Трэцяя спроба

На выбарах у парламент канадскай франкамоўнай правінцыі Квебек перамогу атрымала левацэнтрысцкая Квебекская партыя, якая выступае за стварэнне суверэннай дзяржавы. Па выніках выбараў 4 верасня Квебекская партыя мае 54 месцы ў парламенце, які складаецца з 125 дэпутатаў. Былая кіруючая Ліберальная партыя Квебека (правацэнтрысты) атрымала 50 мандатаў. 19 месцаў дасталося правым папулістам і 2 — левай партыі «Салідарны Квебек», якая таксама выступае за суверэнітэт. Ці вынесе новы ўрад нацыянальнае пытанне на рэферэндум? У 1980 і 1995 гадах, знаходзячыся ва ўладзе, партыя ўжо ініцыявала такія рэферэндумы, аднак абодва разы не здолела набраць неабходнай колькасці галасоў.
 

Пра палітычны працэс у Квебеку журналісту НЧ Алегу Новікаву распавядае Мікола Мялюк, сябра рэдакцыі беларускай версіі выдання «Le Monde Diplomatique», які зараз працуе ў Манрэалі.

— Наколькі параза лібералаў і поспех Квебекскай партыі звязаны з вясновымі студэнцкімі забастоўкамі?

— Вынікі выбараў цяжка адназначна назваць паразай лібералаў, бо розніца ў 1 працэнт пры адсутнасці большасці ў «пераможцаў» звязвае новы ўрад па руках і нагах. І тым не менш, можна сказаць, што Ліберальная партыя прайграла, зрабіўшы стаўку на стомленасць абывацеля студэнцкімі хваляваннямі. Прэм’ер Жан Шарэ хацеў зрабіць з гэтых выбараў свайго кшталту плебісцыт па вясновым канфлікце, але яго апаненты перайгралі яго, звёўшы тэму ўніверсітэтаў на другі (нават трэці) план. Падчас тэледэбатаў тыя забастоўкі ўзгадваліся вельмі мала, а апазіцыйныя партыі ці не хорам рабілі націск на карупцыйных скандалах, у якіх за доўгія часы ўлады запэцкаўся ліберальны ўрад.

— Як паводзілі сябе студэнцкія прафсаюзы падчас кампаніі? Што ім абяцалі палітыкі?

— Што да абяцанняў, дык вядома, што Квебекская партыя абяцала скасаваць абвешчанае лібераламі павышэнне платы за навучанне, а таксама закон, што абмяжоўваў права на дэманстрацыі, і распачаць перамовы з усімі зацікаўленымі бакамі. Дарэчы, пад сцягам Квебекскай партыі вылучыўся і перамог адзін з лідараў вясновых студэнцкіх забастовак і былы старшыня аднаго са студэнцкіх прафсаюзаў, 21-гадовы Леа Бюро-Блуэн. Аднак у цэлым студэнцкія прафсаюзы не выказвалі падтрымку ніводнай з партый, засяродзіўшы свае намаганні на прапагандзе супраць лібералаў. Больш за тое, найбольш актыўныя забастоўшчыкі скептычна ставяцца да перамогі Квебекскай партыі, ведаючы, што ёй даволі цяжка будзе выканаць свае абяцанні з-за магчымага сабатажу з боку правай апазіцыі і ціску разнастайных лабістаў. Але, безумоўна, новы ўрад будзе рабіць усе намаганні, каб страйкі не аднавіліся.

— Як звычайна галасуюць у Квебеку розныя сацыяльныя класы, этнічныя групы і рэгіёны?

