У Грэцыі пачаўся суд над праварадыкальнай партыяй "Залаты світанак"

Працэс па справе праварадыкальнай грэчаскай партыі неўзабаве пасля пачатку быў адкладзены з-за адсутнасці галоўных абвінавачаных. Слуханні адновяцца ў траўні, паведамляе www.dw.de. Расследаванне дзейнасці партыі пачалося пасля забойства ў верасні 2013 года грэчаскага рэпера-антыфашыста Паўласа Фісаса.



Абвінавачаны ў забойстве рэпера Ёргас Рупакіс


У Грэцыі прайшло першае судовае паседжанне па справе праварадыкальнай партыі "Залаты світанак" ("Хрысі Авгі"). З-за адсутнасці галоўных абвінавачаных слуханні былі перанесены на 7 траўня 2015 года. Пра гэта ў панядзелак, 20 красавіка, паведамляе агенцтва AFP.

Усяго па справе праходзяць 69 чалавек, у тым ліку лідар партыі Нікалаас Міхалоліакас, які на першае паседжанне не з'явіўся. Грэчаскія праварадыкалы абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі, нападах на людзей, забойствах і незаконным абароце зброі. Працэс можа зацягнуцца на некалькі месяцаў, а падсудным пагражае да 20 гадоў турмы.

Разгляд справы пачаўся пры павышаных мерах бяспекі ў турме Карыдалас, размешчанай у прыгарадзе Афін. З-за асцярог вулічных акцый прыхільнікаў партыі было прынята рашэнне закрыць усе школы ў акрузе. Аднак, як паведамляе агенцтва AFP, на лаве падсудных у першы дзень прысутнічалі толькі 40 абвінавачаных, астатніх прадстаўлялі адвакаты. Праз дзве гадзіны пасля пачатку паседжання суддзя прыняў рашэнне перанесці слуханні на 7 траўня.

Чальцы "Залатога світанку", якая на апошніх парламенцкіх выбарах набрала 6,3 адсоткі галасоў, падазраюцца ў датычнасці да шматлікіх нападаў на мігрантаў і палітычных праціўнікаў.

Самі лідары "Залатога світанку" ўспрымаюць суд як расправу ўрада над палітычнымі канкурэнтамі. На іх думку, улады проста спалохаліся папулярнасці правых, якая расце, і вырашылі ад іх пазбавіцца, адзначае lenta.ru.

 
 
Аблавы на сяброў і прыхільнікаў партыі «Залаты світанак» пачаліся ў канцы верасня 2013 года. Фармальнай падставай для гэтага стала забойства 34-гадовага рэп-музыкі з антыфашысцкіх колаў Павласа Фісаса (Pavlos Fyssas), які выступаў пад псеўданімам Killah P. Ён загінуў у бойцы, якая здарылася ў ноч на 18 верасня. Фісас з сябрамі глядзелі футбольны матч у кафэ ў прыгарадзе Афін — раёне Кераціні. Там яны сустрэлі групу прыхільнікаў "Залатога світанку", і паміж імі паўстаў нейкі канфлікт. Як паведамляюць СМІ, неанацысты не сталі ладзіць бойку адразу, а паклікалі падмацаванне. У выніку, калі Фісас і яго сябры выйшлі на вуліцу, іх ужо чакалі некалькі дзясяткаў чалавек.
 
 
Бойку, якая прывяла да смерці Фісаса, назірала вялікая колькасць сведак. Спярша яны ахвотна давалі паказанні паліцыі, аднак калі пракуратура пачала расследаваць забойства, то адзін за адным пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Пракуроры сцвярджаюць, што сведкі баяцца апынуцца на месцы загінулага рэпера. Па некаторых дадзеных, паліцыянты, якія прыехалі на месца здарэння, не спяшаліся ўмешвацца: ці то яны спалохаліся натоўпу неанацыстаў, ці то самі былі іх прыхільнікамі.

Нагадаем, «Хрысі Авгі», члены якой выказваюць сваё захапленне Адольфам Гітлерам, выкарыстоўваюць у якасці эмблемы стылізаваную свастыку і вітаюць адзін аднаго нацысцкім салютам, набралі на фоне незадаволенасці насельніцтва мерамі жорсткай эканоміі 6,3% галасоў на ўсеагульных выбарах і правялі 18 дэпутатаў у парламент краіны.

З тых часоў былі арыштаваныя шэраг актывістаў і прыхільнікаў партыі, у тым ліку і яе лідэр Нікалаас Міхалоліакас. Аднак у канцы сакавіка 2015 г. ён быў выпушчаны на свабоду, бо тэрмін папярэдняга зняволення паводле грэчаскага заканадаўства не можа перавышаць 18 месяцаў.

Каментаваць