Тэрарыстычныя акты, якія змянілі гісторыю

У сусветнай гісторыі нямала прыкладаў тэрарыстычных актаў, якія знеслі сотні жыццяў ні ў чым не вінаватых людзей. Усе яны так ці інакш паўплывалі на развіццё краін, урадаў і грамадства. Прапануем рэтраспектыву некаторых з іх, якія, на думку аўтара, змянілі гісторыю.

Мадрыд, 11 сакавіка 2004 года

11 сакавіка, у ранішнюю га­дзіну пік, у чатырох мадрыдскіх электрычках на станцыях Аточа, Поза Дэль Ціо і Санта Эўхенія выбухнулі 10 бомбаў. Яшчэ тры бомбы потым абясшкодзілі паліцэйскія. 192 чалавекі загінулі, 2050 былі паранены.



У сусветнай гісторыі нямала прыкладаў тэрарыстычных актаў, якія знеслі сотні жыццяў ні ў чым не вінаватых людзей. Усе яны так ці інакш паўплывалі на развіццё краін, урадаў і грамадства. Прапануем рэтраспектыву некаторых з іх, якія, на думку аўтара, змянілі гісторыю.

Мадрыд, 11 сакавіка 2004 года

11 сакавіка, у ранішнюю га­дзіну пік, у чатырох мадрыдскіх электрычках на станцыях Аточа, Поза Дэль Ціо і Санта Эўхенія выбухнулі 10 бомбаў. Яшчэ тры бомбы потым абясшкодзілі паліцэйскія. 192 чалавекі загінулі, 2050 былі паранены.

Тэракт адбыўся за тры дні да парламенцкіх выбараў. Урад Хасэ Марыя Аснара адразу абвінаваціў у выбухах баскскіх баевікоў з арганізацыі ЭТА. Але сепаратысты выканаць такую маштабную акцыю не маглі. За выбухамі стаялі ісламскія тэрарысты.

Правы ўрад Аснара цалкам падтрымаў дзеянні Вашынгтону, які ў 2003 годзе правёў вайну супраць Садама Хусейна. Такая палкая праамерыканская пазіцыя выклікала ў грамадстве крытыку, але, нягледзячы на гэта, на выбарах прадказвалі перамогу Народнай партыі. А калі б версія пра сепаратыстаў пацвердзілася, то гэта дадало Аснару яшчэ галасоў.

Выбухі змянілі палітычны ландшафт Іспаніі. Да ўлады прыйшлі сацыялісты. Іх лідар Хасэ Луіс Радрэгес Сапатэра сфармаваў аднапартыйны ўрад і адразу яго ўзначаліў (такой хуткасці не назіралася з часоў Франка).

Іспанскія войскі былі выведзеныя з Іраку за 15 дзён.

ЗША, 11 верасня 2001 года

19 тэрарыстаў Аль-Каіды, па­дзяліўшыся на групы, захапілі чатыры пасажырскія самалёты. Два самалёты пратаранілі нью-ёркскія вежы-блізняты Сусветнага Гандлёвага цэнтру, ад чаго тыя загарэліся і абваліліся. Адзін самалёт урэзаўся ў Пентагон, а апошні, скіраваны на Капітолій, упаў на зямлю. Загінулі 2974 чалавекі, яшчэ 24 зніклі без вестак.

У выніку самага маштабнага тэрарыстычнага акту ў гісторыі, Злучаныя Штаты абвясцілі вайну Аль-Каідзе і зрынулі рэжым талібаў у Афганістане, якія далі прытулак тэрарыстам. Пад раздачу трапіў і Садам Хусейн, абвінавачаны ў стварэнні зброі масавага знішчэння.

У Афганістане і Іраку знаходзяцца міжнародныя вайсковыя кантынгенты на чале з ЗША.

Расія, 1999 год

З 4 па 16 верасня ў Буйнакску, Маскве і Валгадонску былі падарваныя жылыя дамы. 307 чалавекаў загінулі, болей за 1700 былі параненыя.

Паводле расійскіх судовых прысудаў, тэракты былі арганізаваныя кіраўнікамі ўзброенага Ісламскага інстытуту «Каўказу» Эмірам аль-Хатабам і Доку Умаравым. Узрывы разглядаліся як акт застрашвання — пасля таго, як федэральныя войскі адбілі атаку чачэнскіх баевікоў на Дагестан.

Але 22 верасня ў Разані жыхары заўважылі невядомых, якія закладалі ў сутарэнне дому мяхі. Расійскія ўлады абвясцілі, што прадухілены тэрарыстычны акт, а ў мяхах выбухоўка. Але надалей было заяўлена, што схопленыя людзі — супрацоўнікі ФСБ, якія толькі праводзілі вучэнні, а замест выбухоўкі — цукар. Існуе версія, што расійскія спецслужбы «перанакіравалі» выбухоўку сепаратыстаў з ваенных аб’ектаў на мірныя, каб прыйсці да ўлады.

У выніку выбухаў рэйтынг малавядомага тады прэм’ера Пуціна, які заявіў, што тэрарыстаў будуць мачыць у сарціры, узляцеў да нябёсаў. Федэральныя войскі ўвайшлі ў Чачню — і яна была вернутая пад кантроль Масквы.

Выхадзец з КДБ Пуцін стаў прэзідэнтам. У Расію вярнуўся аўтарытарызм.

