Грузія ў чаканні: хто стане чарговым прэм'ерам

Сёння ў Грузіі праходзяць парламенцкіх выбары. І хаця канчатковай развязкі прыйдзецца чакаць да 22 кстрычніка, вынікі сёняшняга галасавання інтрыгуюць усю постсавецкую прастору. Падзякаваць за гэта можна Міхаілу Саакашвілі і яго партыі.

Фота www.vestikavkaza.ru


Адразу трэба папярэдзіць, што вынікі галасавання 8 кастрычніка яшчэ нічога азначаць не будуць. У Грузіі дзейнічае змешаная выбарчая сістэма. 77 з 150 дэпутатаў парламента абіраюцца прапарцыйна па спісах тых партый, якія пераадолеюць 5-працэнтны бар'ер. Кандыдат ад мажарытарных акругаў для перамогі ў першым жа туры павінен атрымаць больш за 50% галасоў выбаршчыкаў, што малаверагодна.

Паводле разлікаў спецыялістаў, на 80 працэнтах акругаў сёння няма яскрава выразнага кандыдата-лідара. Значыць, спатрэбіцца другі тур, які пройдзе праз два тыдні. Яго вынікі і дазволяць зразумець канчатковую канфігурацыю грузінскага парламента і, адпаведна, назваць прозвішча прэм’ера. Менавіта кіраўнік ураду, а не прэзідэнт, паводле грузінскай Канстытуцыі, фармуе нацыянальны палітычны курс.

Такім чынам, канчатковай развязкі прыйдзецца пачакаць да 22 кастрычніка.

Нягледзячы на гэта, ажыятаж вакол выбараў беспрэцэдэнтны. Падзякаваць за гэта можна Міхаілу Саакашвілі, чыя партыя «Адзіны нацыянальны рух» мае шанцы вярнуцца ва ўладу. Перамога «Адзінага нацыянальнага руху» і вяртанне Саакашвілі (зараз ён знаходзіцца ва Украіне на пасадзе адэскага губернатара) з яго выразным антырасійскім амплуа можа змяніць геапалітычны пейзаж на Каўказе. Як вядома, цяперашняя ўладная партыя «Грузінская мара» намагаецца наладзіць дыялог з Расіяй. Новы фронт на поўдні — наступства прэм’ерства Саакашвілі, — будзе моцным ударам па пазіцыях Крамля.

Выбары ў Грузіі таксама паўплываюць на парламенцкія выбары ў Арменіі ўвесну 2017 года.

Хаця пакуль тэма вяртання Саакашвілі пад пытаннем. І сам ён у інтэрв’ю ўкраінскім СМІ такую версію рашуча адкідае. У той жа час на нядаўнім мітынгу ў Батумі былая першая лэдзі Грузіі Сандра Рулоўс-Саакашвілі абвясціла пра хуткае вяртанне на радзіму свайго мужа, які, па яе словах, «нічога не баіцца». Нагадаем, што Сакашвілі знаходзіцца на радзіме пад следствам.

Пытанне магчымага вяртання Саакашвілі ў Грузію таксама крытычнае для іміджу ўкраінскай улады. Сярод прыхільнікаў Майдану дасюль папулярная думка, што Саакашвілі, у адрозненне ад украінскіх пагалоўна карумпаваных палітыкаў, зможа запусціць рэформы, падобныя на тыя, якія ён калісьці зрабіў у Грузіі. Адсюль і тэзіс пра тое, што ад’езд Саакашвілі канчаткова засведчыць немагчымасць пераменаў ва Украіне. Маўляў, калі ўжо ў яго не атрымалася, што казаць пра іншых.


Фота eadaily.com


Ёсць варыянт, калі Саакашвілі застанецца ў Адэсе, а «Адзіны нацыянальны рух» у выпадку перамогі прапануе іншую кандыдатуру на пасаду прэм’ера. Менавіта на такі варыянт пагаджаецца частка сакратарыяту партыі. Па іх словах, за апошні час у партыі з’явілася шмат новых перспектыўных палітыкаў.

Праўда, перш за ўсё «Адзінаму нацыянальнаму руху» трэба будзе выйграць выбары. У першым туры 8 кастрычніка ўдзельнічаюць 19 палітычных партый і шэсць выбарчых блокаў, сярод ёсць такія экзатычныя фармацыі, як «Камуністычная партыя — сталіністы» або «Палітычны рух ветэранаў-сілавікоў».

Дарэчы, упершыню за доўгі час на выбары ідуць выразна прамаскоўскія партыі. Большасць з удзельнікаў выбараў, па законе жанру, крытыкуюць уладу, што заканамерна з улікам росту сацыяльна-эканамічных праблем, з якімі краіна сутыкнулася  ў апошні час.

«Грузінская мара» цяперашнія цяжкасці прапануе кампенсаваць навіной пра тое, што ўраду ўдалося нарасціць (хай і не нашмат), турыстычны паток. Толькі ў верасні краіну наведалі 600 тысяч турыстаў. На фінальны этап выйшаў працэс па наданню грузінам права без візаў ездзіць у шэнгенсую зону. Народ гэтаму не асабліва верыць, паколькі чатыры гады таму сябры партыі наабяцалі электарату з тры корабы, каб пасля пра ўсё забыцца.

Тым не менш, дамінуючы ў грамадстве апазіцыйны тонус абсалютна не абяцае «нацыяналам» перамогу. Такі расклад грае таксама на руку партыям, якія знаходзяцца ў ценю тандэму вядучых структур. З'яўляючыся свежымі палітычнымі гульцамі, яны здольныя стрэліць.

На думку большасці палітолагаў, праход такіх партый у парламент дапаможа «Грузінскай мары» застацца ва ўладзе. У тым ліку таму, што некаторыя з малых палітсілаў былі створаныя менавіта для таго, каб дэзынтэграваць апазіцыйны электарат.

Для гэтага ў ход ідзе і брутальны піяр. На адным з мясцовых каналаў дэманструецца шматсерыйны фільм, які распавядае пра жахі рэжыму «нацыяналаў». Днямі адзін з былых прыхільнікаў «Адзінага нацыянальнага руху» нечакана абвінаваціў Саакашвілі ў намеры арганізаваць беспарадкі ў Грузіі пасля парламенцкіх выбараў. Маўляў, увечары 8 кастрычніка блізкія да «Адзінага нацыянальнага руху» арганізацыі абвесцяць пра фальсіфікацыю выбараў і пачнуць акцыі пратэсту. Як толькі паліцыя пачне разганяць маніфестантаў, Саакашвілі праз тэлекампанію «Руставі-2» выступіць з заклікамі да народа выйсці на вуліцу, пасля чаго, як падчас «рэвалюцыі ружаў», пачнецца захоп урадавых офісаў, будынкаў і г.д.

Аднак, паводле ўсіх апытанняў, 50–52 працэнты грузін дасюль не вызначыліся, за каго аддаць свой голас. Гэта звязваюць у тым ліку з незвычайным момантам цяперашняй выбарчай кампаніі. На ўсіх папярэдніх выбарах электарату прапаноўвалі галасаваць за нейкага палітыка-месію, які абяцаў за пяць секунд вырашыць усе праблемы ў краіне. Гэтым разам у выбачым бюлетэні супергерояў няма. І з-за гэтага выбары 8 кастрычніка набываць яшчэ больш непрадказальны характар.

Каментаваць