Туарэг — гэта не «фольксваген»

Сяргей Банько, напэўна, адзіны беларус, які апошнім часам быў у гасцях у туарэгаў — народу пустыні Сахара. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з журналістам «Новага часу» Алегам Новікавым.

— Як ты пазнаёміўся з туарэгамі? Чаму ўзнікла цікавасць да гэтага народу?



Сяргей Банько, напэўна, адзіны беларус, які апошнім часам быў у гасцях у туарэгаў — народу пустыні Сахара. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з журналістам «Новага часу» Алегам Новікавым.

— Як ты пазнаёміўся з туарэгамі? Чаму ўзнікла цікавасць да гэтага народу?

— Падчас навучання ва ўніверсітэце ў Трыпалі сустрэўся з людзьмі, якія былі знешне і па паводзінах вельмі не падобныя на арабаў. Спытаўся, хто яны такія. Кажуць — туарэгі. Мяне зацікавіла іх музыка. Неяк сказаў аднаму з іх, што хацеў бы больш даведацца пра іх народ і культуру. Прыкладна праз месяц яны запрасілі мяне да сябе ў госці. Так я пачаў знаёміцца з мовай, фальклорам, музыкай туарэгаў. Пазней пабываў у Сахары непасрэдна ў зоне, дзе вандруюць іх плямёны. Наведаў іх гарады.

— Колькі ўсяго туарэгаў на свеце?

— Цяжка сказаць. Іх папросту немагчыма пералічыць, паколькі яны вядуць вандроўны лад жыцця і не вельмі ахвотна ўступаюць у кантакты з дзяржавай. Называць лічбу 5 мільёнаў чалавек. Увогуле, калі ты пытаеш туарэга, якой ён нацыянальнасці, той папросту адказвае: «Я з пустыні». Супольнасць туарэгаў — нейкі кангламерат берберскіх плямёнаў, які часта называецца Азавад. Яго ўмоўныя межы цягнуцца ад Захаду Нігера да Захаду Лівіі. Гэта нейкая дзяржава ў дзяржаве. Яна не мае адміністратыўных межаў, яе ніхто не прызнае афіцыйна, аднак турбаваць вандроўнікаў таксама асцерагаюцца. Здаецца, толькі ў Малі спрабавалі неяк наладзіць больш-менш нармальную адміністратыўную мяжу з краінамі-суседзямі, якая праходзіла па землях Азавад. Туарэгі папросту знішчылі памежныя гарнізоны, а палонных забралі ў рабства.

— Ты сам асабіста бачыў рабоў туарэгаў?

— Я сустракаўся з лівійскімі туарэгамі, якія сярод туарэгаў лічацца, так бы мовіць, найбольш інтэграванымі ў арабскае грамадства. Кадафі праводзіць адносна іх спецыяльную палітыку — будуе дамы, шпіталі, школы. Спрабуе перасяляць іх у гарады. Таму ў Лівіі інстытута рабства ў туарэгаў дакладна няма. Аднак яно захавалася сярод туарэгаў Малі і Нігера. Па тым, што мне распавядалі, гэта цяжка назваць рабствам у класічным разуменні гэтага тэрміну. Звычайна рабы — гэта папросту былыя салдаты гэтых краін, якія трапілі ў палон. Трапляючы ў рабства, яны аўтаматычна становяцца сябрамі сям’і, у якой працуюць. Пры гэтым пакідаюць за сабою права шукаць іншага гаспадара. Калі раб сыходзіць ад гаспадара, для апошняга гэта вялікая ганьба. У сваю чаргу, для раба самая вялікая ганьба, калі яго выганяюць з сям’і і ён становіцца вольным чалавекам.

— Туарэгі пасля прыходу арабаў прынялі іслам. Якую ролю адыгрывае рэлігія ў паўсядзённым жыцці туарэгаў?

