Тры дні, каб выратаваць Брытанію

Сярод галоўных сенсацый, якія здольныя прынесці вынікі бліжэйшых выбараў у Еўрапарламент, — магчымы праход у заканадаўчы орган ЕС Брытанскай нацыянальнай партыі.



Сярод галоўных сенсацый, якія здольныя прынесці вынікі бліжэйшых выбараў у Еўрапарламент, — магчымы праход у заканадаўчы орган ЕС Брытанскай нацыянальнай партыі.

Жыхары Брытаніі шануюць дэмакратычныя інстытуты сваёй краіны, і ў тым ліку вельмі ганарацца тым, што ў 1930-я гады Англія не заразілася эпідэміяй фашысцкага грыпу, якая ахапіла амаль усе краіны па той бок Ла-Маншу. Нягледзячы на крызіс гаспадаркі і актыўную дзейнасць у краіне Саюза брытанскіх фашыстаў, у Вялікабрытаніі ўзяла верх традыцыя дэмакратыі. Больш таго, Вялікабрытанія амаль два гады — з верасня 1939 па чэрвень 1941 года — сам на сам супрацьстаяла ўсёй падкантрольнай фашыстам Еўропе і ўпарта, нягледзячы на мірныя прапановы з боку Берліна, адмаўлялася ад хоць нейкіх кампрамісаў.

Напярэдадні выбараў у Еўрапарламент стары міф пра імунітэт брытанцаў да фашызму на вачах пачынае знікаць.

Нагадаем, што ад Аб’яднанага Каралеўства ў Еўрапейскі парламент абіраецца 72 дэпутата. Выбары ў парламент ЕС, у адрозненні ад выбараў у Палату абшчын, праходзяць па прапарцыйнай сістэме, што дае шанцы для малых партый.

На апошніх выбарах перамогу святкавалі кансерватары (26 працэнтаў і 27 месцаў). Галоўным сюрпрызам тады быў поспех антыеўрапейскай Партыі незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP). UKIP атрымала 16 працэнтаў, што прынесла 12 мандатаў. Перамога UKIP, аднак, не вельмі турбавала грамадства. Гэты праект разглядаўся як сімвалічны пратэст супраць інтэграцыі.

У гэтым годзе грамадства больш уважліва сочыць за выбарамі ў парламент ЕС і за перспектывамі малых партый. Ёсць пагроза, што ў Бруселі будуць праціраць штаны кандыдаты ад Брытанскай нацыянальнай партыі (BNP).

Брытанская нацыянальная партыя ўзнікала ў 1980 годзе ў выніку расколу ў іншай праварадыкальнай партыі пад назвай Нацыянальны фронт. Цікава, што прычынай расколу ў тым ліку былі розныя погляды на пытанне пра тое, ці могуць гомасексуалісты займаць урадавыя пасады. Бацькі-заснавальнікі BNP казалі: «не». Іх апаненты — «так».

Адпаведна праграме, BNP выступае за прыпыненне каляровай эміграцыі і рэстаўрацыю сітуацыі, якая склалася ў Вялікабрытаніі да 1948 года. BNP таксама патрабуе, каб людзі, што прыехалі калісьці на Альбіён, паступова вярталіся на радзіму. Ёсць у праграме партыі і дастаткова экзатычныя патрабаванні. Напрыклад, аднаўленне ў школах цялесных пакаранняў і дазвол грамадзянам мець зброю.

Пасля прыходу BNP да ўлады кожная партыя павінна будзе забараніць сяброўства для іншаземцаў (да гэтай групы, праўда, не належаць белыя эмігранты). І гэта не жарт. У 2002 годзе паклаў на стол партыйны білет адзін з мясцовых кіраўнікоў BNP за тое, што яго сяброўка была эмігранткай з Эквадора. Раней партыя была вядомая сваімі антысеміцкімі заявамі. Аднак у 2005 годзе, пасля выбухаў у Лондане, арганізаваных ісламскімі тэрарыстамі, усе змянілася. Галоўным казламі адпушчэння цяпер сталі эмігранты ісламскага веравызнання. Партыя нават піярыць факт наяўнасці ў сваіх шэрагах сяброў з яўрэйскіх сямей.

BNP доўгі час знаходзілася ў самай нізкай лізе брытанскай палітыкі, пакуль у 1992 годзе яе кандыдат нечакана не атрымаў 20 працэнтаў галасоў на выбарах у муніцыпалітэт горада Мілуал. Падзея мела вялікі рэзананс. 15 тысяч чалавек антыфашысцкіх поглядаў у адказ спрабавалі штурмаваць офіс нацыяналістаў у сталіцы. Шуміха вакол BNP у прэсе прынесла ёй імідж галоўнай партыі правага радыкальнага спектру.

З 1995 года партыяй кіруе былы выпускнік Кембрыджу Нік Грыфін. Ён абвясціў курс на мадэрнізацыю BNP, сутнасць якой — пашырэнне сацыяльнай базы партыі, асабліва за кошт працоўных і прадстаўнікоў сярэдняга класу.

Аднак канчаткова зламаць стэрэатып не ўдалося. Прыклад таму — учынак акцёра Джона Рыса-Дэвіса. Ён вядомы ўсім па ролі гнома Гімлі ў эпапеі «Уладар пярсцёнкаў». Пасля выхаду на экраны фільма акцёр заявіў, што барацьба эльфаў, гномаў, хобітаў у тым фільме і ёсць не што іншае, як праекцыя барацьбы белай цывілізацыі супраць навалы іншаземных культур. BNP адразу прапанавала яму сяброўства, аднак Джон Рыс-Дэвіс катэгарычна адмовіўся.

Наступныя лакальныя выбары 2005 года прынеслі нацыяналістам 12 мандатаў дэпутатаў мясцовых саветаў у раёнах, якія традыцыйна лічыліся электаральнымі бастыёнамі лейбарыстаў. На мясцовых выбарах 2007 года яны мелі ўжо 47 муніцыпальных парламентарыяў. У 2008-м здолелі правесці аднаго дэпутата ў Раду Лондана.

Выбарчыя поспехі, праўда, хутка абвастрылі ўнутраныя адносіны. У 2007 годзе 60 супрацоўнікаў апарату партыі былі выключаныя Грыфінам за быццам бы працу ў якасці шпіёнаў на левыя партыі. Хутчэй за ўсё, мела месца банальнае сутыкненне асабістых амбіцый. Інакш тыя, каго выкінулі з шэрагаў партыі, не стварылі б адразу сваю палітычную фармацыю «Новы ўсход Брытанскай нацыянальнай партыі» (New Dawn For the British National Party).

Часткова з наступствамі таго расколу звязваюць скандал у лістападзе 2008 года, калі ў інтэрнэце з’явілася база дадзеных сяброў BNP. Прозвішчы, адрасы прафесіі. Сярод дзесяці тысяч сяброў BNP аказалася шмат афіцэраў паліцыі (сяброўства ў BNP афіцыйна забаронена для ахоўнікаў парадку).

Цяперашні эканамічны крызіс стаў папросту маннай нябеснай для нацыяналістаў. Яны запусцілі кампанію «Працоўныя месцы ў Брытаніі — брытанскім працоўным!». Другім важным чыннікам стаў нядаўні карупцыйны скандал з удзелам дэпутатаў парламента.

Цяпер уся прагрэсіўная Англія на вушах. Усе разумеюць, што справа ідзе пра ўваход нацыяналістаў у палітычны істэблішмент, выхад на публічныя фонды ЕС. Створана нават шырокая кааліцыя, якая агітуе супраць правых радыкалаў. Так, архіепіскап кентэрберыйскі заявіў, што «будзе трагедыяй, калі людзі прагаласуюць за BNP». Лідэр кансерватараў Дэвід Камерун назваў сяброў BNP «фашыстамі» і заклікаў не даваць ім ніводнага голасу. «У нас ёсць толькі тры дні, каб выратаваць Брытанію», — піша «The Times».

Чакаць развязкі сапраўды засталася нядоўга. Між іншым, сярод англійскіх палітолагаў ёсць група дзівакоў, якія, наадварот, хацелі б перамогі BNP. Толькі такім чынам людзі пераканаюцца, кажуць яны, што кіраваць краінай нацыяналісты не здольныя.

Каментаваць