У Аўстрыі закрываюць мячэці і высылаюць імамаў. Мусульмане звяртаюцца ў суд

Лідэр аўстрыйскай супольнасці мусульман IGGÖ Ібрагім Олгун заявіў, што яго арганізацыя будзе юрыдычна аспрэчваць рашэнне ўрада аб закрыцці сямі мячэцяў і высылцы па меншай меры 40 імамаў.
У заяве Олгуна гаворыцца, што закрыццё мячэцяў — радыкальнае рашэнне, якое не можа быць заснавана на здагадках.

Паводле яго слоў, нацыянальная мусульманская арганізацыя не была загадзя праінфармавана аб спыненні працы мячэцяў, улады не паведамілі і пра прычыны такога рашэння.

Олгун таксама заявіў, што нечаканую заяву ўрада ў апошнюю пятніцу Рамадана — «абраза ўсіх мусульман у Аўстрыі».

Раней аўстрыйскія ўлады сцвярджалі, што супрацоўнічалі з IGGÖ для ідэнтыфікацыі мячэцяў і імамаў, якіх падазраюць у спагадзе радыкалам і нацыяналістам.

Пра рашэнне зачыніць сем мячэцяў, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, і дэпартацыю імамаў, якія падазраюцца ў сувязях з турэцкімі нацыяналістамі, аўстрыйскія ўлады абвясцілі ў пятніцу.

Вена патлумачыла такое рашэнне неабходнасцю падаўлення «палітычнага ісламу» і барацьбой з турэцкім нацыяналізмам.

Аўстрыйскія ўлады заявілі, што вывучаюць біяграфію 60 з 260 імамаў, 40 з якіх маюць сяброўства ў мусульманскай групе ATIB, блізкай да турэцкага ўраду.

Адміністрацыя прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана назвала дзеянні Вены «ісламафобскімі, расісцкімі і дыскрымінацыйнымі».

«Меры, што прымаюцца аўстрыйскім прэм'ер-міністрам, вядуць свет, я баюся, да вайны крыжа і паўмесяца», — цытуе Франс прэс заяву Эрдагана ў суботу ўвечары.

Чаму гэта адбылося?

Аўстрыйскія ўлады дзейнічаюць на падставе закона аб забароне замежнага фінансавання, які ўступіў у сілу ў 2015 годзе. Ён закранае у тым ліку рэлігійныя арганізацыі, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы.

У красавіку гэтага года ў СМІ з'явіліся фатаграфіі дзяцей у турэцкай ваеннай форме, якія абгульваюць ў венскай мячэці Дарданельскай аперацыю. Гэта была спроба Уінстана Чэрчыля заваяваць Канстанцінопаль у ходзе Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе, яна скончылася перамогай туркаў.

Як пісалі аўстрыйскія выданьні,дзеці гралі мёртвых і былі накрыты турэцкімі сцягамі.

Адна з закрытых мячэцяў звязаная з турэцкай ультранацыяналістычнай арганізацыяй "Шэрыя ваўкі". Астатнія шэсць належаць арабскай рэлігійнай супольнасці: тры з іх знаходзяцца ў Вене, дзве — у Верхняй Аўстрыі і адна — у Карынтыі.

Адносіны Аўстрыі і Турцыі

Адной з галоўных тэмаў перадвыбарчай кампаніі новага канцлера Аўстрыі Себасціана Курца быў іслам і занепакой аўстрыйцаў з нагоды іміграцыі і інтэграцыі мусульман.

Яго кансерватыўная Аўстрыйская народная партыя сфармавала кааліцыю з ультраправай Партыяй свабоды.

Курц хоча пакласці канец перамовам пра ўключэнне Турцыі ў Еўрасаюз, што выклікае ў прэзідэнта Эрдагана вельмі негатыўную рэакцыю.

Акрамя Аўстрыі, абмежаваць іміграцыю мусульман у Еўропу хочуць Венгрыя, Славакія, Чэхія і Польшча. З-за гэтага ў гэтых краін адбываюцца спрэчкі з Германіяй, якая ў 2015 годзе прыняла каля мільёна бежанцаў з пераважна мусульманскіх краін.

У маі 2017 года Турцыя наклала вета на супрацоўніцтва НАТА з Аўстрыяй. У выніку гэтага Вена не зможа супрацоўнічаць у вайсковай сфэры яшчэ з 41 краінай. Турцыя — ключавы гулец у НАТА.


Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць