У доме былога кіраўніка спецслужб ПНР знайшлі пачак з дакументамі агента Валенсы

Чэслаў Кішчак быў міністрам унутраных спраў ПНР і адным з аўтараў пагаднення Круглага стала аб пераходзе Польшчы да дэмакратыі.



Былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса ўсё-такі быў сакрэтным асведамляльнікам спецслужбаў камуністычнай Польшчы. Гэта вынікае з дакументаў, знойдзеных у доме памерлага мінулай восенню генерала Чэслава Кішчака, які ў часы Польскай Народнай Рэспублікі кіраваў спецслужбамі.

Як паведаміў старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі, у доме генерала Кішчака знайшлі пакунак дакументаў з далучаным лістом ад Кішчака, датаваным красавіком 1996 года. У ім генерал паведамляе, што дакументы датычаць сакрэтнага супрацоўніка пад псеўданімам “Болек”, пад якім працаваў Лех Валенса.

Пакунак быў падрыхтаваны для адпраўкі дырэктару Нацыянальнага архіва, але генерал Кішчак так і не даслаў яго.

Дакументы налічваюць 279 старонак і ўтрымліваюць, між іншым, падпісаную Валенсам згоду на супрацу са спецслужбамі ПНР і квітанцыю на атрыманне грашовых сум.

Цяпер адбываецца каталагізацыя знойдзеных дакументаў.

Як вынікае з дакументаў, Валенса быў завербаваны з 1970 да 1976 гадоў. Гэта значыць, за чатыры гады да таго, як ён узначаліў “Салідарнасць”.

Раней тыя самыя абвінавачванні Валенсу ўжо выстаўляліся. Аднак люстрацыйны суд прызнаў, што гэта фальсіфікацыі, а паперы пра супрацоўніцтва былі ў пазнейшы час сфабрыкаваныя спецслужбамі, каб мець магчымасць дыскрэдытаваць апазіцыянера. Новая знаходка, імаверна, прывядзе да паўторнага расследавання.

Паводле: nn.by

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-02-19 16:48:13
"...агента Валtнсы". Прозвішча папраўце, пліз.

Каментаваць