Трыумф яблыка

Вядучая нямецкая неанацысцкая партыя абрала новага правадыра. У той жа час грамадства і ўрад абмяркоўваюць праект забароны ў ФРГ арганізаваных праварадыкальных структур.

Apfel — з нямецкага перакладаецца як яблык. Таму, калі справа тычыцца палітыкі, слова Apfel адразу выклікае асацыяцыю з партыяй расійскіх лібералаў «Яблоко». Аднак Хольгер Апфель далёка не ліберал. Ён нават не кансерватар. Ён новы фюрэр нямецкіх карычневых, якія, адпаведна праграме, дасюль мараць пра рэстаўрацыю Трэцяга рэйху.



Вядучая нямецкая неанацысцкая партыя абрала новага правадыра. У той жа час грамадства і ўрад абмяркоўваюць праект забароны ў ФРГ арганізаваных праварадыкальных структур.

Apfel — з нямецкага перакладаецца як яблык. Таму, калі справа тычыцца палітыкі, слова Apfel адразу выклікае асацыяцыю з партыяй расійскіх лібералаў «Яблоко». Аднак Хольгер Апфель далёка не ліберал. Ён нават не кансерватар. Ён новы фюрэр нямецкіх карычневых, якія, адпаведна праграме, дасюль мараць пра рэстаўрацыю Трэцяга рэйху.

Лідарам нацдэмаў Апфеля абралі ў мінулыя выходныя на партыйным з’ездзе, які праходзіў у Нойрупіне, адным з гарадкоў зямлі Брандэнбург.

З’езд у Нойрупіне менш за ўсё нагадваў з’езды нацыстаў у Нюрнбергу ў 1930-я, пра адзін з якіх Лені Рыфеншталь зняла славуты «Трыумф Волі».

У Нойрупіне дэбаты наконт абрання старшыні партыі цягнуліся аж дзесяць гадзін! На кану было старшынства Уда Фойгта, які руліць NPD з 1996 года. Яму супрацьстаяў Хольгер Апфель, дэпутат зямельнага парламенту ў Саксоніі.

Гэта быў не проста канфлікт асобаў. Фойгт абараняе архаічную нацысцкую традыцыю, якая, па яго словах, трымаецца на трох ідэйных кітах — радыкалізме, нацыяналізме і сацыялізме. Сыходзячы з гэтага алгарытму Фойгт у свой час нават распрацаваў стратэгію дзейнасці партыі. На яго думку, стратэгія павінна адначасова спалучаць барацьбу за розумы, барацьбу за парламент і барацьбу за вуліцу.

З усіх гэтых задач Фойгт рэалізаваў толькі пункт пра барацьбу за вуліцу. Вялікая колькасць вулічных злачынстваў на расавай глебе ў Германіі ўскосна звязаная з актывістамі NPD. Таксама сабе ў плюс Фойгт можа залічыць паглынанне структур Нямецкага народнага саюза. Гэта партыя доўгі час канкуравала з нацдэмамі, аднак пасля сыходу спонсараў пачала дыхаць на ладан. Фойгт пераканаў народнікаў распусціць арганізацыю і стаць рэкрутамі NPD.

У іншых галінах вынікі старшынства Фойгта вельмі слабыя. Асабліва гэта тычыцца электаральнай статыстыкі. З’езд праходзіў па слядах правалу партыі на зямельных выбарах у Берліне. На цяперашні момант партыя прадстаўленая ў дзвюх землях — Саксонія і Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

Палітычная платформа Апфеля больш апартуністычная. Ён заклікае адмовіцца ад рэліктаў мінулага. Рэвізіі, на думку Апфеля, павінна падпасці нават фігура Адольфа Гітлера і спадчына Трэцяга рэйху. «Патрэбна, каб замілаванне часамі нацызму перастала быць галоўнай тэмай, з якой ідэнтыфікуюць партыю», — кажа Апфель. Ён бачыць NPD як «сучасную накіраваную ў будучыню правую партыю».

Канфрантацыя па лініі Фойгт — Апфель мае яшчэ адзін цікавы момант. Менавіта Уда Фойгт у далёкім 1990 годзе падабраў Апфеля амаль на вуліцы — на адной з тусовак маладых неанацыстаў, пабачыўшы ў ім талент палітыка-арганізатара. Пасля даручыў стварэнне моладзевай секцыі NPD. Ён таксама дапамог Хольгеру абрацца ў зямельны парламент Саксоніі, дзе яго пратэжэ хутка стаў ключавой асобай у фракцыі. І вось сімвалічнай падзякай за усё зробленае стаў арганізаваны Апфелем бунт у партыі.

З іншага боку, гэта асабістая драма Фойгта ілюструе яго як слабага знаўцу чалавечай псіхалогіі. Фойгт думаў, што дзіцячае захапленне Апфеля гісторыямі пра «герояў» з СС ёсць нешта вечнае. Аднак Хольгер і шмат хто з яго сяброў перажылі юнацкія забабоны, адмовіліся ад старых ідэалаў у імя палітычнага прагматызму.

Падчас апошняй выбарчай кампаніі саксонская арганізацыя NPD адмовілася выступаць пад чорна-бела-чырвонымі сцягамі імперскай Германіі. Выбарчыя пікеты NPD праходзілі пад дзяржаўнай сімволікай ФРГ. З пункту гледжання артадаксальнага нацыста, гэта проста архіздрада. Сімволіка ФРГ — гэта сімволіка Веймарскай рэспублікі, якая гістарычна была для ўльтраправых абсалютным злом. Таксама саксонцы аднабакова змянілі лагатып партыі. У сваёй агітацыйнай прадукцыі NPD называла сябе не «партый нацыяналістаў», а «самай моцнай правай партыяй Саксоніі».

У выніку галасавання па кандыдатуры старшыні большасць дэлегатаў выказалася за абнаўленне. Апфель атрымаў каля 60 працэнтаў галасоў. Але эксперты асцярожна ацэньваюць магчымасць мадэрнізацыі партыі. На думку газеты «Die Zeit», шмат хто галасаваў за Апфеля, таму што ўсім надакучыў аўтарытарызм і неадэкватнасць Уда.

Між тым, пры ўсіх закліках саксонцаў да інавацый, Апфель і кампанія ніколі не адмаўляліся ад расавых лозунгаў. Крытыку на адрас Гітлера яны ўпарта называюць праявамі «антынямецкай палітычнай культуры, якая была навязаная немцам у 1945-м».

Палітычныя эксперты кажуць, што ў дадзеным выпадку лепш за ўсё ўжыць лакмусавую паперу. Гэтай паперкай ёсць традыцыйныя штогадовыя маніфестацыі нацыстаў у лютым у знак памяці па ахвярах бамбардзіровак Дрэздэну ў 1944 годзе брытанскай і амерыканскай авіяцыяй. Традыцыйна гэтыя акцыі, якія лічацца самым буйным нацысцкім мерапрыемствам у ФРГ, арганізоўвалі менавіта нацыянал-дэмакраты.

Пакуль неанацысты абіралі новае кіраўніцтва партыі, нямецкае грамадства спрачалася наконт яе магчымай забароны. Справа ў тым, што паліцыі абсалютна выпадкова ўдалося раскрыць небяспечную групоўку правых тэрарыстаў. Па дадзеных следства, у перыяд з 2000 па 2007 гады гэтыя неанацысты забілі ў розных гарадах ФРГ васьмярых выхадцаў з Турцыі і аднаго грэка, а таксама супрацоўніцу паліцыі, чыёй зброяй завалодалі. Серыя з дзесяці забойстваў, якую не раскрылі за 10 гадоў, — выпадак амаль небывалы ў сучаснай гісторыі краіны. СМІ ўжо назвалі гэту групоўку «Фракцыяй карычневай арміі» — па аналогіі з ультралевай «Фракцыяй чырвонай арміі», якая здзяйсняла тэракты ў ФРГ у 1970–1980-я гады.

Цяпер у Германіі ідуць дэбаты наконт узмацнення жорсткасці ў барацьбе з правымі радыкаламі. Магчыма, адной з ахвяраў кампаніі будзе NPD, якую даўно заклікаюць забараніць. Адзін з новых аргументаў за забарону — фіяска паліцэйскай канцэпцыі працы з правымі радыкаламі. Доўгі час лічылася, што наяўнасць легальных структур кшталту NPD дазваляе трымаць нацыстаў у зоне бачання, пад кантролем, а насычэнне партыі агентамі — прадухіліць любыя эксцэсы. Аказалася, што NPD такой функцыі не выконвае. Цяпер нічога не перашкаджае ўраду даць зялёнае святло на забарону партыі.

Магчыма, у такім выпадку Хольгер Апфель сапраўды атрымае карт-бланш на стварэнне абсалютна новай, пазбаўленай ад настальгіі па нацысцкіх часах арганізацыі.
 

Каментаваць