Трамп можа спатыкнуцца аб канвент

За акіянам скончыліся праймерыз. Надышоў час партыйных з’ездаў — так званых «канвентаў», якія павінны зацвердзіць пераможцаў на пасаду кандыдата ў прэзідэнты. І хаця гэта выглядае як фармальнасць, на самай справе партыйныя з’езды — рэч непрадказальная.


Канешне, колькасць прыхільнікаў таго ці іншага прэтэндэнта ў кандыдаты вызначылася яшчэ на стадыі праймерыз. Такім чынам, дэмакратаў павінна прадстаўляць Хілары Клінтан, а рэспубліканцаў — Дональд Трамп. Аднак звычайны алгарытм можа не спрацаваць, паколькі галасаваць дэлегаты могуць як заўгодна.

Першы выпадак, калі фаварыт у выніку канвента не стаў кандыдатам на пасаду прэзідэнта, меў месца ў 1836 годзе на зборах Антымасонскай партыі. Гэтая практычна забытая цяпер фармацыя ў свой час карысталася вялікай падтрымкай амерыканцаў за кошт аднаго абяцання — вылічыць усіх масонаў, што, маўляў, заселі ў дзяржаўнай вертыкалі. Канвент антымасонаў абраў кандыдатам у прэзідэнты папулярнага генерала і губернатара Уільяма Гарысана. Аднак праз пару месяцаў сярод партыйнага актыву пайшла гуляць плётка пра тое, што Гарысан на самай справе сам масон. Каб высветліць праўду, антымасоны вырашылі склікаць новы канвент. Хаця падчас з’езду Гарысан урачыста заверыў публіку, што ён не масон, дэлегаты скасавалі яго намінацыю.

Гэтая гісторыя мела цікавы працяг. Гарысан, пакінуўшы шэрагі антымасонаў, дамогся намінацыі ў прэзідэнты 1840-м ад партыі вігаў — не будучы спачатку фаварытам. Калі яго праціўнікі даведаліся пра вынікі галасавання канвенту, яны ледзь не забілі адзін аднаго. Што тычыцца Гарысана, то ў наступным годзе ён усё ж стаў прэзідэнтам, каб праз 36 дзён кадэнцыі захварэць і памерці ад пнеўманіі.

Драматычным апынуўся і нацыянальны канвент дэмакратаў у 1860-м, калі Злучаныя Штаты былі расколатыя па пытанні захавання рабаўладання. Незадаволеныя тым, што большасць на з’ездзе прагаласавала за праціўніка рабства Стэфана Дугласа, «паўднёвыя дэмакраты» вырашылі правесці ўласны канвент. На ім быў высунуты свой кандыдат. Схізма сярод дэмакратаў дапамагла прадстаўніку рэспубліканцаў — Аўрааму Лінкальну, — выйграць прэзідэнцкую гонку.

З іншага боку, спрэчкі ўнутры дэмпартыі паскорылі рост сепаратызму на Поўдні, які хутка прывёў да адкрытых заклікаў пра выхад рабаўладальніцкіх штатаў са складу ЗША і да пачатку грамадзянскай вайны.

Рэспубліканкі канвент 1912-га таксама скончыўся расколам, хаця нічога не спачатку не сведчыла пра такі змрочны фінал. Тэадор Рузвельт, які меў падтрымку большасці дэлегатаў, напачатку ўвогуле лічыў залішнім нават ехаць на канвент. Аднак да яго пачалі даходзіць чуткі, што яго асноўны канкурэнт, Уільям Тафт, вядзе брудную гульню. Напрыклад, яго людзі з дапамогай бейсбольных бітаў блакуюць прыбыццё на зборы правінцыйных прыхільнікаў Рузвельта. У выніку Тафта абралі кандыдатам. Абураны Рузвельт прыбыў на зборы і назваў галасаванне за Тафта «нахабным крадзяжом».

Пасля Рузвельт заснаваў новую партструктуру — Прагрэсіўную партыю, кандыдатам ад якой ён і стаў. У выніку прайгралі і Тафт, і Рузвельт: прэзідэнтам быў абраны дэмакрат Вудра Вільсан.