— Франкамоўная большасць падзелена паміж рознымі партыямі збольшага па сацыяльнай і рэгіянальнай прыкметах (багатыя часцей галасуюць за лібералаў, а бедныя раёны і рэгіёны аддаюць перавагу нацыяналістам), але ў цэлым прыхільная да квебекскага нацыяналізму сацыял-дэмакратычнага кшталту, які прадстаўляе Квебекская партыя. Англафоны і этнічныя меншасці (імігранты) традыцыйна галасуюць за лібералаў, і гэтыя выбары не сталі выключэннем. Зрэшты, моўна-этнічны фактар і пазіцыя наконт статуса Квебека («федэралісты» супраць «незалежнікаў») адыгрывае больш значную ролю, чым класавы. Нават на гэтых выбарах лібералы здолелі выкарыстаць страх перад чарговым рэферэндумам аб незалежнасці Квебека, каб захаваць свае бастыёны. Этнічны падзел галасавання з’яўляецца сапраўднай пасткай для квебекскіх нацыяналістаў. З аднаго боку, каб захаваць галасы кансерватыўных прыхільнікаў суверэнітэту Квебека, яны ўсё часцей кан’юнктурна выкарыстоўваюць культурніцка-этнічную рыторыку (барацьбу з рэлігійнымі сімваламі, разнастайныя прымусы дзеля захавання мовы і г.д.), што палохае меншасці, а з другога — дэмаграфічная вага «карэнных» квебекцаў павольна змяншаецца, і «незалежнікам» трэба прыцягваць галасы новых імігрантаў, што патрабуе крэну ўлева і сацыяльнай рыторыкі (адукацыя, сацыяльныя праграмы для сем’яў, правы працоўных). У 1990-я гады і ў пачатку 2000-х назіралася тэндэнцыя ў бок этнічнага нацыяналізму. На гэтых выбарах, часткова пад ціскам манрэальскіх вулічных пратэстаў супраць неаліберальнай палітыкі, Квебекская партыя пад кіраўніцтвам Маруа пачала сціплае вяртанне да сваіх сацыял-дэмакратычных каранёў, што, можа, у сваю чаргу, адпрэчыць частку электарату, які цікавіць выключна моўна-этнічнае пытанне. Гэта свайго кшталту электаральная эквілібрыстыка.

— Ці будзе зноў узнятае пытанне пра незалежнасць?

— Пытанне ўзнята абавязкова будзе, але да рэальных крокаў, кшталту рэферэндуму, думаю, наўрад ці дойдзе. Прычыны дзве. Па-першае, стратэгія Квебекскай партыі пасля двух прайграных рэферэндумаў (1980, 1995) заключаецца ў паступовым выбіванні ў Атавы максімальнай колькасці паўнамоцтваў у рашэнні ўнутраных спраў, а таксама ў стварэнні фармальных атрыбутаў суверэнітэту, чакаючы спрыяльнага моманту для рэферэндуму, калі верагоднасць перамогі будзе вельмі вялікая. Гэтая стратэгія вельмі крытыкуецца ўнутры партыі, дзе многія лічаць, што калі ўвесь час азірацца на сацыялагічныя апытанні, дык спрыяльны момант можа ніколі не надысці. Частка нязгодных «незалежнікаў» яшчэ да выбараў сышла з партыі. Другая прычына: мінарытарны статус урада, суверэнныя ініцыятывы якога федэралісцкая апазіцыя можа вельмі лёгка сабатаваць.

— Што ўяўляе сабой праект аддзялення Квебека ад Канады?

— Як адзначае гісторык Бенуа Брэвіль, у цэлым праект незалежнасці Квебека не такі ўжо радыкальны. Квебекская партыя ніколі не планавала пераразаць пупавіну паміж Квебекам і Атавай. «Суверэнітэт-асацыяцыя», прапанаваная ў 1995 годзе, прадугледжвала прызнанне ўсіх міжнародных дамоваў (сярод якіх і ўдзел Канады ў NАТO), захаванне канадскага долара і падтрыманне зоны свабоднага гандлю — іншымі словамі, поўную інтэграцыю Квебека ў паўночна-амерыканскую сістэму: ад самага пачатку будучая краіна пазбаўлялася б часткі сваіх паўнамоцтваў.

— У кантэксце росту папулярнасці сепаратысцкіх партый у Шатландыі, Каталоніі і Краіне Баскаў шмат хто кажа, што рэакцыяй на эканамічны крызіс будзе ўздым лакальных рухаў за незалежнасць. А якое тваё меркаванне?

— Думаю, што ў дачыненні да Квебека казаць пра ўплыў крызісу заўчасна. Фактараў шмат, дый нацыянальныя кантэксты розныя. Але некаторая хваля відавочна назіраецца. Напярэдадні выбараў журналісты спыталіся ў Палін Маруа, ці паўплываюць станоўчыя вынікі рэферэндуму ў Шатландыі на планы новага квебекскага ўрада адносна ўласнага рэферэндуму. Яна адказала станоўча...
 

Каментаваць