Томас Бах: Арбітражны спартыўны суд будзе рэфармаваны

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах заявіў, што Арбітражны спартыўны суд (CAS) неабходна рэфармаваць, паколькі якасць яго рашэнняў не адпавядае сутнасці алімпійскага руху, паведамляе Радыё Свабода.
«Мы не задаволеныя апошнім рашэннем, абмяркоўвалі яго ўчора і сёння, — заявіў 4 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане Томас Бах, якога цытуюць навінныя агенцтвы. — Лічым, што рашэнне даказвае неабходнасць ўнутраных рэформаў у структуры CAS».

Пры канцы тыдня Арбітражны спартыўны суд са штаб-кватэрай у Лязане апраўдаў 28 расійскіх спартоўцаў, якія раней былі абвінавачаныя ў парушэнні антыдопінгавага заканадаўства, і дазволіў ім выступаць на ХХІІІ зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане. У дачыненні яшчэ да 11 атлетаў вынеса рашэнне аб замене пажыццёвай забароны на занятак спортам на пропуск аднаго алімпійскага цыклю.

З-за гэтага беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч не атрымае бронзавы медаль Сочы-2014 у марафоне на 50 кіламетраў. Адпачатку рускія Максім Вылягжанін і Андрэй Лягкоў рашэннем МАК былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні антыдопінгавых правілаў.

Іх вынікі анулявалі, золата аўтаматычна мусіла перайсьці да рускага Іллі Чарнавусава, срэбра — да нарвежца Марціна Ёнсруда, бронза — да беларуса Сяргея Далідовіча. Пасля таго, як суд апраўдаў Вылягжаніна і Лягкова, Далідовіч зноў адсунуўся на першапачатковую пятую пазыцыю.

Міжнародны алімпійскі камітэт і Сусветнае антыдопінгавае агенцтва пасля атрыманьня матываванай часткі прысуду маюцца абскардзіць вэрдыкт арбітражу ў Швейцарскім трыбунале.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць