У долара не жаночы твар

Кансерватыўная Амерыка паўстала супраць рашэння міністра фінансаў Джэйкаба Лью адлюстраваць на 20-доларавай купюры легендарную чарнаскурую змагарку супраць рабства Гарыет Табмен.


З улікам росту ўплыву жанчын на грамадска-палітычнае жыццё, нават дзіўна, што пра гендарны баланс на амерыканскіх доларах пачалі казаць толькі пару гадоў таму. Тым больш, што гістарычных прэцэдэнтаў хапае: жанчыны з’яўляліся на амерыканскіх грошах неаднаразова. 


Гарыет Табмен. Фота: Wikipedia


З 1891 па 1896 год на срэбным сертыфікаце ў адзін долар была выяўлена Марта Вашынгтон, жонка першага прэзідэнта ЗША. У 1865–1868 гадах на купюру ў 20 долараў змяшчаўся партрэт індзейскай прынцэсы Пакахонтас. Нарэшце, у 1979–1981 гадах на манетах вартасцю, зноў жа, у адзін долар быў адбіты профіль актывісткі за правы жанчын XIX стагоддзя С'юзан Энтані.

1 долар 1979 года. Выява С'юзан Энтані


 

Прыкладна два гады таму гэтая тэма зноў набыла актуальнасць — магчыма, не без меркантыльнага намеру яе лабістаў. Ледзь не галоўным маторчыкам рэформы выступіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, у асобе якой ужо тады бачылі пераемніцу Барака Абамы. Ужо тады Хілары відавочна пралічвала канцэпцыю сваёй выбарчай кампаніі і, зразумела, думала пра тое, як атрымаць падтрымку жаночага электарату. Прадстаўніцы апошняга, натуральна, не маглі прайсці міма пражэктаў Клінтан у галіне фінансаў. У тым ліку таму, што Клінтан прапаноўвала не проста выпуск манеты, а змену дызайну аднаго з доларавых наміналаў за кошт размяшчэння на іх партрэту жанчыны. Выяву прэзідэнта планавалася з той купюры цалкам прыбраць.

 

Ідэя сапраўды знайшла прыхільнікаў. Шэраг фемінісцкіх арганізацый запусцілі дэбаты: чый партрэт павінен упрыгожыць купюру, і, адпаведна, каго з амерыканскіх гарантаў Канстытуцыі трэба зняць з грошай. Паводле апытанняў, лідзіравала ў кастынгу ўсё тая ж С'юзан Энтані. Саступіць ёй месца павінен быў Эндру Джэксан, які выяўлены на купюры наміналам у 20 долараў.

 

Чаму менавіта Джэксан, а не, скажам, Франклін або Грант? Адказ трэба шукаць у біяграфіі сёмага прэзідэнта ЗША, некаторыя старонкі якой выглядаюць супярэчлівымі з пункту гледжання цяперашніх каштоўнасцяў ЗША. Джэксан мала таго што быў плантатарам, дык яшчэ і паспеў зарэкамендаваць сябе як прыхільнік рабаўладальніцкай сістэмы.


Банкнота ў 20 долараў, 1905 год


 

Напэўна, таму на месца Джэксана лагічна паставіць жаночага апанента-абаліцыяніста. Праўда, гэта будзе не С'юзан Энтані, а Гарыет Табмен — легендарная змагарка за правы чарнаскурых (яе партрэт, дарэчы, быў змешчаны нават у савецкіх падручніках гісторыі). Як заявіў напрыканцы красавіка міністр фінансаў ЗША Джэйкаб Лью Эндру, новыя купюры з’явяцца ў 2020 годзе — іх выпусцяць да стогадовага юбілею надання амерыканкам выбарчых правоў.


Банкнота ў 20 долараў, 1914 год


 

Цяжка сказаць, якую рэакцыю чакаў кіраўнік Мінфіна ЗША. У любым выпадку, намер выявіць на 20 доларах жанчыну быў агучаны ў час выбараў, калі грамадства вельмі палітызаванае. І не дзіўна, што навіна адразу атрымала палітычную афарбоўку. Кансерватары пабачылі ў новых банкнотах працяг культурнай вайны супраць ідэнтычнасці амерыканскага Поўдня, дзе дасюль паважаюць традыцыі рабаўладальніцкіх часоў. На іх думку, новая купюра расава падзяляе краіну. Кансерватыўны канал «Fox» назваў рашэнне Мінфіну «дурным» і прапанаваў, калі ўжо камусьці закарцела друкаваць новыя грошы, выдаць купюру ў 25 долараў, дзе і выявіць Табмен.

 

Адразу ж прайшліся па ініцыятыве Мінфіна і кансерватыўныя кандыдаты ў прэзідэнты. Для Трампа і іншых рэспубліканцаў відавочна, што новая купюра — гэта сродак дэмакратаў падкупіць афраамерыканскі электарат.


Банкнота ў 20 долараў, 1929 год


 

Самае цікавае, што частка афраамерыканскай камуны таксама выступіла супраць з’яўлення банкнотаў з выявай Табмен. Яны (а таксама мясцовыя левыя) лічаць, што жыццё Табмен было накіравана, хутчэй, на разбурэнне або падрыў амерыканскіх фінансаў. Таму што яна дапамагала рабам (па тагачасных законах, рабы былі аб’ектам нерухомасці) збегчы ад сваіх гаспадароў. На думку аматараў гэтага тэзісу, новая банкнота — падступная спроба легітымацыі капіталістычнай мадэлі, давер да якой за амаль восем гадоў цяперашняга крызісу моцна знізіўся.

 

Хто б сумняваўся, што пачалі бурчэць і гісторыкі, якія не прымаюць чорна-белай трактоўкі асобы Джэксана. Па іх словах, да адмены рабаўладання практычна ўсе амерыканскія прэзідэнты так ці інакш падтрымлівалі старую сістэму, і часам дазвалялі сабе расісцкую рыторыку. Нават Лінкальн публічна казаў пра фізічнае непадабенства белых і чорных, што абумоўлівае іх розныя пазіцыі на сацыяльнай лесвіцы. Акрамя таго, Джэксан усё ж быў героем, якому Амерыка абавязаная годным для сябе фіналам вайны з Брытаніяй у пачатку ХІХ стагоддзя. Гісторыкі нават абвінавачваюць Белы дом у здрадзе сваім ідэйным бацькам — Джэксан вельмі шмат зрабіў для стварэння грамадскага руху, на базе якога пазней паўстала Дэмакратычная партыя.


Банкнота ў 20 долараў, 1985 год


 

Натуральна, існуюць і палярныя ацэнкі. Аматары зменаў кажуць, што яны непазбежныя — з улікам неабходнасці будаваць у ЗША новую міжрасавую дыскусію. Беласкурых амерыканцаў ужо не абсалютная большасць у ЗША, і, каб заўтра жыць у гармоніі з суседзямі-афраамерыканцамі або лацінаамерыканцамі, давядзецца дапусціць новыя фігуры ў амерыканскі пантэон. Такіх каментатараў большасць.


Банкнота ў 20 долараў, 1996 год

 

Напрыканцы нельга не адзначыць адну экстравагантную пазіцыю. Некаторыя кажуць, што спрэчка вакол дызайну долараў не мае сэнсу, паколькі папяровым грошам усё роўна прыходзіць канец. У хуткім часе ўсе грошы будуць выключна электронныя. А на электронных «баксах», відавочна, нельга будзе намаляваць ані Джэксана, ані Табмен.


Банкнота ў 20 долараў, 2006 год

Каментаваць