Тэрарыстычная атака «Ісламскай Дзяржавы» ў Іраку: больш за 80 забітых

Два выбухі адбыліся ў нядзелю ў сталіцы Ірака Багдадзе. Загінула не меней 80 чалавек, паранена больш за 130. Адказнасць за атаку ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская Дзяржава».
Наступствы выбуху. Фота Khalid Al-Mousily/Reuters

Наступствы выбуху. Фота Khalid Al-Mousily/Reuters

Першая бомба выбухнула ў раёне Каррада на люднай вуліцы з вялікай колькасцю крамаў, забіўшы 79 і параніўшы 133 чалавекі. Яшчэ адзін выбух адбыўся на вулічным рынку ў раёне Шааб, у выніку чаго як мінімум адзін чалавек загінуў і пяцёра былі параненыя.

«Ісламская Дзяржава» абвесціла аб сваёй адказнасці за тэракты, якія адмыслова былі праведзеныя ў раёнах, дзе жывуць пераважна мусульмане-шыіты. Магчыма, гэта адказ на перамогу іракскага войска, якое тыдзень таму выбіла баевікоў групоўкі з буйнога горада Фалуджа.

Прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр аль-Абадзі наведаў месца трагедыі, але раз'юшаны натоўп мясцовых жыхароў праводзіў ягоны картэж праклёнамі.

Увогуле з пачатку 2016 года ў Іраку ад тэрактаў загінула больш за 400 чалавек.

Паводле BBC і The Guardian

Каментаваць