— У параўнанні з арабскім грамадствам, тут менш рэлігіі, больш нейкай еўрапейскасці. На вуліцах не так брудна. Больш грамадскага парадку, хаця самае вялікае пакаранне для злодзея — байкот з боку грамадства (людзі перастаюць з імі размаўляць). Музыка туарэгаў вельмі нагадвае музыку раманскіх народаў. Берберскія жанчыны не хаваюць твар. Дзяўчыны могуць свабодна сядзець у кафэ і рухацца па гораду без суправаджэння мужчыны. Увогуле, роля жанчын сярод туарэгаў вельмі вялікая. Кабета трымае ўсю хатнюю гаспадарку, а мужчына больш часу праводзіць у пустыні. Дарэчы, існуе нават спецыяльная мова і правапіс для жанчын. Мужчыны карыстаюцца арабскім правапісам. Самае цікавае, што ім, у адрозненні ад жанчын, дазволена быць непісьменнымі. Аднак казаць пра тое, што іслам не адыгрывае ніякай ролі, было б няправільна. Вялікім аўтарытэтам карыстаюцца мурабіты — дэрвішы. У туарэгаў забаронены алкаголь. Яны п’юць нешта падобнае на разбаўлены кефір.

— Як ставіліся да цябе як да беларуса?

— Гістарычна да еўрапейцаў ставяцца вельмі асцярожна. Калі мы прыехалі ў зону туарэгаў, нашу машыну ўважліва абшукалі, у адрозненні ад арабскіх памежнікаў, якія вельмі флегматычныя. Сярод некаторых кланаў, напрыклад народу Туду, амаль да нядаўняга часу існавала правіла забіваць кожнага белага чалавека. Гэта, натуральна, не расавыя забабоны, а папросту страх, што за першым белым чалавека прыйдзе другі. Аднак калі ўсе фармальнасці паспяхова пройдзеныя, да цябе ставяцца вельмі добра. Пачынае працаваць усходні закон гасціннасці.

— Якія перспектывы ў туарэгаў у плане атрымання сваёй дзяржаўнасці?

— У кожнай краіне свая асобная сітуацыя. У той жа Лівіі, як я казаў, улады праводзяць палітыку на культурную інтэграцыю туарэгаў. Вялікую ролю адыгрывае сам палкоўнік Кадафі, які носіць адзенне туарэгаў, любіць жыць у пустыні. У другіх краінах сітуацыя іншая. Магчыма, нейкія структуры дзяржаўнасці могуць узнікнуць у Нігеры, дзе моцныя сепаратысцкія настроі з-за спробаў уладаў і французскіх кампаній здабываць у зоне туарэгаў уран. Канфлікт тут працягваецца з пачатку 90-х. Аднак тут важна тое, што псіхалогія вандроўніка не адпавядае кодэксу грамадзяніна любой, нават туарэгскай дзяржавы. Адзін з элементаў філасофіі жыцця ў Сахары — гэта пачуццё неабмежаванай свабоды.
-----------------------------------------------------------------

Даведка:


Туарэгі — народ групы бербераў у Малі, Нігерыі, Буркіна-Фасо, Марока, Алжыры і Лівіі.

Туарэгі лічацца нашчадкамі бербераў (еўрапеоідная раса), якія ў VIII стагоддзі былі выцеснены арабскімі заваёўнікамі ў Паўночную Афрыку, дзе перайшлі да вандроўнага ладу жыцця. У гэты перыяд туарэгі падпалі пад ісламізацыю. Падчас каланіяльнай эры былі ўключаны ў Французскую Заходнюю Афрыку. Пасля краху каланіялізму туарэгі не атрымалі ўласнай дзяржаўнасці. Захоўваюць племянное дзяленне і элементы патрыярхальнага ладу: народ падзяляецца на племянныя ці «барабанныя» групы, якімі кіруе правадыр, чыю ўладу сімвалізуе барабан.

Каментаваць