Германія, 1933 год

27 лютага а 22 гадзіне берлінскія пажарныя выехалі да Рэйхстагу, які быў у агні. Толькі праз паўтары гадзіны пажар быў патушаны. У будынку быў затрыманы галандзец Марынус ван дэр Любэ, былы камуніст. Гітлер, які аператыўна прыбыў на відовішча, на прыступках Рэйхстагу — у кампаніі з Гебельсам, Герынгам і Францам фон Папенам — заявіў, што падпал здзейснілі камуністы, якія рыхтуюць дзяржаўны пераварот.

На наступны дзень быў выдадзены надзвычайны дэкрэт «Пра абарону народа і дзяржавы», які адмяняў свабоду асобы, сходаў, слову, друку, недатыкальнасць прыватнай уласнасці і тайну ліставання. Чатыры тысячы камуністаў, ліберальныя і сацыял-дэмакратычныя палітыкі, у тым ліку і дэпутаты парламенту, былі арыштаваныя. Камуністычная партыя была забароненая, а галасы, аддадзеныя ім на парламенцкіх выбарах 5 сакавіка, адышлі да нацыстаў. Спалены і абкарнаны Рэйхстаг даў Гітлеру неабмежаваную ўладу на 4 гады (неабмежаванасць гарантавана падоўжылася).

З судовым працэсам, які зрабілі адкрытым, у нацыстаў адбыўся пракол. Толькі ван дэр Любэ быў асуджаны на смерць, а балгарскія камуністы Танеў, Папоў і Дзімітраў былі апраўданыя. А Георгі Дзімітраў, які пасля вайны ачоліць камуністычную Балгарыю, скарыстаўся трыбунай, каб выкрыць нацыстаў.

Надалей фашысты выправілі «памылку», перадаўшы палітычныя справы ў Народную судовую палату. А ўвогуле, многіх саджалі без суда.

Уільям Шырэр распавядае, што нацысты чулі, як ван дэр Любэ нападпітку пахваляўся піраманскімі планамі. Нацысты скарысталі Любэ як нагоду; разам з ім у Рэйхстаг па падземным тунелі трапіў атрад штурмавікоў на чале з Карлам Эрнстам. Штурмавікі разлілі бензін ды падпалілі яго.

Правакацыя атрымалася.

Прысуд ван дэр Любэ быў адменены ў 2008 годзе.

Рым, 64 год

У ноч з 18 на 19 ліпеня ў лаўках ля Вялікага цырку пачаўся пажар. Ён палаў шэсць дзён і сем начэй. Пажар спустошыў 11 з 14 кварталаў гораду; згарэла безліч жылых дамоў (чатыры кварталы дашчэнту), дамы старых палкаводцаў, храмы, у тым ліку пастаўленыя ў памяць гальскіх і пунічных войнаў. Колькасць ахвяраў невядомая.

Святоній распавядае, што Рым быў падпалены па загадзе імператара Нерона, якому не падабаліся старыя хаткі і крывыя завулкі: «Многія кансуляры лавілі ў сябе ў дварах ягоных слугаў з паходнямі і пакляй, але асцерагаліся іх чапаць». Сам імператар, які трызніў мастацтвам, як сёння трызняць хакеем, з Мецэнатавай вежы назіраў за полымем і ў тэатральных шатах дэкламаваў «Падзенне Троі».

Нават пасля пажару Нерон не забыў пра выгоду: абвясціўшы, што трупы будуць спаленыя за дзяржаўны кошт, ён не падпускаў людзей да рэшткаў маёмасці. Народ быў упэўнены, што вінаваты Нерон.

Але Тацыт лічыць, што рымскі кіраўнік не датычны да пажару. Ён забяспечыў пагарэльцаў харчаваннем. І аднавіў горад па сваім плане.

Затое адразу знайшліся казлы адпушчэння:

«І вось Нерон, каб прадухіліць чуткі, прышукаў вінаватых і аддаў на пакуты тых, хто сваімі мярзотамі наклікаў на сябе ўсеагульную нянавісць і каго натоўп называў хрысціянамі. Хрыста, ад каго пайшла гэтая назва, пакараў смерцю пры Тыберыі пракуратар Понцій Пілат; часова прыдушаныя, гэтыя згубныя забабоны зноў прарваліся вонкі, і не толькі ў Іудзеі, адкуль пайшла гэтая згуба, але і ў Рыме, куды адусюль сцякаецца ўсе найбольш гнюснае і ганебнае і дзе яно знаходзіць прыхільнікаў. Такім чынам, спачатку былі схопленыя тыя, хто адкрыта прызнаваў сябе прыналежнымі да гэтай секты, а потым па іх указаннях і вялікае мноства іншых, выкрытых не столькі ў злачынным падпале, колькі ў нянавісці да роду людскога. Мардаванне суправаджалася здзекамі, бо хрысціян апраналі ў скуры дзікіх звяроў, каб яны былі разарваныя да смерці сабакамі, крыжавалі, або асуджаных на смерць у агні падпальвалі з надыходам цемры для начнога асвятлення».

Нерон любіў садысцкія забавы. Паводле царкоўнага падання, пасля рымскага пажару былі закатаваныя апосталы Пётр і Павел.

Неўзабаве Нерон быў зрынуты, і ён з крыкамі: «Які акцёр памірае!» закалоўся.

Касцёл стаіць дасюль.

Каментаваць