«Тытанік» патануў з-за муміі

Кожная вялікая трагедыя тлумачыцца ў тым ліку тэорыямі змовы. Аварыя на лайнеры «Тытанік», якая адбылася роўна сто гадоў таму, — не выключэнне.



Кожная вялікая трагедыя тлумачыцца ў тым ліку тэорыямі змовы. Аварыя на лайнеры «Тытанік», якая адбылася роўна сто гадоў таму, — не выключэнне.

Усяго, на думку «тытанікаведаў» (ёсць нават такая спецыялізацыя), налічваецца прыкладна паўтузіна тэорый, аўтары якіх адмаўляюцца прыняць афіцыйную версію — выпадковы характар катастрофы, галоўным чыннікам якой стала сутыкненне карабля з айсбергам. На іх думку, меўся распрацаваны план дыверсіі з мэтай затапіць карабель, які і быў рэалізаваны ў ноч на 14-е красавіка 1912 года.

Пра тое, што тут справа не чыстая, на думку прыхільнікаў альтэрнатыўных версій, сведчаць шмат дзіўных рэчаў. Напрыклад, Джон Морган, уладальнік марской кампаніі White Star Line, якой належаў «Тытанік», патрабаваў, каб карабель адправіўся ў рэйс, нягледзячы на пажар у адным з адсекаў. Сам пры гэтым ад удзелу ў рэйсе прынцыпова адмовіўся. Яшчэ больш унікальным выглядае той факт, што ён распарадзіўся вярнуць з судна ўжо дастаўлены туды груз, сярод якога знаходзілася каштоўная калекцыя карцін. Чаму ў капітана Эдварда Сміта з’явілася жаданне прывесці «Тытанік» у канчатковы порт падарожжа як мага хутчэй, нягледзячы на папярэджанні пра магчымасць сутыкнення з айсбергамі?

Таксама варта адзначыць, што ўсяго толькі за некалькі тыдняў да трагедыі «Тытаніка» быў апублікаваны раман Герхарта Гаўптмана «Атлантыда», у якім распавядаецца пра трагічную аварыю ў Атлантыцы судна «Роланд», які сутыкнуўся з айсбергам. Дзіўна, але апісаная ў рамане катастрофа ў дэталях і падрабязнасцях супадае з той, што па афіцыйнай версіі адбылася ў красавіку 1912 года на «Тытаніку». На думку «тытанікаведаў», арганізатары катастрофы на «Тытаніку» маглі скарыстацца кнігай у якасці інструкцыі.

У хіт-парадзе тэорый змоваў найбольш вар’яцкая версія, безумоўна, належыць тым, хто верыць у казкі пра муміі са старажытнага Егіпту. Поль Байер апублікаваў артыкул пра тое, што прычынай гібелі «Тытаніка» стала знаходжанне на борце нейкага небяспечнага егіпецкага старадаўняга артэфакту, на які быў накладзены праклён. Па яго версіі, адзін з багатых амерыканскіх пасажыраў кантрабандай вёз прадмет у Злучаныя Штаты. Нейкім чынам той прадмет негатыўна паўплываў на экіпаж, што і прывяло да сутыкнення з айсбергам.

Як правіла, галоўнай ахвярай магіі аўтары гэтай тэорыі называюць капітана, спасылаючыся пры гэтым на сведкаў яго паво­дзін у хвіліны катастрофы. Па іх апісаннях, капітан у тыя ракавыя хвіліны вёў сябе вельмі млява і з няўпэўненасцю. Дзеянні капітана выглядалі вельмі дзіўнымі. Валявы чалавек з велізарным досведам працы на моры, уключаючы мноства здарэнняў, паводзіў сябе папросту неадэкватна. Стваралася ўражанне, што Эдвард Сміт знаходзіцца быццам пад гіпнозам, што супярэчыць апісанням яго ранейшых паводзін у экстрэмальных сітуацыях.

Той Эдвард Сміт, які сапраўды быў капітанам судна і загінуў пры катастрофе, увогуле стаў адным з самых папулярных герояў альтэрнатыўных версій. Вядома, што Эдвард Сміт быў агентам Ордэну езуітаў. А на караблі быў яго калега. Яго імя Фрэнк Браўн, адзін з самых уплывовых езуітаў Ірландыі. Браўн пакінуў «Тытанік» падчас стаянкі ў апошнім еўрапейскім порце. Ёсць версія, што той Браўн быў адным з ключавых выканаўцаў аперацыі патаплення «Тытаніка». Магчыма, ён даў Сміту нейкія распараджэнні і ўказанні з цэнтру.

