Турцыя. Мінюст заклікаў не ўлічваць меркаванне ЕС пра смяротнае пакаранне

Прыхільнікі прэзідэнта Эрдагана настойваюць на вяртанні ў Турцыі смяротнага пакарання.
Фота CHRIS MCGRATH

Фота CHRIS MCGRATH




Міністр Юстыцыі Турцыі Бекір Баздаг заклікаў не ўлічваць меркаванне Еўрасаюза пры вырашэнні пытання пра аднаўленне ў краіне інстытута смяротнага пакарання. У Брусэлі, нагадаем, заявілі, што Турцыя не зможа ўвайсці ў ЕС, калі будзе ўжываць смяротнае пакаранне.

Па словах Баздага, рашэнне наконт смяротнага пакарання павінна грунтавацца на турэцкім заканадаўстве, а не на жаданнях Еўрапейскага саюза, паведамляе ВВС. Адпаведную заяву міністр зрабіў у эфіры канала CNN Turk.

18 ліпеня Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Федэрыка Магерыні заявіла, што калі краіна вернецца да смяротнага пакарання, яна не можа ўвайсці ў Еўрасаюз. "Ні адна з дзяржаў-сябраў Савета Еўропы не мае права прымяняць смяротнае пакаранне. Гэта абавязак, які адпавядае статуту Савета Еўропы", — заявіў таксама генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ерн Ягланд.

Чытайце таксама: 

Савет Еўропы не ўхваляе планы Турцыі вярнуць смяротнае пакаранне



Апошні смяротны прысуд у Турцыі быў прыведзены ў выкананне ў 1984 годзе. У 2004 годзе на смяротнае пакаранне быў уведзены  мараторый.

Пасля спробы дзяржаўнага перавароту Турцыя вырашыла часова прыпыніць дзеянне Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. У краіну ўведзена надзвычайнае становішча. У Турцыі спасылаюцца на досвед Францыі, у якой зараз дзейнічае надзвычайнае становішча, і на 15-ы артыкул Еўрапейскай канвенцыі, што дазваляе краіне адмовіцца ад часткі абавязацельстваў у выпадку надзвычайнай сітуацыі, якая замінае дзяржаве іх прытрымлівацца.

Па падазрэнні ў дачыненні да спробы дзяржаўнага перавароту былі затрыманыя і часова адхілены ад пасад больш за 20 тысяч чалавек. Сярод іх больш за 9 тысяч паліцэйскіх, 3 тысячы суддзяў і 6 тысяч вайскоўцаў, а таксама выкладчыкі ВНУ.


Каментаваць