У Германіі арыштавалі ўцекача з Сырыі па падазрэнні ў планаванні тэракту з уездам грузавіка ў натоўп

Паліцыя Германіі заявіла пра арышт уцекача з Сірыі па падазрэнні ў спробе атрымаць фінансаванне ад групоўкі «Ісламская дзяржава», каб ажыццявіць атаку з уездам грузавіка ў натоўп.

На месцы тэракту ў Берліне 19 снежня 2016 года


Пракуратура горада Саарбрукен на захадзе краіны паведаміла, што 38-гадовы беспрацоўны сірыец быў затрыманы 31 снежня па падазрэнні ў спробе атрымаць 180 000 еўра для фінансавання нападу.

Паводле паведамлення пракуратуры, якая не назвала імя чалавека, ён прыбыў з сірыйскай Ракі ў Германію два гады таму і атрымаў статус уцекача. Яму інкрымінуюць спробу атрымаць сродкі ад ісламістаў у Сірыі для набыцця грузавіка і 400–500 кілаграмаў выбуховых рэчываў для яго.

Праваахоўнікі ўжо паведамілі, што мужчына прызнаўся ў сувязях з групоўкай «Ісламская дзяржава», але запярэчыў пра планы атакі. Ён сказаў, што хацеў выкарыстаць грошы, каб падтрымаць сваю сям’ю ў Сірыі.

Гэты арышт паліцыя Германіі правяла праз 2 тыдні пасля таго, як грамадзянін Тунісу, чыё прашэнне пра прытулак у Нямеччыне было адхіленае, пратараніў грузавіком калядны кірмаш у Берліне, забіўшы 12 чалавек.


Паводле www.svaboda.org



Каментаваць