У чатырох рэгіёнах Расіі ўвядуць прадуктовыя карткі

Бурны рост коштаў на сацыяльна значныя прадукты ў рэгіёнах, інфляцыя і нясмелыя размовы пра новы эканамічны крызіс, падобны да крызісу 2008 года, прымусілі рэгіянальныя ўлады вярнуцца да ідэі ўвядзення прадуктовых картак для абароны маламаёмасных.



Па гэтых картках можна будзе набыць абмежаваны набор прадуктаў харчавання па фіксаваных цэнах, піша сайт «Руская планета».

Апрабаваць «новую» сістэму картак плануюць у Мардовіі, Саратаўскай, Омскай і Ульянаўскай абласцях. Згодна з праектам прадуктовай карткі, купіць на яе можна будзе толькі тавары расійскай вытворчасці.

На атрыманне картак могуць разлічваць шматдзетныя і няпоўныя сем’і, маці-адзіночкі і інваліды. Калі вопыт іх ўкаранення апынецца паспяховым, карткі плануюць раздаваць маламаёмасным па ўсёй краіне.

Апошні раз прадуктовыя карткі актыўна абмяркоўвалі ў 2008 годзе, калі насельніцтва імкліва бяднела, а кошты на тавары першай неабходнасці (хлеб, малако, алей, грэчку і т.п.) раслі не па днях, а па гадзінах.

Па дадзеных Расстата, у мінулым годзе ў катэгорыю малазабяспечаных грамадзян трапіла 11% насельніцтва Расіі, гэта каля 15.700.000 чалавек. У 2012 годзе колькасць маламаёмасных была меншай — 10,7%, або 14.400.000 чалавек.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць