У эфіры — грамадзяне

30 гадоў таму Франсуа Мітэран дазволіў французам ствараць FM-станцыі, якім дзяржава павінна не толькі надаваць частоты для вяшчання, аднак і дапамагаць грашыма. За тры дэкады так званыя грамадскія радыёстанцыі сталі адным з падмуркаў французскай дэмакратыі. З супрацоўнікам адной такой радыёстанцыі Аляксандрам Чукаевым размаўляе журналіст “НЧ Алег Новікаў.

— Адкуль увогуле ўзялося ў Францыі так званае грамадскае радыё?



30 гадоў таму Франсуа Мітэран дазволіў французам ствараць FM-станцыі, якім дзяржава павінна не толькі надаваць частоты для вяшчання, аднак і дапамагаць грашыма. За тры дэкады так званыя грамадскія радыёстанцыі сталі адным з падмуркаў французскай дэмакратыі. З супрацоўнікам адной такой радыёстанцыі Аляксандрам Чукаевым размаўляе журналіст “НЧ Алег Новікаў.

— Адкуль увогуле ўзялося ў Францыі так званае грамадскае радыё?

— Яго вытокі варта шукаць у прэзідэнцкай кампаніі 1981 года. Напярэдадні выбараў сацыялісты зразумелі, што не могуць перамагчы без сваіх СМІ. Але ўплывовых СМІ ў іх не было. Справа ў тым, што на той час прыватных тэлеканалаў або незалежных радыёстанцый у краіне не існавала. Гэтыя медыя былі цалкам дзяржаўным. А паколькі пры ўладзе былі правыя, яны папросту не пускалі ў эфір палітычных канкурэнтаў. У такой сітуацыі стаўку было вырашана зрабіць на пірацкія радыёстанцыі. У другой палове 1970-х яны былі вельмі моднымі, асабліва ў прыгарадах. Вось так самыя вядомыя левыя палітыкі кшталту Ларана Фабіуса або Жака Ланга адправіліся ў падпольныя студыі, каб даваць інтэрв’ю ці рабіць каментары. Гэта выклікала вялікі інтарэс да пірацкіх станцый і сапраўды садзейнічала перамозе Франсуа Мітэрана на выбарах. Пасля прэзідэнт у якасці падзякі легалізаваў медыя-саюзнікаў — падпісаў закон, які дазваляе любой групе грамадзян атрымаць FM-частату для радыёвяшчання пры ўмове выканання шэрагу патрабаванняў.

— Што гэта за патрабаванні?

— Адпаведна закону, на студыі грамадскага радыё забараняюцца ўсе формы наёмнай працы або ганарары. Таксама такія радыёстанцыі не могуць трансляваць рэкламу. Яны таксама абавязаны аплачваць камунальныя выдаткі за студыю. Затое дзяржава дапамагае ім сродкамі на набыццё апаратуры і аплаты арэнды. Праўда, грошы проста так не даюцца. Існуе спецыяльная камісія, якая сочыць за тым, ці сапраўды станцыя карыстаецца цікавасцю ў аўдыторыі. Інакш фінансаванне могуць скараціць. Гэта значыць, што стваральнікам станцыі давядзецца ўкладаць свае сродкі ці ўвогуле спыніць трансляцыі.

— Ці ёсць нейкія этычныя патрабаванні да супрацоўнікаў станцый грамадскага радыё?

— Гэтыя правілы фактычна не адрозніваюцца ад працоўнага кодэкса звычайнай рэдакцыі. Дыджэям забаронена прапаганда ксенафобскіх і антыгуманных ідэяў. У дадатак існуе моцная ўнутраная цэнзура. Ёсць шмат выпадкаў, калі за абразу палітыкаў грамадскае радыё выклікалі ў суд і пасля давалі буйны штраф. Напрыклад, адзін з журналістаў нашай станцыі быў злоўлены на рэпартажы з турмы, дзе, па яго словах, назіральнікі быццам збівалі вязняў. Аказалася, што на той час ніякіх канкрэтных доказаў гэтага аўтары матэрыялу не мелі. Пасля быў суд. Нам давялося шукаць каля 20 000 тысяч еўра для аплаты штрафу.

— Колькі ўсяго ў Францыі грамадскіх радыёстанцый?


— Калі Мітэран падпісваў той закон, якіх толькі радыёстанцый не ўзнікла. Быў нават польскамоўны праект, што прыдумалі дысідэнты з польскай “Салідарнасці, якія эмігравалі пасля ўвядзення ў Польшчы вайсковага становішча. Аднак доўга, на жаль, ён не пратрымаўся. У выніку зараз мы маем каля 300 станцый. Самая папулярная з іх — “Le Monde Libertare, дзе я ў вольны ад працы слесарам час вяду сваю праграму.

— Распавядзіце трошкі пра вашу станцыю.

— Радыё было створана ў 1981 годзе пры Федэрацыі анархістаў Францыі, якая ў сваю чаргу мае статус зарэгістраванай грамадскай арганізацыі. Тое, што мы інфармацыйная структура Федэрацыі анархістаў, дазваляе нам у выпадку фінансавых праблем карыстацца яе падтрымкай. Рашэнню анархістаў заснаваць сваю станцыю папярэднічалі доўгія дэбаты. Праціўнікаў радыё ўдалося пераканаць, толькі калі ім нагадалі, што існуе даўняя традыцыя выкарыстання анархістамі радыё ў якасці сродку прапаганды. Мала каму вядома, што падчас Кранштацкага антыбальшавіцкага паўстання 1921 года матросы спрабавалі наладзіць сваё радыё.

Першыя трансляцыі нашага радыё пачаліся ў студыі памерам 12 квадратных метраў. Рэдакцыя складалася ўсяго з 6 чалавек. Для параўнання, зараз у нас працуюць больш за 100 чалавек. У нас сетка з 60 праграм.

— Як стаць супрацоўнікам грамадскага радыё?

— Паўсюль адзін і той жа прынцып набору валанцёраў. Існуе рэдакцыя, якой трэба прынесці пілот праграмы. Калі яна падабаецца рэдакцыі, праграму ставяць у эфір. І тут перад сябрамі рэдакцыі стаіць вялікая задача: яны павінны быць упэўненыя, што бяруць чалавека, які можа рабіць праграмы адпаведна графіку і да таго ж на бясплатнай аснове. Вельмі часта праграмы і нават цэлыя станцыі зачыняліся з-за няздольнасці супрацоўнікаў працаваць у сістэматычным рэжыме. Ёсць іншыя пагрозы. Так, калі ў Францыю прыйшоў хіп-хоп, праграма “Reveil Hip Hop на “Le Monde Libertare была вядомай усім французскім прыхільнікам гэтага стылю. Яе стваральнікі з часам перайшлі працаваць на прафесійнае радыё, стварыўшы прэцэдэнт. Цяпер праца на грамадскіх радыёстанцыях шмат кім разглядаецца як першы этап кар’еры дыджэя.

— Чаму Сацпартыя або Кампартыя, якія маюць нашмат больш грошай, чым анархісты, не змаглі стварыць сваёй станцыі?

— Такія спробы сапраўды мелі месца, аднак аказаліся правальнымі. Магчыма таму, што сацыялісты і камуністы былі парламенцкімі партыямі, якія вядуць тонкую палітычную гульню. А “Le Monde Libertare — рупар анархістаў і папросту падтрымлівае любы бунт. У час выбуху сацыяльнай актыўнасці радыё ператвараецца ў своеасаблівы інфацэнтр пратэстнага руху. Так было, напрыклад, у 1986-м, калі “Radio libertaire стала рупарам студэнцкіх пратэстаў. Праўда, часам гэта каштуе нам праблем з паліцыяй. Так, улетку 1983 года спецназ уварваўся ў студыю, выбіўшы дзверы. Уся апаратура была зламаная. Паколькі на той момант месца для студыі не было, прыходзілася весці перадачы з арэндаванага грузавіка.

— А ці ёсць правыя грамадскія радыёстанцыі?

— Так. Самым уплывовым лічыцца “Radio Courtoisie. Гэта цікавая станцыя, паколькі яе заснавальнікам быў Жан Ферэ, прыхільнік рэстаўрацыі манархіі, хаця абсалютная большасць французскіх правых — рэспубліканцы.

— Якая будучыня ў грамадскіх радыёстанцый?

— Думаю, што зараз для французскіх грамадскіх радыё пачынаецца новы этап. Галоўны выклік — інтэрнэт. З аднаго боку, ён забірае ў нас аўдыторыю, з іншага — цяпер мы можам вяшчаць па ўсяму свету.

Каментаваць