У Маскве прайшоў чарговы мітынг у падтрымку Telegram. Затрымана каля 30 чалавек

Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля 30 чалавек на мітынгу «За свабодны інтэрнэт», які праходзіць на праспэкце Сахарава ў Маскве. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на каардынатара расейскага «Левага фронту» Сяргея Удальцова.
Ён заявіў «Інтэрфаксу», што затрымалі 25-30 прадстаўнікоў «Левага фронту», анархістаў і іншых арганізацый. «Цяпер іх вывелі за агароджы, саджаюць у аўтобусы», — сказаў Удальцоў. Паводле яго, прэтэнзіі паліцыі палягаюць у тым, што актывісты прамаўлялі палітычныя лёзунгі, якія не адпавядаюць тэматыцы мітынгу.

Мітынг «За свабодны інтэрнэт» супраць блякіроўкі Telegram быў узгоднены з уладамі. Было заяўлена пра ўдзел да пяці тысяч чалавек.

Каля сцэны сабраліся ўдзельнікі мітынгу са сьцягамі партый «Парнас», «Яблоко», «Дэмакратычны выбар», «Рэвалюцыйная рабочая партыя», «Левы фронт», іншых левых, а таксама нацыяналістычных рухаў.

Мітынг адкрылі матэматык Дзьмітрый Багатаў і яго жонка Тацяна Фёдарава. Людзі скандавалі лёзунгі ў абарону свабоднага інтэрнэту і з крытыкай улады.

Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік руху «Адкрытая Расея» Аляксей Пранішнікаў, перад пачаткам акцыі супрацоўнікі паліцыі канфіскавалі сьцягі з сымболікай руху. Паводле яго, па стане на 14:30 на мітынгу сабраліся каля 700 чалавек, аднак удзельнікі працягваюць прыбываць.

Арганізатары акцыі патлумачылі асноўныя мэты акцыі:

Прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да абмежаваньняў доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і інтэрнэт-інструмэнтаў, да крымінальных спраў за «лайкі і рэпост», да дзеяньняў «Роскомнадзора», які абмяжоўвае канстытуцыйныя правы грамадзян.

Заклік да адстаўкі кіраўніка «Роскомнадзора» Аляксандра Жарава, да вызваленьня палітвязьняў, рэпрэсаваных па інтэрнэт-справах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць