Турцыя пагражае Расіі наступствамі за чарговае парушэнне сваёй паветранай прасторы

Турцыя заяўляе пра чарговае парушэнне сваёй паветранай прасторы расійскім самалётам СУ-34 і пагражае наступствамі за «безадказныя дзеянні». Расія ўсё адмаўляе, называючы заявы Турцыі «галаслоўнай прапагандай».



Турцыя выклікала расійскага амбасадара ў пятніцу ў сувязі з новым парушэннем сваёй паветранай прасторы расійскім самалётам СУ-34, паведаміў у сваёй заяве ў суботу Міністр замежных спраў Турцыі.

Паводле заявы міністра, расійскі борт атрымаў папярэджанні на англійскай і рускай мовах перад тым, як ён парушыў паветраную прастору Турцыі на працягу 20-25 секунд каля паўднёва-ўсходняй правінцыі Газіянтэпе.

Расійскі амбасадар быў выкліканы ў міністэрства, дзе яму прад'явілі пратэст і асуджэнне інцыдэнту. 

У заяве дадаецца, што парушэнне з'яўляецца паказчыкам безадказных дзеянняў Расіі, якія прывялі да росту напружанасці паміж дзвюма краінамі, нягледзячы на ясныя папярэджанні з боку Турцыі і НАТА.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у суботу раскрытыкаваў парушэнне Расіяй паветранай прасторы Турцыі і сказаў, што Расія сутыкнецца з наступствамі, калі працягне дзейнічаць безадказна.

«Мы разглядаем гэта як вынік намаганняў Расіі па эскалацыі крызісу ў рэгіёне», — сказаў Эрдаган, выступаючы перад журналістамі. Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне таксама ўважліва адсочваецца НАТА, паколькі Турцыя з'яўляецца членам альянсу і  паветраная прастора Турцыі лічыцца паветранай прасторай НАТА. 

«Калі Расія працягне парушаць суверэнітэт Турцыі, ёй давядзецца сутыкнуцца з наступствамі», — сказаў Эрдаган, дадаўшы, што безадказныя крокі, якія робіць  Расія, не спрыяюць устанаўленню міру ў свеце.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ён не атрымаў адказу на прапанову сустрэцца са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным пасля парушэння расійскім самалётам паветранай прасторы Турцыі.

Эрдаган таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з расійскімі авіяўдарамі па грамадзянскаму насельніцтву недалёка ад мяжы Турцыі з Сірыяй і раскрытыкаваў Расію за няздольнасць спрыяць барацьбе з тэрарызмам у рэгіёне.   

«Відавочна, што вайсковыя аперацыі Расіі ў рэгіёне не з'яўляюцца антытэрарыстычнымі, а прызначаныя выключна для падтрымання рэжыму Башара Асада», —  сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг у суботу папярэдзіў Расію, што яна павінна «ў поўнай меры паважаць» паветраную прастору альянсу. Столтэнберг падкрэсліў, што альянс салідарны з Турцыяй і цалкам падтрымлівае яе тэрытарыяльную недатыкальнасць. 

Аднак прэс-сакратар Міністэрства абароны Расіі заявіў, што ніводзін расійскі самалёт не парушаў паветранай прасторы Турцыі, назваўшы заявы турэцкага боку «галаслоўнай прапагандай».

Нагадаем, што ў канцы лістапада мінулага году турэцкі паветраны патруль з двух знішчальнікаў F-16 перахапіў расійскі ваенны самалёт, калі ён уварваўся ў паветраную прастору Турцыі на мяжы з Сірыяй.

Самалёт быў папярэджаны аб парушэнні 10 разоў на працягу пяці хвілін, пасля чаго быў збіты.

Масква запатрабавала прабачэнняў за збіты зніішчальнік. 

Прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутоглу заявіў у сумеснай прэс-канферэнцыі з Енсам Столтэнбергам 30 лістапада, што Турцыя не павінна прасіць прабачэння за выкананне абавязку па абароне сваіх межаў і паветранай прасторы.

Расія ўвяла шэраг аднабаковых эканамічных санкцый супраць Турцыі, уключаючы забарону на імпарт прадуктаў харчавання.

Абмеркаванне:

  • Цікаўлюсь!
  • 2016-01-31 16:02:58
Не разумею: калі для краін НАТА не адкрыццё, што вайсковыя аперацыі Расіі ў рэгіёне не з'яўляюцца антытэрарыстычнымі, а прызначаныя выключна для падтрымання рэжыму Башара Асада, што гэта для іх
ВІДАВОЧНА, навошта было і пачынаць супрацу з ёй у гэтым канфлікце?

Каментаваць