Дзякуючы канвенту рэспубліканцаў 1920-га, палітычны лексікон папоўніўся такім азначэннем, як «пакоі для палення» як сінонім палітычнай карупцыі. Менавіта ў пакоях для палення аднаго чыкагскага гатэля, дзе адбываўся кангрэс, шлі доўгія перамовы наконт кампраміснага для ўсіх прысутных фракцый кандыдата. У выніку партыйныя бароны вырашылі высунуць губернатара Агая Джорджа Хардынга, які ўвогуле спачатку не ўдзельнічаў у праймерыз. Пасля было праведзена дзесяць тураў канвенту, каб у выніку Хардынг прабіўся на пасаду кандыдата ў прэзідэнты.

16 дзён цягнуўся партыйны канвент дэмакратаў 1924 года. Гэта рэкорд. Аднак больш канвент запомніўся ўдзелам сяброў радыкальнай расісцкай групоўкі «Ку-Клус-Клан». Дзякуючы гарачай падтрымцы ККК кандыдат-аўтсайдэр Джон Дэвіс нечакана для ўсіх выйграў намінацыю. Праўда, паведамленні пра метады прыхільнікаў Дэвіса з ККК выклікалі негатыўную рэакцыю ў грамадстве, і дэмакраты са свістам прайгралі рэспубліканцам.

Наступнага скандальнага партыйнага з’езду давяшлося чакаць 40 год, калі ў 1964-м рэспубліканцы сабраліся ў Каліфорніі. На момант старту мерапрыемства лічылася, што намінацыя стоадсоткава ў кішэні ў губернатара Нью-Ёрка Нэльсана Ракфелера. Аднак па ходу збораў той дапусціў фатальную памылку: прапанаваў асудзіць нейкую звязаную з расістамі арганізацыю. Рэакцыя аўдыторыі была настолькі негатыўнай, што кандыдатуру Ракфелера знялі на карысць ультракансерватара Бары Галдуотэра.

Канвент рэспубліканцаў 1964-га ў прэсе параўноўвалі са славутым рок-фестывалем «Вудсток», толькі з кансерватыўным прысмакам. Левацкі Вудсток адбыўся на зборах дэмакратаў у 1968-м у Чыкага. Анархісты прапанавалі абраць у кандыдаты ад дэмакратаў парася Pigasus, якога паспрабавалі працягнуць у залу пасяджэнняў. У выніку пачалася маштабная бойка паліцыі са студэнтамі, у якой больш за ўсё дасталася журналістам.

Апошні скандальны партыйны канвент меў месца ў 1976 годзе. Пераможца праймерыз, тагачасны прэзідэнт Джэральд Форд прыбыў на зборы ў Канзас-Сіці, дзе яго чакаў непрыемны сюрпрыз — вялікая колькасць дэлегатаў з заходніх штатаў у апошні момант змяніла сваё меркаванне пад уплывам ваяўнічых антысавецкіх прамоў яго апанента Рональда Рэйгана. Заблакаваўшы вельмі важную для планаў Рэйгана папраўку ў рэгламент галасавання, Форд у выніку атрымаў патрэбныя яму пераможныя 52 працэнты прысутных. Аднак рэйганаўская каўбойская атака на Форда вельмі спадабалася партыйнаму базісу і фактычна праклала Рональду шлях да перамогі на выбарах 1980-га.

Ці ёсць верагоднасць, што партыйныя канвенты 2016-га папоўняць прыведзены вышэй спіс? Так, і яна даволі вялікая. У прэсе хапае спекуляцый наконт таго, што праціўнікі Дональда Трампа збіраюцца сарваць яго зацвярджэнне на пасаду кандыдата, каб не даць скампраметаваць партыю. Быццам бы зараз вядзецца апрацоўка будучых дэлегатаў канвенту. Так што набывайце папкорн. Шоў абяцае быць грандыёзным.


Каментаваць