Турцыя: баі працягваюцца, але пераварот правалены

Каля 7 гадзін раніцы па мінскім часе прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў пра поўнае узяцце пад кантроль сітуацыі ў краіне.

Цягам ночы загінула каля 60 чалавек, адбыліся бамбардзіроўкі парламента і прэзідэнцкага палаца. Сілы, лаяльныя прэзідэнту, рапартуюць аб аднаўленні кантролю над генштабам і арышце некалькіх соцень вайскоўцаў, датычных да перавароту. Але страляніна яшчэ не сціхла.


Увечары пятніцы, 15 ліпеня, група вайскоўцаў абвясціла па турэцкай тэлевізіі аб усталяванні кантролю над краінай у імя "павяртання дэмакратыі". Была абвешчана каменданцкая гадзіна і ваеннае становішча, масты ў Стамбуле захопленыя.

Але дзейсны прэзідэнт Эрдаган здолеў звярнуцца да сваіх прыхільнікаў, абвясціўшы падзеі "бунтам меншасці", і заклікаўшы грамадзян выйсці на вуліцы, каб супрацьстаяць перавароту. Заявы Эрдагана, што знаходзіўся на адпачынку ў Мармарысе, трансляваліся праз Skype і прыладу Facetime.

На вуліцы выйшлі шматтысячныя натоўпы, распачаліся сутыкненні вайскоўцаў з грамадзянамі і паліцыяй. Некаторыя людзі былі раздушаныя танкамі.


Калі стала зразумела, што спроба перавароту правальваецца, вайскоўцы здзейснілі авіяцыйныя атакі на будынкі парламенту і прэзідэнцкага палацу.

Па стане на раніцу 16 ліпеня паўстанцы згубілі кантроль над аэрапортам і будынкам генеральнага штабу. Таксама ў іх пад кантролем не засталося ваенных знішчальнікаў. Арыштавана больш за 1500 вайскоўцаў, датычных да спробы перавароту, у тым ліку афіцэры, якія займаюць вышэйшыя пасады. Але страляніна і сутыкненні ў пэўных частках краіны яшчэ працягваюцца.


Сусветныя лідары цягам ночы выказалі падтрымку дзейнаму ўраду.

Дысідэнт Фетулла Гюлен, лідар руху дэмакратычных ісламістаў, якога афіцыйныя ўлады абвінавацілі ў арганізацыі змовы, адрынуў абвінавачванні і абвясціў, што паміж яго рухам і арганізатарамі паўстання няма ніякай сувязі.

Ахвярамі падзей сталі не меньш за 194 чалавекі — паведамляе Guardian. Сярод загінулых апынуліся 41 супрацоўнік праваахоўных органаў, двое вайскоўцаў, 47 мірных жыхароў, а таксама 104 паўстанца, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі спробы перавароту.


Каментаваць