У Грузіі скасавалі абавязковы прызыў у войска

Міністр абароны Грузіі Цінацін Хіташэлі падпісала загад аб неадкладнай адмене абавязковага вайсковага прызыву ў краіне.


"Служба ва ўзброеных сілах Грузіі — гэта годны занятак, і ўсе павінны хацець служыць. А хто не хоча, мы прымушаць не будзем", — цытуе заяву міністра партал " Новости-Грузия".

На сустрэчы з журналістамі Хіташэлі адзначыла, што, хоць грузінскі парламент не прыняў закон аб пераходзе на кантрактную ваенную службу, яна мае права сама выдаць адпаведны ўказ, які ўступае ў сілу з моманту падпісання, паведамляе ВВС.

У той жа час, па яе словах, чалавек, які зменіць яе на пасадзе міністра, зможа адмяніць гэтае рашэнне.

У красавіку 2016 года Хіташэлі заявіла пра гатоўнасць адмяніць абавязковы прызыў з 2017 года.

На мінулым тыдні ўлады Літвы, наадварот, прынялі рашэнне аб увядзенні ўсеагульнай вайсковай павіннасці на пастаяннай аснове.

У мінулым годзе ў Літве з-за "геапалітычнай сітуацыі, якая склалася", увялі прызыў на пяць гадоў, аднак у выніку ён стаў сталым.


Каментаваць