Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Літве побач з беларускай мяжой выявілі свіную чуму

У Шальчынінкайскім раёне Літвы праз афрыканскую свіную чуму абвясцілі экстрэмальнае становішча.

Пасля таго, як загінулі дзве жывёлы, што ўтрымліваліся ў раёне, літоўскія ветэрынары, правёўшы даследаванні заявілі, што прычынай смерці стала афрыканская свіная чума.

«Калі сітуацыя не зменіцца, то бок калі ў раёне не знойдуць новыя асяродкі захворвання, альбо калі ў суседніх гаспадарках не пачнуцца хваробы, тады мы ацэнім сітуацыю нанова і адклічам», — адзначыў начальнік Шальчынінкайскай ветэрынарнай службы Герардас Стокнус.

Шальчынінкайскі раён уваходзіць у зону, у якой фермеры з 2015 года не маюць права гадаваць свінняў без спецыяльных мераў абароны, якія ацэньваюць спецыялісты-ветэрынары.

Нагадаем, нядаўна здымачная група «Белсату», атрымаўшы скаргі жыхароў вёскі Зялёныя Лукі (Гомельская вобл.), зʼездзіла на мясцовую свінаферму «Добрая хрушка». Жыхары сцвярджалі, што тут былі зарэзаныя і закапаныя 7 тысяч жывёлін, імаверна, у сувязі з хваробаю ці атручаннем. Кастусь Жукоўскі хацеў трапіць на тэрыторыю фермы, аднак з-за ўваходнай брамы выбег мужчына, верагодна ахоўнік, і апырскаў журналіста невядомым рэчывам з балона.

Паводле belsat.eu


Каментаваць