Нашто езуіты патапілі лайнер? Прааналізаваўшы спісы загінулых на «Тытаніку», «альтэрнатыўшчыкі» знайшлі сенсацыйны адказ. Сярод ахвяраў прысутнічаюць прозвішчы трох асобаў, якія ў той час былі на нажах з езуітамі з-за нежадання падтрымаць праект стварэння амерыканскай недзяржаўнай банкаўскай сеткі, якую лабіраваў звязаны з Ватыканам дом Ротшыльдаў. Вось такі «Код да Вінчы».

У 1996 годзе брытанская і французская кампаніі арганізавалі чарговую экспедыцыю. На месца катастрофы «Тытаніка» прыбыло судна «Надзір». На працягу трыццаці дзён высокакваліфікаваныя інжынеры і навукоўцы даследавалі корпус «Тытаніка» з дапамогай падводнага апарата і зрабілі нечаканае адкрыццё: ніжэй ватэрлініі выявіліся шэсць дзірак дыяметрам 5 квадратных метраў. Пасля сутыкнення з айсбергам у корпусе карабля павінна была ўтварыцца адтуліна прынамсі ў 30 метраў, а ніяк не шэраг вузкіх «дзірак» у шасці розных месцах.

Лепш бы яны пра гэта не ведалі. Адразу прыхільнікі тэорыі змоў сталі пісаць, што «Тытанік» аказаўся ахвярай тарпеды з нямецкай субмарыны. Знайшлі нават матывы — немцы ўжо тады рыхтаваліся да першай сусветнай вайны і да таго, каб тапіць пасажырскія лайнеры дзяржаў Антанты. Нехта лічыць, што ўжо згаданы вышэй уладальнік судна Джон Морган, якім рухалі нейкія карысныя інтарэсы, мог падкупіць капітана нямецкай падлодкі.

Тэорыя засноўваецца на ідэі махлярства з мэтай атрымання страхоўкі. У 1911 годзе пры выха­дзе ў 11 рэйс «Алімпік» — карабель, вельмі падобны на «Тытанік», сутыкнуўся з англійскім крэйсерам «Hawk». Апошні пры гэтым цудам застаўся на плыву, у той час як «Алімпік» атрымаў невялікія пашкоджанні. Кампанія «White Star Line» да таго часу ўжо несла сур’ёзныя фінансавыя страты. Страхоўка за судна цалкам магла б пакрыць усе страты, аднак пашкоджанняў, атрыманых пры сутыкненні з крэйсерам, было недастаткова для выплаты страхоўкі. Трэба было, каб судна атрымала большыя пашкоджанні (якія, аднак, не адбіліся б на яго плывучасці). Таму было вырашана зрабіць штучную аварыю з айсбергам, а для падстрахоўкі заклікаць нямецкую падлодку.

Падабенства «Алімпіка» і «Тытаніка» спарадзіла тэорыю, паводле якой у трагічны рэйс насамрэч быў адпраўлены не «Тытанік», а «Алімпік». Гэта стала магчымым пасля замены кармавых лістоў з назвай судна, а таксама ўсіх прадметаў побыту і інтэр’еру, якія нясуць назву судна. Па меркаванню прыхільнікаў тэорыі змовы, гэта тлумачыць шматлікія факты: адсутнасць бінокляў у назіральнікаў, высокая хуткасць у моры, поўным айсбергаў і г.д.

Нягледзячы на ўяўную абсурднасць згаданай версіі, яна атрымала шырокі распаўсюд, і аспрэчыць яе апынулася вельмі няпроста. Супраць яе, да прыкладу, сведчыў той факт, што шматлікія пасажыры «Тытаніка» раней плавалі на «Алімпіку» і наўрад ці не заўважылі б падмены.

Аднак нягледзячы на шматлікія контраргументы, версія пра змовы, якія быццам пагубілі «Тытанік», усё працягваюць існаваць — сведчаннем гэтага з’яўляецца шэраг сучасных навукова-папулярных артыкулаў і дакументальных фільмаў, якія адстойваюць дадзены пункт гледжання. І таму ёсць лагічнае тлумачэнне ў выглядзе дзіўных паводзін уладаў.

Пасля таго, як вядомы амерыканскі рэжысёр Джэймс Кэмеран падпісаў кантракт з кампаніяй «Парамаунт» на стварэнне фільма «Тытанік», ён быў выкліканы на гутарку ў офіс ЦРУ. Пра што рэжысёр і агенты там размаўлялі, не вядома. Кэмеран сцвярджае, што ён падпісаў дакумент, які забараняе яму казаць публічна пра тэму размовы. Шматлікія дакументы і факты расследавання пра «Тытанік» утрымліваюцца дагэтуль пад грыфам «зусім сакрэтна» ў брытанскай выведцы. У чым сакрэтнасць, не зразумела, што і дае яшчэ большы прастор для чалавечай фантазіі.
 

Каментаваць