У Іраку знайшлі лабараторыю па вытворчасці хімічнай зброі для ІД

Іракскія ваенныя заявілі, што выявілі лабараторыю па вытворчасці хімічнай зброі, якая выкарыстоўвалася баевікамі групоўкі "Ісламская дзяржава".

Фота rus.ruvr.ru


Лабараторыя была знойдзена ў горадзе Хіт, што знаходзіцца на захадзе краіны. Нядаўна іракскія ваенныя аднавілі кантроль над горадам, паведамляе ВВС.

 

Па словах вайскоўцаў, у лабараторыі знойдзеныя вялікія запасы хлору і іншых атрутных матэрыялаў, а таксама абсталяванне для вытворчасці хімічнай зброі.

 

Перш паступалі паведамленні пра тое, што баевікі ІД ужывалі ўдушлівы газ. Напрыклад, ён выкарыстоўваўся пры нападзе на горад Таза ў Іраку. Жыхары паведамляюць, што баевікі абстралялі горад ракетамі, начыненымі атрутнымі рэчывамі. Некалькі сотняў чалавек атруціліся.

 

У Сірыі, згодна з паведамленнямі дзяржаўных СМІ, джыхадзісты ІД таксама ўжывалі хімічную зброю.

 

У пачатку сакавіка амерыканскія ваенныя захапілі жыхара Ірака, які распрацоўваў хімічную зброю для ІД.

Каментаваць