рэвалюцый у Еўропе ў 1848 годзе) і г.д.

Ужо нарадзіўся цэлы жанр футуралогіі пра тое, якія наступствы можа мець егіпецкая Плошча. Яшчэ больш каментароў прысвечана непасрэдна рэвалюцыі. Пытанняў шмат. Ці была рэвалюцыя заканамернай? А можа, наадварот, Мубарак і Бен Алі дапусцілі нейкую фатальную памылку? Нарэшце, магчыма, сваю ролю адыграў знешні фактар (у тым ліку штучны), які разбурыў сістэму, што больш-менш стабільна існавала на працягу амаль паўстагоддзя?

Перш за ўсё, згадаем версію, прыхільнікі якой сцвярджаюць, што бунт рана ці позна адбыўся б, таму што арабскі аўтарытарызм супярэчыць сутнасці чалавека.

«The Guardian»: «Усё было лагічна. Каір завяршыў тое, на што намякнуў Туніс. Гэта, здаецца, аб’яднала Усход і Захад у разуменні: сапраўдная бяспека пачынаецца з годнасці чалавека і заснаваная на тым, што мы часта называем «hurriya» (араб. «свабода»)».

Калі гаворка вядзецца пра ролю ідэяў для калектыўнага дзеяння, то нельга не згадаць нацыяналістычную тэорыю, якую прапануе «Washington Post»: «Тое, за што змагаліся егіпцяне і тунісцы, было больш няўлоўным і інтуітыўным. У 1950-х гадах арабы ганарыліся антыкаланіяльнай барацьбой, лідарамі і тым, што арабскі свет пазначаў нешта, меў сваю місію — пабудаваць незалежныя этнічныя дзяржавы і супрацьстаяць замежнаму дамінаванню. Але той час прайшоў, і арабская палітыка заціхла. У арабскіх рэжымаў няма ніякага яснага і эфектыўнага падыходу да любой з праблем, жыццёва важных для іх калектыўнай будучыні. Менавіта гэтая абыякавасць выракла лідараў Туніса і Егіпта на крах. Арабскія дзяржавы пакутуюць ад праклёну, больш моцнага, чым бедната ці аўтакратыя. Яны сталі падробкай нацыянальнай дзяржавы. Нельга цалкам зразумець пратэсты егіпцян, тунісцаў, іарданцаў, не згадаўшы іх пачуццё таго, што ім не дазволілі быць сабой, што ў іх аднялі іх тоеснасць. Выхад на вуліцы не быў простым актам пратэсту. Гэта акт самавызначэння».



Натуральна, усе ісламісты пабачылі ў падзеях у Егіпце моц рэлігіі. У лісце, дасланым у «Le Monde», адзін мусульманскі інтэлектуал адзначае: «Параўнанне падзей 1989-га ў Еўропе і 2011-га ў Афрыцы ігнаруе глыбокую розніцу паміж заходнім і мусульманскім калектывамі, матывацыямі, якія штурхаюць народы Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу выходзіць на вуліцы. Нішто не аб’ядноўвае лепш, чым калектыўная малітва па пятніцах. Мячэць — гэта як вуліца: вось ключ для таго, каб зразумець сітуацыю. Амаль усе рэлігіі абапіраюцца на мабілізацыю мас; аднак іслам робіць гэта найбольш эфектыўна».

Шмат хто, наадварот, піша, што падзеі ў Каіры — першая на Усхо­дзе пост-ісламская рэвалюцыя.



«Удзельнікі пратэстаў — плюралістычная генерацыя, паколькі яны большыя індывідуалісты. Сацыялагічныя апытанні дэманструюць, што гэта пакаленне больш адукаванае за папярэдняе. Яны выраслі ў малых сем’ях. Яны больш інфармаваныя, карыстаюцца сучаснымі сродкамі камунікацый, якія пабудаваны на кантактах асобы з асобай, а не кантактах у рамках нейкай партыі. Маладыя людзі ведаюць, што ісламскія рэжымы сталі дыктатурамі: яны не зачараваныя ні Іранам, ні Саудаўскай Аравіяй. Тыя, хто бярэ ўдзел у дэманстрацыях у Егіпце, падобныя на тых, хто браў удзел у дэманстрацыях у Іране. Магчыма, часткова яны прававерныя, аднак рэлігія для іх не значыць палітычных патрабаванняў», — піша «Liberation».

Калі ўжо зайшло пра камунікацыі, то варта згадаць артыкул у «Los Angeles Times», прысвечаны каналу «Аль-Джазіра». На думку аўтара, менавіта «Аль-Джазіра», якая вядзе прамыя рэпартажы з Каіра, стала каталізатарам пераменаў, паколькі «адыграла функцыю ахоўніка рэвалюцыі». Прысутнасць камер прывяла да таго, што паліцыя вельмі пасіўна выконвала загад разганяць дэманстрантаў. Асабліва пасля таго, як першыя рэпартажы «Аль-Джазіры» пра збіццё пратэстуючых выклікалі шок і абурэнне ва ўсім свеце.

Аматары марксізму звяртаюць увагу на тое, што пралогам рэвалюцыі быў рост коштаў на прадукты харчавання. «Недахоп ежы пачаў адчувацца з вясны. У кожнай краіне цана на збожжа выбухнула: харчовы крызіс адразу ж адгукнуўся папулярнымі беспарадкамі...» — такім чынам гісторык Шарль Пута апісваў еўрапейскае сельскагаспадарчае становішча ў 1847–1848 гадах. Некалькімі тыднямі пазней уся Еўропа прыйшла ў рух, і абсалютысцкі парадак, усталяваны Венскім кангрэсам, рухнуў. Тое, што адбылося ў 1848-м, вельмі нагадвае наступствы цяперашняга харчовага крызісу ў Тунісе і Егіпце», — піша «Le Monde».



На жаль, фармат артыкулу не дазваляе згадаць усе тэорыі арабскай рэвалюцыі. Аднак урбаністычную тэорыю нельга абысці. Яе выклаў гісторык Жульен Луазо. На яго думку, адной з прычын рэвалюцыі сталі ўрбаністычныя працэсы. З часоў султанаў Каір быў сімвалам багацця і ўлады над беднай вёскай. Сёння з-за перанаселенасці (у Каіры жывуць каля 15 мільёнаў чалавек) сталіца ператварылася ў канцэнтрацыю ўсіх сацыяльных хвароб і, як следства, — масавай палітызацыі. Мубарак фактычна сядзеў на бочцы з порахам, якая нарэшце выбухнула. Ніякіх шансаў утрымаць вуліцу ў яго з самага пачатку не было. Увогуле, на думку Луазо, у любой краіне свету палітычная апазіцыйнасць растучай сталіцы з’яўляецца новай гістарычнай парадыгмай.

Дэбаты працягваюцца. Рэвалюцыі таксама.

Каментаваць