У Турцыі затрыманыя больш за 700 чалавек за прапаганду тэрарызму

Турэцкія ўлады працягваюць пераслед крытыкаў аперацыі на поўначы Сірыі. За месяц пасля яе пачатку праваахоўнікі затрымалі 786 чалавек па падазрэнні ў прапагандзе тэрарызму.

Пратэстоўцы супраць аперацыі Турцыі ў раёне Афрына

Пратэстоўцы супраць аперацыі Турцыі ў раёне Афрына



За месяц з пачатку ваеннай аперацыі супраць курдаў у раёне Афрына на поўначы Сірыі праваахоўныя органы Турцыі затрымалі 786 чалавек па падазрэнні ў прапагандзе тэрарызму. З іх 587 чалавек былі затрыманыя за крытычныя выказванні ў адрас турэцкіх уладаў у сацсетках, астатнія — за ўдзел у пратэстных акцыях. Пра гэта паведаміла ў панядзелак, 19 лютага, міністэрства ўнутраных спраў Турцыі.

Па дадзеных Анаталійскага агенцтва навінаў, перад затрыманнямі паліцыя збірала інфармацыю пра падазраваных у сацыяльных сетках. Было вывучана 1,3 тысячы акаўнтаў, пасля чаго крымінальныя справы распачалі супраць 392 чалавек.

Турцыя пачала наступ на пазіцыі курдскіх ваенізаваных фармаванняў на поўначы Сірыі 20 студзеня. Па словах турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіп Эрдагана, аперацыя "Аліўкавая галіна" дазволіць "пакончыць" c Курдскай рабочай партыяй, якую Анкара лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй, а таксама са звязанымі з ёй "Атрадамі народнай самаабароны" (YPG).

Сярод затрыманых крытыкаў аперацыі ў раёне Афрына — вядомыя турэцкія журналісты і актывісты. У дачыненні да іх вядзецца расследаванне па падазрэнні ў прапагандзе тэрарызму. Расследаванне таксама пачалася ў дачыненні да дэпутата пракурдскай апазіцыйнай Партыі дэмакратыі народаў.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць