Забіты адзін з кіраўнікоў ДНР па мянушцы Матарола

У Данецку забіты адзін з верхаводаў "ДНР" Арсеній Паўлаў па мянушцы "Матарола". Пра гэта паведамляе расійскае інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на інфармаваную крыніцу.
Тэрарыста забілі ў ліфце дома, у якім ён пражываў. Спрацавала выбуховае прыстасаванне, баявік знаходзіўся ў эпіцэнтры выбуху і атрымаў смяротныя траўмы.

Па словах крыніцы, у забойстве "Матарола" падазраецца ўкраінская дыверсійна-разведвальная група — прынамсі, такую версію агучваюць буйныя расійскія сайты. На акупаванай тэрыторыі Данеччыны баевікі абвясцілі план па затрыманню падазраваных.

Ва Украіне Матарола быў аб'яўлены ў вышук. Служба бяспекі Украіны вінаваціла яго ў здзяйсненні злачынстваў па арт.438 КК (парушэнне законаў і звычаяў вайны). У прыватнасці СБУ сцвярджае, што Паўлаў асабіста адказны за прымяненне катаванняў і публічныя расстрэлы.

5 верасня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас цырымоніі уручэння ўзнагарод маці загінулых герояў АТА салдата Ігара Бранавіцкага ды капітана Сяргея Калодзія заявіў: «Не будзе прабачэння. I гэты кат будзе прыцягнуты да адказнасці. Ён адкажа за смерць украінскага Героя».

У студзені 2015 года Матарола быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС.

Каментаваць