Тры дні ў Беларусі

Прыязджаем у Мінск. Першае, што кідаецца ў вочы, — шмат вольнай прасторы. Цераз гэта людзі заўсёды аддзеленыя адно ад аднаго. Каб зладзіць нешта кардынальнае, каб людзі не пачуваліся самотнымі, каб насамрэч адчулі плячо суседа, патрэбен сапраўды вялікі натоўп.



«У Львове прыгожа, але шмат нацыяналістаў», — ляпае падчас дарогі ў цягніку хлопец з Нясвіжа, пасля чаго між іншым згадвае пра свайго бацьку — супрацоўніка КДБ у адстаўцы. Наогул, цягнік Магілёў—Чарнаўцы амаль цалкам складаецца з беларускіх пенсіянераў-курортнікаў (вяртаюцца з Трускаўца ды Моршына) ды ўкраінцаў, што едуць праз Беларусь на заробкі ў Цюмень, Калінінград, г.д.

 

«А раней не патрэбныя былі ўсе гэтыя паперкі — едзь куды хочаш, у адной краіне жылі…» — з настальгіяй уздыхае немаладая пані ў акулярах, якой з цяжкасцю даецца запаўненне эміграцыйнай карткі.

 

Прыязджаем у Мінск. Першае, што кідаецца ў вочы, — шмат вольнай прасторы. Цераз гэта людзі заўсёды аддзеленыя адно ад аднаго. Каб зладзіць мітынг ці шэсце, у Львове патрэбна зусім не шмат. Нас можа быць мала, але на вузенькіх брукаваных вулачках мы стаем вялікай сілай. У Мінску наадварот: каб зладзіць нешта кардынальнае, каб людзі не пачуваліся самотнымі, каб насамрэч адчулі плячо суседа, патрэбен сапраўды вялікі натоўп. Для зменаў у Беларусі патрэбна значна больш, чым ва Украіне.

 

Па звычцы шукаем у цэнтры «стары горад», замест якога — Дом ураду, побач — Ленін. Сімвалічна, што плошчы Незалежнасці адпавядае станцыя метро «Плошча Леніна». Камунізм настолькі глыбока пусціў сваё карэнне ў тутэйшую глебу, што часам падаецца, нібы за логікай акурат плошча Незалежнасці мела б быць глыбока пад зямлёй ды бетонам, у ідэйным андэграўндзе.

 

Цікава, што людзі нібы і не заўважаюць зорачак на дамах, ленінаў ды вечнага агню. Для іх яны не маюць ані гонару, ані абразы. Ленін ці Каліноўскі — якая розніца?

 

Спыняемся перакусіць у па​дземным цэнтры «Сталіца», акурат пад Ільічом. Знешне — бляск і шык, Еўропа. Кошт самай таннай піцы ў піцэрыі на трэцім паверсе — 68 тысяч. Такую ж за смакам можна прыдбаць у Львове за 30 грыўняў, у два разы танней. Зразумела, што ў Львове вялікі паток турыстаў, канкурэнцыя, але ж гэта — сталіца (у прамым і пераносным сэнсе)!

 

Смачна паесці давялося толькі ў сетцы рэстаранаў «Васількі», аформленых у нацыянальным стылі (афіцыянткі ў строях, драўляныя сальнічкі і г.д.). Нечым падобна да львоўскай сеткі «Пузата хата». Адзіны мінус — падбор музыкі, якая з большага складаецца з савецкіх хітоў 1980-х гадоў. Сябры тлумачаць, што багата нацыянальнай музыкі занесена ў так званыя «чорныя спісы»… Шкада.

 

Сапраўды, вельмі чыста: вачыма міжволі даводзілася шукаць смецце на ходніку альбо яміны на дарозе.

 

Шлях да Гродна — электрычка, якая ідзе ажно шэсць гадзін, прыбіральня — у першым ды апошнім вагонах. Ну, да гэтага не прызвычайвацца. Дарэчы, на Магілёў таксама ішла электрычка, але цалкам еўрапейскага ўзору — навюткая ды з завостраным носам лакаматыва.

 

Дарэчы, наконт праезду ў самім горадзе: здзівіла размаітасць відаў транспарту з абсалютна рознымі коштамі: аўтобус, тралейбус, аўтобус-экспрэс, маршрутка… Кошты ад 1900 да 5000 руб. Прыватная маршрутка ў Львове каштуе 2 грыўні (2 тысячы беларускіх рублёў), пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям — праезд бясплатны. Для льготнікаў у тралейбусах квіток каштуе 75 капеек (750 беларускіх рублёў), поўны — 1,25 (1 250 беларускіх рублёў). У Беларусі льготаў чамусьці няма ані ў дзяржаўным, ані ў прыватным транспарце.

 

Грошы — асобная тэма, бо іх у беларусаў навалам (я пра купюры). На мінскім вакзале добра адклаўся ў памяці эпізод, калі глуханямы, які прадае іконкі ў зале чакання, расклаў свой заробак на падлозе, каб падлічыць. Сцэна нагадвала кадры з фільму пра мафію — процьма купюраў на вакзальнай плітцы, раскла​дзеныя, нібы пасьянс. «Супакойся, — астудзілі пыл сябры, — там смешная сума, проста купюраў багата». Сапраўды, ва Украіне ёсць сэнс нахіляцца нават за адной грыўняй (1 тысяча беларускіх рублёў), у Беларусі ж дробныя купюры ніхто не падымае: за іх немагчыма нічога набыць.

 

Гродна, шчыра кажучы, прыйшлося больш да сэрца, чым Мінск: ажно два замкі, старыя вулачкі, велічны Нёман. Нават за некалькі разоў, падаецца, усяго не абыдзеш.

 

Я ведала, што ў Беларусі няма жорсткага падзелу паміж захадам і ўсходам, ведала, што існуе моўная праблема, як і ў нас. Але шчыра спадзявалася, што расстаноўка сілаў паміж беларускай і рускай будзе хаця б 50 на 50. Аказалася, што не толькі Мінск, але і рэшта больш-менш вялікіх гарадоў — рускамоўныя.

 

Толькі ў электрычках сярод людзей старэйшага веку можна пачуць беларускую. Так, запомнілася адна бабулька, якая размаўляла па-беларуску, малілася на эрзац-стараславянскай, але ўжо яе сын, які сядзеў побач, ужываў выключна рускую. Мова для яе не была каштоўнасцю, сыну яна яе так і не перадала…

 

За параднымі сталінскімі фасадамі існуе яшчэ і «нелегальная Беларусь». Гэта можна адчуць, напрыклад, у Мінску на офісе БНФ — Беларускага «нябачнага» (як пажартаваў нехта) фронту. Там давялося выпадкова пабачыць дзіцячую кніжку пра Маму Му: яе прэзентацыю мы з сябрамі бачылі ў Львове падчас беларуска-шведскіх культурных дзён, забароненых у Беларусі… А на офісе прыдбала сабе футболку ды значак на памяць.

 

Зусім забылася: у Беларусі ўсё яшчэ існуе практыка смяротнага пакарання. Слабанервовым раю добра падумаць перад тым, як наведаць нашу Сінявокую суседку.

Каментаваць